Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі будаўнічай гісторыі полацкай Сафіі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага (Эфір 17 сакавіка 2005 году). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае архітэктар Вадзім Гліньнік.

(Вячаслаў Ракіцкі:) “Найвялікшы помнік архітэктуры Беларусі і адна з найвялікшых сьвятыняў беларусаў, урэшце, адзін з сымбаляў нацыі – полацкі Сафійскі сабор мае амаль тысячагадовую гісторыю. Адноўлены ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, ён уражвае сваёй веліччу і прыгажосьцю архітэктурных формаў. Храм, якога гісторыя не пашкадавала, некалькі разоў перабудоўваўся. І, напэўна, сёньняшні яго выгляд не адпавядае першапачатковаму. А адпавядае найбольш свайму выгляду якога стагодзьдзя?”

(Вадзім Гліньнік:) “Вядомая сёньня Сафія збудавана ў сярэдзіне 18 стагодзьдзя на месцы ўзарванага старажытнага сабору. Пры будаўніцтве новага сабору ў яго “цела” былі тактоўна ўлучаны ўсе ацалелыя пасьля выбуху фрагмэнты. Сучасны выгляд Сафія набыла пасьля некалькіх грунтоўных рамонтаў і рэстаўрацыяў 19-га і 20-га стагодзьдзяў.”

(Ракіцкі:) “Вельмі цікава было б усё ж скласьці ўяўленьне, як выглядала Сафія да таго, як яе падарваў Пётр Першы?”

(Гліньнік:) “Вось тут і хаваецца асноўная загадка будаўнічай гісторыі. Зь гістарыяграфіі беларускай архітэктуры дасюль вядома хіба тое, што ў 1620 годзе старажытная царква адбудавана полацкім уніяцкім архіэпіскапам Ясафатам Кунцэвічам. Сучасныя ўяўленьні пра тагачаснае – рэнэсансавае – аблічча Сафіі абапіраюцца хіба на сьціплыя зьвесткі зь літаратурных твораў 18-га стагодзьдзя, аўтары якіх на свае вочы сабор Кунцэвіча не бачылі.“

(Ракіцкі:) “А чым выклікана гэткая недасьледаванасьць будаўнічай гісторыі самай вядомай беларускай царквы?”

(Гліньнік:) “Нявывучанасьць рэнэсансавай перабудовы старажытнейшай беларускай сьвятыні тлумачыцца проста – задавальняючы нянавісьць Пятра І да беларускіх уніятаў расейскія вайскоўцы ў 1710 годзе падарвалі царкву. Пазьней на рэштках разбуранай дазваньня сьвятыні Кунцэвіча полацкія уніяты пабудавалі новы сабор, які збольшага ацалеў да нашага часу, але ў структуры якога матар’яльных сьлядоў 17 стагодзьдзя захавалася меней як фрагмэнтаў першапачатковага сабора 11 стагодзьдзя.

(Ракіцкі:) “Але ж захаваліся графічныя і пісьмовыя дакумэнты...”

(Гліньнік:) “Вядомыя сёньня графічныя і пісьмовыя крыніцы не зьмяшчаюць досыць зьвестак, патрэбных дзеля вывучэньня рэнэсансавай формы Сафійскага сабора традыцыйнымі для гісторыі архітэктуры мэтадамі. Архіў базыльянскага кляштара, у якім захоўваліся матар’ялы з будаўнічай гісторыі катэдральнай царквы, быў зьнішчаны яшчэ ў часе Паўночнай вайны. Таму ня дзіва, што надзвычай цікавы і важны дзеля разуменьня працэсаў разьвіцьця беларускай архітэктуры Новага часу пэрыяд будаўніцтва полацкага Сафійскага сабора дасюль застаецца не дасьледаваным.”

(Ракіцкі:) “Каб рэканструяваць праграму і зьмест рэнэсансавай перабудовы Сафійскага сабора, удакладніць яе датаваньне і вызначыць кола мажлівых аўтараў, вамі зроблены комплексны аналіз дадзеных найноўшых археалягічных дасьледаваньняў, выяўленых бібліяграфічных зьвестак і графічных выяваў. Якія вынікі Вашай працы?”

(Гліньнік:) “Сафійскі сабор быў моцна пашкоджаны ў часе Інфляндзкай вайны і ў зруйнаваным стане існаваў амаль сорак год. Тое, што галоўная хрысьціянская сьвятыня полацкага ваяводзтва доўга стаяла не адноўленая, не павінна зьдзіўляць, бо праз вайну Полацак і ваколіцы эканамічна гэтак заняпалі і вылюднелі, што не было каму нават адбудоўваць гарадзкія ўмацаваньні і на гэтыя стратэгічна важныя працы даводзілася браць сялян з-пад Магілёву.”

(Ракіцкі:) “Пасьля Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году полацкая архіэпархія сталася ўніяцкай. У якой ступені гэта паўплывала на лёс сабора?”

(Гліньнік:) “У 1618 годзе Кунцэвіч прызначаецца полацкім архіэпіскапам. Малады і апантаны ідэяй царкоўнай уніі ўладыка задумвае ператварыць разбураную Сафію ў галоўную сьвятыню полацкай уніяцкай архіэпіскапіі. Пазьней сам Кунцэвіч сьведчыў, што «знашол есми церковь стольскую светлые Софеи, стоячую въ замку государском Полоцком, барзо опалую и знищеную». Будаўніцтва трывала два гады і было скончана ў 1620 годзе. Сучасьнікі ўспрымалі аднаўленьне полацкага сабора не як рамонт або перабудову, а як адбудову ўшчэнт разбуранай сьвятыні. У 1625 годзе Лявон Крэўза пісаў, што Кунцэвіч “царкву будаваў..., якую бачыце” і што архіэпіскапам былі “гэтыя самыя сьцены амаль ад падмурку адноўленыя”.

(Ракіцкі:) “У выніку адбудовы архітэктурнае аблічча Сафіі было зьменена ў радыкальны спосаб. Як паводле Вашых дасьледаваньняў выглядаў Сафійскі сабор Кунцэвіча?”

(Гліньнік:) “Абапіраючыся на наяўныя археалягічныя і бібліяграфічныя зьвесткі, а таксама на графічныя выявы з канца XVII-пачатку XVIІI стагодзьдзя,. можна рэканструяваць плян і аб’ёмную кампазыцыю сабора. Самае важнае – менавіта Кунцэвічам архітэктурная кампазыцыя полацкага сабора была пераарыентаваная на 90º. З поўначы да асноўнага аб’ёму быў прыбудаваны новы алтар, з захаду – капліца, з поўдня – бабінец. У выніку сабор у пляне стаўся падобным да рэнэсансавых цэнтрычных італьянскіх касьцёлаў, закладзеных на пляне грэцкага крыжа.”

“Для будаўніцтва новых частак сабора выкарыстоўвалася старая плінфа, якую атрымалі ад разабраных частак сабора, найперш – вежаў. Гэтая акалічнасьць доўга ўводзіла ў зман дасьледчыкаў Сафіі, якія назіраючы плінфу ХІ стагодзьдзя ў сьценах прыбудоў, уважалі пазьнейшыя часткі сабора за першапачатковыя. Канчаткова давесьці пазьнейшае паходжаньне прыбудоў са старой плінфы сталася мажлівым адносна нядаўна ў выніку археалягічных раскопак 1970-х гадоў.

(Ракіцкі:) “Я чытаў, што ў часе рамонту полацкага сабора Кунцэвіч разабраў пяць купалаў”.

(Гліньнік:) “Так, сучасьнікі адбудовы пісалі, што гэта было зроблена, бо купалы распадаліся ад старасьці. Неўзабаве быў выстаўлены новы цэнтральны купал, але адбудову астатніх чатырох вежачак адклалі на пэўны час з-за недахопу фундушаў. Графічныя выявы даводзяць, што нарожныя вежачкі пазьней былі дабудаваны.”

(Ракіцкі:) “Мы ўвесь час з вамі гаворым пра вонкавы выгляд Сафіі. Але і ўнутраная аздоба, відаць, таксама была ўнікальнай. Што можна сказаць пра алтар?”

(Гліньнік:) “Адносна галоўнага алтара вядома, што ў 1654 годзе падчас чарговай акупацыі Полацка маскоўскія вайскоўцы ўбачылі ў саборы “местночтимые образы Деисусы и царские двери греческого письма на золоте”. У правай капліцы (на месцы алтарнай часткі сабора ХІ стагодзьдзя) знаходзіўся алтар, прысьвечаны Сьвятому Ануфрыю. Яго расейскі камэндант Озераў загадаў спаліць незадоўга да таго, як сьвятыня была зруйнаваная ў 1710 годзе. У 1623 годзе, пасьля трагічнай сьмерці, полацкага архіепіскапа пахавалі ў саборы, а пасьля таго, як яго ў 1643 годзе далучылі да пакутнікаў каталіцкай Царквы, левую капліцу высьвяцілі ў імя Блаславёнага Язафата. З мастацкіх рэчаў першай паловы XVII стагодзьдзя. пазьнейшыя вопісы ўзгадваюць яшчэ габэлены, завешчаныя сабору Антоніем Сялявам, які быў полацкім архіепіскапам у 1640-45 гадох.”

(Ракіцкі:) “Сафія – найстаражытнейшая праваслаўная сьвятыня Полацкай архіэпархіі, а ў структуры ўніяцкай царквы Полацкая эпархія адзіная мела статус архіэпіскапіі. Вядома, што да адбудовы Сафійскага сабора ўніяты не муравалі новых цэркваў, а выкарыстоўвалі ўжо існыя сьвятыні. Па-сутнасьці, перабудова полацкай сьвятыні сталася храналягічна першай будоўляй маладой уніяцкай Царквы. Ці значыць гэта, што ідэйнай праграме аднаўленьня полацкай сьвятыні надавалася асабліва важнае значэньне?”

(Гліньнік:) “Рэканструкцыя рэнэсансавага аблічча Сафійскага сабора дазваляе сьцьвярджаць, што ў аснову полацкай будовы пакладзены архітэктурны вобраз галоўнага каталіцкага сабора Сьвятога Пятра ў Рыме ў варыянце, які яму надаў Мікелянджэла. Гэта значыць, што архітэктура адноўленай Сафіі ўвасабляла ўніяцкую ідэю “адзінства з Царквой Рымскай”. Пры такім рашэньні архітэктуры сабора ўнутраны зьмест царквы заставаўся традыцыйна праваслаўным, а зьнешні выгляд – падобным на галоўны сабор каталіцкага сьвету”.

“Цікава, што генэтычная повязь полацкай архікатэдральнай царквы і галоўнай каталіцкай сьвятыні Рыму захоўвалася нават пасьля разбурэньня сабора Кунцэвіча. Ужо пасьля пабудовы на яго месцы позьнебарокавай дзьвюхвежавай базылікі Папа Рымскі выдаў булу, паводле якой наведваньне 7 алтароў полацкай Сафіі прыраўноўвалася да пілігрымкі ў Рым.”

(Ракіцкі:) “Рэканструкцыя ідэйнай праграмы перабудовы дазваляе паставіць пытаньне яе аўтарства. Усе інфармацыйныя крыніцы сьведчаць, што кіраваў перабудовай Сафійскага сабора полацкі архіепіскап Ясафат Кунцэвіч. Але хто мог быць аўтарам архітэктурнага праекта?”

(Гліньнік:) “Несумненна, што полацкі архіепіскап – аўтар багаслоўскіх палемічных тэкстаў – мог самастойна скласьці ідэйную праграму такой будоўлі. Але Кунцэвіч ня быў адукаваным у архітэктуры, больш таго, ён ніколі ня быў у Рыме і ня бачыў сабор Сьвятога Пятра. Гэта значыць, што ў складаньні ідэйнай праграмы галоўнай будоўлі ўніяцкай царквы мусілі браць удзел яшчэ нехта. Зважаючы на даўнія сяброўскія адносіны Кунцэвіча і грэка-каталіцкага мітрапаліта, лягічна дапусьціць удзел Руцкага ў абмеркаваньні ідэйна-мастацкай канцэпцыі праграмнага царкоўна-ўніяцкага будаўніцтва. Руцкі вучыўся ў Рыме, быў на набажэнствах у Мікелянджэлавым саборы Сьвятога Пятра. Але наўрад ці заняты структурнай перабудовай Царквы мітрапаліт быў абазнаны ў навінах найноўшай рымскай архітэктуры. Абодвум ідэолягам Уніі быў патрэбны дарадца – дасьведчаны ў архітэктурных справах і тэалягічны аднадумца.”

(Ракіцкі:) “Дык ці былі ў Вялікім Княстве Літоўскім такія людзі, спэцыялісты?”

(Гліньнік:) “У тагачасным ВКЛ была толькі адна кампэтэнтная асоба, якая магла стаць датычнай да праграмнага ўніяцкага будаўніцтва. Гэта – духоўны патрон Руцкага езуіт Павел Богша (1552-1627) са Слуцку, без удзелу якога не абыходзілася аніводная езуіцкая будоўля ў дзяржаве. Богша ня быў архітэктарам, хаця быў вельмі дасьведчаным у будаўнічых справах і меў вялікі ўплыў на ўсе мастацкія пачынаньні езуітаў. Мяркую, што гэтых трох чалавек і можна лічыць за аўтараў ідэйнай канцэпцыі аднаўленьня полацкай Сафіі як сымбалю ўніі з Рымскай царквой.”

(Ракіцкі:) “Аднак, хто быў архітэктарам рэнэсансавай перабудовы полацкага Сафійскага сабора пакуль дакладна невядома?”

(Гліньнік:) “Ускосныя дадзеныя сьведчаць, што архітэктарам і будаўнічым мог быць Андрэас Кромэр, які пазьней будаваў бэрнардынскі касьцёл у Будславе і бэнэдыктанскі ў Менску. Вядома, што ў Будслаў Кромэр прыехаў з Полацку. Гэтым, дарэчы, можна вытлумачыць і досыць дзіўнае веравызнаньне Кромэра – «майстра муляр нацыі нямецкай веры русінскай». Кромэр ня мог быць праваслаўным, бо пасьля Полацку працаваў выключна на рымска-каталіцкіх будоўлях. Верагодна, Кромэр быў уніятам і, можа так стацца, прыняў хрост у Полацку пад уплывам архіепіскапа Кунцэвіча, якога за місіянерскую дзейнасьць, дасканалае красамоўства і майстэрства перакананьня празвалі «душахватам».
XS
SM
MD
LG