Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубоўцы


Віталь Сямашка, Валожынскі раён (эфір 21 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У часе майго прыезду ў Дубоўцах, што на Валожыншчыне, жвава абмяркоўваліся тры навіны. Дрэнная – з раніцы па радыё абвясьцілі пра пачатак агульнарэспубліканскай эпідэміі грыпу. Зрэшты, у мястэчку ўжо дагэтуль не кашляў хіба пяцімесячны дабэрман Чынгіз, якога днямі набыла фэрмэрская сям’я Нехвідовічаў. З апошнімі была зьвязаная навіна, да якой тутэйшыя ставіліся нэўтральна — да маючага адбыцца прыезду здымачнай групы прэзыдэнцкае тэлевізіі. І, нарэшце, трэцяя, прыемная — юбілей тутэйшай даўгавечніцы.

(Казакевіч: ) “Кулічыха — Кулік Сьвятлана Антонаўна — 90 гадоў, дзеці прыедуць, будуць адзначаць. Нічога, бабка, казу трымае, з палачкай чыкільгікае, курэй дзесяць ці пятнаццаць. Пад гару толькі цяжка ісьці. У мяне ціск 180, а ў яе, як у маладой”.

Павіншаваць цётку Кулічыху ў той дзень не пашанцавала, шлях пад гару, дзе яна жыве, быў у сумётах. Дзякуй, казала Галіна Казакевіч (гэта ейны голас вы чулі), што асноўную вуліцу пачысьцілі. І ўпершыню за два апошнія тыдні да мястэчка, што за два кілямэтры ад трасы Менск—Валожын дабралася аўталаўка — таксама маленькае сьвята ў самотнай жанчыны.

(Казакевіч: ) “Сёньня, сынок, купіла сьмятаны, малака, маянэзу, тры булкі хлеба, два батоны, цукру. А падаткі прыйдуць, сынок, з Валожына, падаткі на соткі, конь — вось і пэнсія. 25 гадоў уручную даіла, гной чысьціла — бог яго ведае, чаму яна малая”.

Паводле перапісу дзесяцігадовай даўніны, у Дубоўцах было больш за паўсотні жыхароў. Цяпер сем хатаў пустыя, у васьмі астатніх курэй нават ня надта трымаюць — шашок завёўся, грызе. Дый што там куры…

(Більдзюк: ) “Сем удоваў, тры мужчыны на ўсю вёску. А на сенаваньне семдзесят чалавек выходзіла, пяцьдзясят касцоў на касьбу. Скаціны сорак галоваў пасьвілася. Дубы вялікія тут былі — за іх назвалі Дубоўцамі. Я памятаю гэта… З нашай вёскі адна я засталася, астатнія ўсе “прыхажанкі”. Каб пагаварыць пра даўніну, пра вайну — няма з кім”.

78-гадовая Марыя Аляксандраўна Більдзюк якраз і ўдарылася ва ўспаміны — у госьці завітала суседка Людміла Сівіцкая. Абедзьве да пэнсіі працавалі даяркамі ў “Красным знамени” —– мэгагаспадарцы даўжынёй аж на 40 кілямэтраў, што з чатырох калгасаў аб’яднаў ды ўзначальваў перад сыходам у сьпікэры парлямэнту небезьвядомы Сямён Шарэцкі. Яго тут дагэтуль згадваюць добрым словам. І шкадуюць: маўляў, ня тым шляхам пайшоў, кажа цётка Марыя.

(Більдзюк: ) “Быў Шарэцкі — такі ж людзкі старшыня! Лазьню зрабіў нам…”

(Карэспандэнт: ) “Але ж яго Лукашэнка пагнаў…”

(Більдзюк: ) “Ён сам дурны! Стары чалавек, хай бы сядзеў. Чаму Кебіч разумны — сядзіць, вочы вылупіўшы, і цяпер. Кажуць, на троечкі вучыўся, а ў міністры выйшаў. А Шарэцкі такі разумны, пайшоў бы на пэнсію, жыў бы, як чалавек. Дык ён хацеў сам ня ведае чаго”.

(Карэспандэнт: ) “А да Лукашэнкі як вы ставіцеся?”

(Більдзюк: ) “Як паслухаеш, што гаворыць, дык праўда. А моладзь абураецца, гараджане. Цяпер моладзь гаруе не гэтак, як мы: ёсьць што купіць, але ж грошай няма”.

На месцы хаты спадарыні Більдзюк — невялікія дубоўскія Курапаты: у час другой усясьветнай немцы расстралялі тут маці з чатырма дзяўчаткамі ад сямі да дванаццаці гадоў. Тым ня менш, праўда пра вайну ў маёй суразмоўцы зусім ня чорна-белая, заслугоўвае быць пачутай. Ёй было пятнаццаць, калі ў царкве суседняй вёскі Доры жыўцом спалілі 120 чалавек. Здаецца, усе і цяпер перад яе вачыма.

(Більдзюк: ) “Дождж лье, перуны б’юць, усё гарэла. Людзей загналі ў кучы. На левы бок — паліць, на правы — на працу. І я стаяла на левым баку. А немец невялічкі падышоў да мяне, паставіў на правы і захінуў мужчынамі. Жылі ў пакоях панскіх пасьля пажару — адзінаццаць сем’яў. Прыйшлі партызаны і спалілі з-за таго, што немцы засадку рабілі ў гэтым доме. Рабавалі, кароваў бралі партызаны. Працавалі, бедныя, як чорныя валы. Саветы вызвалілі нас — ад сала, ад мяса. Дваццаць гадоў на фэрме ішачылі — дух займае, ісьці не магу, на скразьняках усё было. А палучка! 300 літраў надоіш — тры рублі. Ад калгасу атрымала 70 рублёў пэнсіі”.

Нашу гаману ўвесь час, навастрыўшы вушы, слухаў касматы сабака Буцік — адзіная жывёліна, што ўтрымлівае суседка Сівіцкая пасьля сьмерці сына, хворага на гемафілію. Сама ж выжывае дзякуючы фэрмэру Нехвядовічу, кажа спадарыня Людміла.

(Сівіцкая: ) “У Дубоўцах ён самая ўлада. Да яго ўсе, старыя і малыя, ідуць на працу. І ён усіх прымае. Я ў яго бульбу перабіраю ці моркву цераблю. Ніколі не бяру грошай — то заарэ, то мёду вазьму. Ён адразу пытаецца: вы на адбытак ці на заробак? Не, Іванавіч, мы на адбытак. Нам трэба транспарт. Летась паехаў па абрэзкі — я нават ня езьдзіла — скінуў ды ўсё”.

Дапамагае памянёны Іванавіч і з вадой, бо яе бывае не дастаць — вёска месьціцца на Менскім узвышшы. Ужо ідучы да сядзібы Нехвядовіча, сустрэў ля калодзежа Андрэя Ротара — ён таксама падпрацоўвае ў арандатара, як тут называюць фэрмэраў. Зазірнуў — дна ня ўбачыў.

(Карэспандэнт: ) “У вас калодзеж колькі мэтраў глыбіні?”

(Ротар: ) “Мэтраў трыццаць, а ў вёсцы да сарака. І тое зімой вады не хапае”.

(Карэспандэнт: ) “Раней камуністы казалі: калі да каго ідзеш працаваць…”

(Ротар: ) “Лічыцца, як у парабкі? Нічога падобнага! Лепш, чым у калгасе, калі хочаце. Ты ведаеш сваю працу, цябе ня кідаюць абы-куды. Прыйшоў — і зарабляй грошы. Трэба падпрацаваць лішнюю гадзінку — і заплацяць, і падкормяць”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньняшнія Дубоўцы на фэрмэрстве трымаюцца?”

(Ротар: ) “А так яно і ёсьць!”

* * *

Сямён Шарэцкі, калі быў старшынём, спрыяў разьвіцьцю фэрмэрскага руху — пры ім узьнікла дваццаць восем прыватных гаспадарак. Засталіся тры. Самая моцная — тут, у Дубоўцах, Нехьвядовічава. Хоць пры ад’езьдзе ў Менск Шарэцкі спакушаў Нехвядовіча, як свайго намесьніка ды сакратара парткаму, сваёй пасадай. Той адмовіўся. Праз два гады купіў толькі ў былога сьпікера сядзібу, пабудаваную для сваякоў, — але ўжо калі яны ад’яжджалі ў Злучаныя Штаты. Пасьля, як ён сам кажа, праглынуў землі трох суседзяў-фэрмэраў, што збанкрутавалі. Мае сёньня 145 гектараў зямлі. Ягоная гаспадарка ў 2002-м афіцыйна прызнаная найлепшай у Менскай вобласьці.

(Нехвядовіч: ) “Мне прапаноўвалі ўзяць калгас — я адмовіўся. Бо калі я бяру адказнасьць на сябе, мной не павінны камандаваць. Я мушу вырашчваць тое, што прыносіць прыбытак. А ніхто не дазволіць памяняць мне вытворчы кірунак. Мне прапаноўвалі сеяць лён — добрая культура! Але калі прыйшлося заключаць дамову, мне не гарантавалі тэхніку, што мне не хапае. Таму я і не займаўся. Я зрабіў стаўку на мясное быдла, бо менш залежнасьці ад наёмных рабочых ды ад адносінаў з малаказаводам, бо эканамічна нявыгадна малако здаваць. А мясное быдла — цэны нашмат вышэйшыя”.

У спадара Нехвядовіча два дзясяткі кароваў адмысловай францускай пароды — “лімузіны”. Набыў на адной з жывёлагадоўчых выставаў, якія рэгулярна наведвае.

(Нехвядовіч: ) “Бычкам гэтым год — пад 400 кіляграмаў. Прывес 1 кіляграм 200 грамаў на суткі. Карова гэтая — дзесьці 800 кіляграмаў. Паглядзіце — каля мэтра ўшыркі сьпіна. Адсоткавы выхад мяса ад жывой вагі да 66%. Гэта дзесьці 450 кіляграмаў. А звычайны скот — 50% ды меней”.

“Праглынуў” гаспадар, кажучы ягонымі словамі, і дзевяць былых калгасьнікаў. Сустракаем на двары аднаго зь іх — трактарыста Ваню Сабалеўскага, які на сталай працы ў фэрмэра сем гадоў.

(Сабалеўскі: ) “Застануся, пакуль ня згоняць. У калгасе старшыня Міхаленка — абы-што, можа збэсьціць, за грудзі ўзяць, мацюком паслаць — бяз розьніцы, ці стары чалавек. У мяне рулявая цяга адлецела, ён мяне выгнаў. А я больш і не пайшоў. Так у Нехвядовіча застаўся”.

З марозу п’ем гарбату. За сталом завіхаецца жонка Нехвядовіча Тамара, якая адначасова згадвае:

(Тамара: ) “Узялі спачатку 10 гектараў, тэхнікі не было ніякай. Я была супраць. Мне здавалася, гэта жахліва. У 1993-м, калі ўзяў зямлю, я ў школе завучам была. За паўтары стаўкі мела 56 тысяч. А трактар ён узяў за колькі мільёнаў. Заходзіш у краму са школы: “Тамара Аляксандраўна, нашто вам, у вас такая добрая хата!”

(Карэспандэнт: ) “Ну, а як вы можаце цяпер адказаць — нашто?”

(Нехвядовіч: ) “Ёсьць фэрмэры сапраўдныя, а ёсьць, у якіх асноўнае другасныя прыбыткі: лес піляць, рэйкі рэжуць, гандлююць. Таму і адносіны людзей, чыноўнікаў розныя. Я асабіста ціску чыноўнікаў не адчуваю”.

(Карэспандэнт: ) “Вы хочаце сказаць, што вы ў роўных умовах з калгасам?”

(Нехвядовіч: ) “Не, няроўнасьць у тым, што, каб фэрмэр ня меў прыбытку, ён бы не існаваў. Датацыяў не дае ніхто. Калгасы працуюць стратна, але існуюць. Гэта супраць законаў эканомікі! Я трактар у лізінг купляў больш як паўгоду і 50% адразу зь мяне патрабавалі — гэта 9 мільёнаў. А калгасам давалі ў лізінг, калі мільён заплацяць”.

У пакой заскоквае разьвітацца сын Іван — дарэчы, самы малады дубаўчанін. Скончыў аграакадэмію, вучыцца яшчэ ў адной — прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня.

(Карэспандэнт: ) “Кар’еры начальніцкую ня хочаш?”

(Іван: ) “Жаданьне, канечне, сваю справу весьці. У мяне аўтасэрвіс — тут, на дарозе, і ў Маладэчне, з дваццаці гадоў ужо займаюся. Працягваю сямейную імпэрыю”.

Зьяўленьне сына — падстава загаварыць пра самае надзённае. З-за чаго, між іншым, так і не прыехала да нашых герояў прэзыдэнцкая тэлевізія — тэма, як кажуць, для БТ “непрахадная”.

(Нехвядовіч: ) “Зямля ня будзе перадавацца ў спадчыну… Ніхто не захоча ўкладваць грошы, бо арэнду можна заўжды адмяніць. Я пасаджу сад, зямлю забралі — сад нікому не прадасі. Пабудаваў фэрму на арандаванай зямлі — дамову скасавалі, што рабіць з фэрмай?!. Усё будзе залежаць ад чыноўнікаў. Усе будуць працаваць: сёньня зарабіў і ўсё”.

Пры гэтым на палітыкаў ускладаць надзеі пакуль не выпадае, лічыць Тамара.

(Тамара: ) “Недахоп інфармацыі… Сябры зь Менску прыехалі напярэдадні рэфэрэндуму і кажуць: а каго мы ведаем? Лукашэнку, за яго і будзем галасаваць. Я таксама пра апазыцыю бачу толькі тое, што паказваюць расейскія каналы альбо беларускія. Яе не відаць на сяле”.

Гаспадыня выходзіць на парог праводзіць мяне ў Менск.

(Тамара: ) “Падымаемся рана, і той, хто першы, спускаецца паставіць гарбатнік. І ўвесну ці летам — заўсёды іду піць каву на вуліцу. Бачу тое, што зроблена, і гэта радуе вока. Сад, вульлі з пчоламі. Кветнікі — невялікі разарый, што буду пашыраць, дзьве альпійскія горкі, плянуем гэтым летам невялікі вадаём. Гэта дае такі зарад бадзёрасьці на ўвесь дзень, што хочацца, каб прыгожа было ня толькі каля дома, а і на ўсёй зямлі. Ужо, здаецца, адмовіцца ад гэтага немагчыма. Застаецца толькі памнажаць. Шлях абраны недарэмна. І ня толькі мы, але і дзеці ў гэтым упэўнены”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG