Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску затрыманыя два яе ўдзельнікі


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску на Кастрычніцкай плошчы дзявяты дзень запар праходзіць акцыя пад назваю “Уратаваць Міхаіла Марыніча! Свабоду палітычным вязьням!” Яе ўдзельнікі дамагаюцца вызваленьня ўсіх беларускіх палітычных вязьняў. Многія менчукі падтрымліваюць іх патрабаваньні. Пасьля заканчэньня акцыі міліцыянты затрымалі каардынатараў грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя–97” Зьмітра Бандарэнку й моладзевага руху “Зубр” Мікіту Сасіма. Іх абвінавачваюць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Сёньня суд прысудзіў Мікіце Сасіму 10 сутак арышту.

22 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менску сабралася 35 актывістаў руху “Зубр”, грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя–97”, партыі БНФ, арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Яны расьцягнуліся ланцугом уздоўж плошчы, і стаялі трымаючы ў руках партрэты Міхаіла Марыніча, а таксама зьняволеных лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева й Анатоля Шумчанкі.

Каардынатар руху “Зубр” Мікіта Сасім лічыць такія акцыі даволі плённымі, бо яны даносяць да людзей інфармацыю пра палітвязьняў:

(Сасім: ) “Я думаю, інфармацыя да людзей даходзіць. Таму, што тут такое месца ў цэнтры гораду й час, калі тут праходзіць шмат людзей. Яну ўсё бачаць і вельмі многія падыходзяць і задаюць пытаньні. Ім звычайна тлумачаць. Таму, я думаю, людзі выдатна разумеюць, што гэта такое. Многія нават падтрымліваюць, я бы сказаў усе выказваюць сваю падтрымку”.

А вось, як рэагавалі на правядзеньне гэтай акцыі людзі, якія праходзілі побач з ланцугом людзей з партрэтамі:

(Спадарыня: ) “Менавіта да гэтай акцыі я стаўлюся станоўча, але лічу, што тут вельмі мала людзей. Вельмі мала, я чакала, што будзе больш”.

(Хлопец: ) “Вельмі добрая акцыя. Нядобра асуджаць людзей па палітычных матывах”.

(Спадар: ) “Вельмі станоўча. Кожны чалавек павінен мець свабоду”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што кожны чалавек мае волю да дзеяньняў. Мне здаецца і я, і кожны чалавек мусіць мець волю каб нешта зьмяніць у нашай краіне”.

(Спадарыня: ) “Зычу ім адвагі, упартасьці й удачы. Сама я на такое ня наважуся ніколі, бо ў мяне сын”.

(Дзяўчына: ) “Калі гэта некага цікавіць, калі гэта камусьці патрэбна й закранаюцца чыйсьці інтарэсы, то калі ласка. У розных краінах праходзяць пратэсты, мітынгі, акцыі. Калі ў нас народ ня можа нейкім іншым чынам зьвярнуць увагу, то можна выказваць гэта ў такой форме”.

(Спадар: ) “Станоўча стаўлюся, бо кожнае пытаньне павінна быць разгледжанае з розных бакоў. І гэта адзін з бакоў”.

(Спадарыня: ) “Падтрымліваю. Няхай караюць злачынцаў, якія забіваюць людзей, якія нясуць зло, а не такіх людзей. А, што палітыка, у палітыцы ніхто ня можа разабрацца”.

Пасьля яе заканчэньня міліцыянты затрымалі каардынатараў “Хартыі–97” Зьмітра Бандарэнку і руху “Зубр” Мікіту Сасіма. Іх адвезьлі ва ўправу міліцыі Цэнтральнага раёну.

Як паведаміў беларускай Свабодзе каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя–97” Зьміцер Бандарэнка, у міліцэйскім пастарунку на яго быў складзены пратакол па артыкулах 156 і 166 Адміністратыўнага кодэксу Беларусі – “непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі” і “хуліганства”. Такія ж абвінавачваньні высунутыя й супраць актывітса руху “Зубр” Мікіты Сасіма. Зьміцер Бандарэнка сказаў, што гэтую ноч хутчэй за ўсё яны правядуць у пастарунку, альбо ў сьпецпрымальніку, а заўтра іх даставяць у суд.

***

Сёньня, 23 сакавіка, адбыўся суд над Нікітам Сасімам. Два амонаўцы, якія затрымлівалі Сасіма, выступілі і ў якасьці сьведак. Яны заявілі, што Мікіта Сасім і Зьміцер Бандарэнка брудна лаяліся і не рэагавалі на папярэджаньні прадстаўнікоў міліцыі. Судзьдзя прысудзіў Мікіту Сасіму 10 сутак арышту.
XS
SM
MD
LG