Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарцы выходзілі з суду з воклічамі “Жыве Беларусь!”


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня суд Цэнтральнага раёну Гомеля разглядаў пазоў дэпутата гарсавету Юрася Глушакова ды чальцоў сацыяльнага руху “Разам!” да гарадзкога выканаўчага камітэту. Суд Цэнтральнага раёну Гомеля пакінуў без разгляду пазоў дэпутата гарсавету Юрася Глушакова да гарвыканкаму. Выбарцы пакідалі будынак суду з воклічамі: “Жыве Беларусь!”

Дэпутат Глушакоў са сваімі паплечнікамі дамагаўся, каб суд забавязаў гарвыканкам дазволіць мітынг гараджанаў супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, прымусовых кантрактаў, увядзеньня платнай адукацыі ды мэдыцыны. Падтрымаць патрабаваньні дэпутата прыйшлі ў суд больш за дзясятак выбарцаў. Што было далей, распавядае дэпутат Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Калі мы зайшлі ў кабінэт да судзьдзі Калугіна, ён абвясьціў, што гэта ня суд, гэта нейкая гутарка, размова, і патрабаваў, каб усе прысутныя, апрача заяўнікаў, пакінулі ягоны кабінэт. Людзі абурыліся і выказалі цалкам нармалёвае жаданьне застацца і паслухаць, пра што пойдзе размова. Пытаньні мітынгу датычны іх. Але ж судзьдзя выклікаў міліцыянтаў, каб яны гвалтоўна выдалілі людзей з кабінэту”.

Шараговых гараджанаў міліцыянты выдалілі. Судзьдзя пасьля гутаркі з заяўнікамі застаўся пісаць пастанову. Пазоў дэпутата ды ягоных паплечнікаў ён вырашыў пакінуць без разгляду на той падставе, што яны не абскарджвалі рашэньне гарвыканкаму пра забарону мітынгу ў абласны выканкам.

Перад абвяшчэньнем рашэньня ў кабінэт да судзьдзі зноў зайшлі шараговыя гараджане. Адбыўся другі інцыдэнт. Распавядае ўдзельніца падзеяў Марыя Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Судзьдзя праявіў нецярпеньне і стаў выпіхваць людзей з кабінэту. Выпхнуў адну жанчыну, даволі сталага ўзросту, старэйшую за яго. Жанчына вельмі абурылася. Мы патрабавалі, каб судзьдзя Калугін папрасіў прабачэньня ў гэтай жанчыны. І мы яго прымусілі гэта зрабіць. Калі людзі ішлі пасьля гэтага суду, то яны крычалі на лесьвіцы: “Жыве Беларусь”! – распавяла спадарыня Багдановіч, адна з заяўніц мітынгу.

Наконт пастановы судзьдзі Калугіна пакінуць пазоў да гарвыканкаму без разгляду дэпутат Глушакоў сказаў наступнае:

(Глушакоў: ) “Судовая сыстэма ў нас, як і іншыя органы ўлады, працуе ў значнай колькасьці выпадкаў, відавочна, не на карысьць грамадзянаў. Але мы будзем і надалей зьвяртацца ў судовыя ўстановы. Мы жадаем, каб суды хаця б у асобных выпадках працавалі на карысьць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Адпаведна так, як гэта павінна быць паводле Канстытуцыі і законаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG