Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень вады эколягі нагадваюць пра лёс Аральскага мора


Ганна Соусь, Прага Сёньня – Міжнародны дзень вады. Чыстая, прахалодная вада з’яўляецца адной з жыцьцёвых патрэбаў, а таксама шчасьлівым падарункам жыцьця. Аднак ў сувязі з павелічэньнем колькасьці людзей на плянэце і шэрагам экалягічных праблемаў ў сьвеце ўсё больш і больш бракуе вады, асабліва ў такіх засушлівых рэгіёнах, як напрыклад Сярэдняя Азія. На ініцыятыву Арганізацыі аб’яднаных нацый 22 сакавіка ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень вады.

Каштоўнасьці вады можна пералічваць вельмі доўга. Ад вады залежыць здароўе людзей і навакольнае асяродзьдзе, біялягічная разнастайнасьць, харчаваньне і эканамічнае разьвіцьцё. Але вада, як і сонечнае сьвятло, гістарычна былі бясплатнымі. А што нічога не каштуе, часта не паважаецца належным чынам.

Марнаваньне вады прывяло да многіх экалягічных бедзтваў, напрыклад да высыханьня Аральскага мора, якое лічыцца адным з найгоршых прыкладаў узьдзеяньня чалавека на навакольнае асяродзьдзе. У 1960 годзе Аральскае мора было чацьвертым найбуйнейшым возерам у сьвеце. Дзякуючы савецкай сыстэме ірыгацыі на Аму-Дар’і й Сыр-Дар’і быў амаль цалкам спынены прыток вады ў Аральскае мора. На 2005 год Арал высах на 80%, а рэгіён знаходзіцца ў зоне экалягічнага бедзтва.

Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 2005-2015 гады Міжнародным дзесяцігодзьдзем дзеяньняў «Вада дзеля жыцьця». Цягам гэтага пэрыяду міжнародная супольнасьць будзе засяроджваць увагу на водных рэсурсах і чыстай вадзе.

Дэвід Рэдгаўз, прадстаўнік заснаванай ў Лёндане дабрачыннай арганізацыі “Дапамога вадзе”, кажа, што найбольш ад недахопу чыстай вады пакутуюць дзеці.

(Рэдгаўз: ) “З-за гэтага кожны дзень, і гэта ёсьць замоўчанай катастрофай, кожныя 15 сэкундаў памірае дзіця, 6 тысячаў чалавек штодня, гэта эквівалентна таму, што разьбіваюцца 20 вялізарных самалётаў зь дзецьмі”.

Як паведамляе Усясьветная арганізацыя аховы здароўя ў сьвеце 2 мільярдам 600 мільёнам чалавек бракуе нават вады з водаправоду. Яшчэ 1 мільён 100 тысячаў чалавек вымушаныя ўжываць неачышчаную і часта шкодную для здароўя ваду.

Сярод рэгіёнаў, дзе бракуе чыстай вады – Сярэдняя Азія з дзевяцьцю вялікімі рэкамі на пяць краінаў. Іронія лёсу, але тут звычайна недастаткова дажджавой вады. Як тлумачыць Стэфані Бленкэр з Міжнароднага інстытуту вады ў Стакгольме, фактычна ў Сярэдняй Азіі выпадае дастаткова дажджоў, але гэта адбываецца звычайна ў кароткі пэрыяд, і ваду не пасьпяваюць захоўваць. Гэта наступства яшчэ савецкай неэфэктыўнай сыстэмы выкарыстаньня вады. Але пасьля набыцьця незалежнасьці краіны Сярэдняй Азіі зрабілі пэўныя посьпехі ў справе рацыянальнага выкарыстаньня вады.
XS
SM
MD
LG