Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрымальнікі прыпыняюць агульнанацыянальны страйк


Міхал Стэльмак, Менск Такое рашэньне прыняла ў Менску нарада прадпрымальніцкіх лідэраў, якія ўваходзяць у грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Страйк быў распачаты 1 сакавіка на знак пратэсту супраць увядзеньня падатку на даданую вартасьць на тавары, увезеныя з Расеі. Адначасова актывістамі “Пэрспэктывы” вырашана, што прадстаўнікі дробнага бізнэсу прадоўжаць змаганьне за свае правы, будуць дамагацца вызваленьня Анатоля Шумчанкі і рыхтавацца да новай масавай акцыі пратэсту.

Як прагучала на нарадзе, большасьць прадпрымальнікаў, якія бралі ўдзел у агульнанацыяльным страйку, вярнуліся на працоўныя месцы. Спрычынілася да гэтага ініцыятыва ўладаў увесьці да 1 ліпеня мараторый на кантроль за ўплатаю падатку на даданую вартасьць. Мяркуецца, што гэты мараторый знойдзе адлюстраваньне ва ўказе пра новыя ўмовы працы дробнага бізнэсу, які, паводле Аляксандра Лукашэнкі, днямі пабачыць сьвет. Вось як пракамэнтаваў рашэньне аб прыпыненьні страйку адзін зь лідэраў “Пэрспэктывы” Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Страйк спыняецца. Гэта адна з формаў абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Страйкам мы прыцягнулі ўвагу ўраду, паказалі, што ў нас ёсьць праблемы. Паколькі ўлады ня маюць намеру ісьці на сур’ёзныя саступкі, але даюць перадышку да 1 ліпеня, мы будзем мяняць формы барацьбы. Будзем працягваць абарону сваіх правоў і інтарэсаў іншымі мэтадамі. Паколькі ад 1 ліпеня могуць быць санкцыі ў выглядзе канфіскацыяў, вялізных штрафаў, то мы мусім рыхтаваць у адказ захады супраць іх. У залежнасьці ад дзеяньняў улады, пачынаем выпрацоўваць абарончыя меры: абарона актывістаў, вылучэньне сваіх людзей у рады”.

Як прагучала на сёньняшняй нарадзе, на рынках краіны пачалося стварэньне прадпрымальніцкіх радаў. Гэтыя органы ствараюцца мясцовымі ўладамі ў адпаведнасьці з ініцыятывай Лукашэнкі, якая, як мяркуецца, будзе ўтрымлівацца ў згаданым указе пра новыя ўмовы працы прадпрымальнікаў. На большасьці рынкаў рады, паводле актывістаў “Пэрспэктывы”, ствараюцца пад дыктоўку ўладаў. Вось што паведаміў на гэты конт удзельнік нарады, менскі прадпрымальнік Андрэй Шэўчык:

(Шэўчык: ) “На рынку “Дынама” дырэкцыя выбрала сабе раду. Яе склад з калектывам ня быў узгоднены. Не было ніякага таемнага галасаваньня. Зроблена ўсё цішком. Адным словам, дырэкцыя рынку выбрала сабе зручных — і ўсё”.

У некаторых рэгіёнах удзельнікі страйку байкатуюць навязаных асобаў. Напрыклад, у Слуцку старшынёй прадпрымальніцкай рады стала актывістка “Пэрспектывы” Соф’я Міцяшова. Паводле яе меркаваньня, гэтым органам, а таксама ўсім прадпрымальнікам давядзецца вырашаць адказныя задачы:

(Міцяшова: ) “Трэба прымусіць урад, каб ён чуў нас. Якой тактыкай, гэта павінны мы выпрацаваць усе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG