Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч даў падпіску пра нявыезд


Любоў Лунёва, Менск Лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча сьледчы камітэт падазрае ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Так кваліфікуе сьледзтва вулічныя дэманстрацыі 19 і 20 кастрычніка супраць фальсыфікацыі рэфэрэндуму. У Міколы Статкевіча ўзялі падпіску пра нявыезд.

Сьледчы наведаў Міколу Статкевіча ў офісе партыі і ўручыў пастанову аб тым, што ён мае статус падазраванага ў крымінальнай справе, распачатай пасьля падзеяў 19 і 20 кастрычніка.

Нагадаем, першая акцыя пратэсту адбылася ў Менску 19 кастрычніка. У ёй удзельнічалі каля 5000 чалавек. Пасьля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы дэманстранты дайшлі да будынку КДБ, дзе акцыя завершылася. Ніводнага ўдзельніка акцыі не затрымалі. Але на наступны дзень амонаўцы разагналі дэманстрацыю. Затрымалі каля паўсотні чалавек. Больш за трыццаць затрыманых удзельнікаў акцыі адбывалі арышты ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Адтуль іх адвезьлі ў сьледчы камітэт і дапыталі як сьведкаў у крымінальнай справе, якую распачалі паводле падзеяў 19 і 20 кастрычніка.

Цягам апошняга тыдня актывістаў палітычных партыяў зноў пачалі выклікаць у сьледчы камітэт. Пакуль толькі Міколу Статкевічу прад’явілі пастанову аб тым, што ён мае статус падазраванага.

Сам лідэр сацыял-дэмакратаў лічыць, што ўлады папросту намагаюцца запалохаць апазыцыянэраў напярэдадні вулічнай акцыі 25 сакавіка — гадавіны абвяшчэньня БНР.

(Статкевіч: ) “Прадпрымаюцца нейкія крокі, каб абмежаваць маю актыўнасьць, магчымасьць майго ўдзелу ў працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата, а таксама актыўнасьць як магчымага лідэра масавых вулічных выступаў людзей на вуліцах. Улада ўсё больш і больш баіцца выхаду людзей на вуліцы. Выбараў яна ўжо не баіцца, бо калі пустыя пратаколы падпісваюцца за тыдзень да галасаваньня, то выбараў можна і не баяцца.

Гэта ўжо не фальсыфікацыя, а папросту адсутнасьць выбараў. Але яны баяцца, што людзі выйдуць на вуліцы. Улада напалоханая падзеямі ў Грузіі, Украіне, а цяпер у Кіргізіі. Гэты страх будзе расьці, і будуць расьці неадэкватныя дзеяньні ўлады”.

Калі б не падпіска пра нявыезд, Мікола Статкевіч 25 сакавіка мусіў быць у Празе.

Ён паведаміў Радыё Свабода, што цяпер абавязкова будзе разам зь іншымі ўдзельнікамі дэманстрацыі. 23 сакавіка ў сьледчы камітэт выклікаюць лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца. Яго паплечнікі не выключаюць, што Павал атрымае аналягічную пастанову і дасьць падпіску пра нявыезд. Юрысты папярэдзілі Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца, што ў выпадку інцыдэнта з уладамі 25 сакавіка іх могуць арыштаваць да канца сьледзтва.
XS
SM
MD
LG