Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 22 сакавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 22 сакавіка.

“Звязда”, 1935 год. З газэты “Трыбуна Радзецка” артыкул Браніслава Тарашкевіча:

“Сваімі правакацыйнымі вымысламі фашысцкая прэса стараецца апарочыць мяне ў вачах працоўных мас і спіхнуць мяне на адзін узровень з нацдэмамі і беларускімі нацыянал-фашыстамі — з Метламі, Ракамі, Луцкевічамі, Астроўскімі, Акінчыцамі. Польскаму фашызму, аднак, не ўдалося зламіць мяне тэрорам, перацягнуць мяне на свой бок абяцаннямі, не ўдасца яму таксама навесці паклёп на мяне ілжывымі чуткамі. Бачыце, я жыў! У Савецкім Саюзе я знайшоў не смерць, а вялікую бацькаўшчыну…”

“ЛіМ”, 1955 год. Заір Азгур піша:

“Цяпер, калі англа-амерыканскія падпальшчыкі вайны імкнуцца заняволіць народы, калі жыццё, культура і мастацтва гэтых народаў знаходзіцца ў небяспецы, мы, людзі міру, не можам быць спакойнымі. Усе разам — працоўныя англічане, міралюбна настроеныя індусы, творча натхнёныя кітайцы і чэхаславакі, совецкія людзі — вядуць упартую барацьбу за мірнае суіснаванне ўсіх дзяржаў… Няхай ведаюць ашалелыя атамшчыкі-людаеды — няма такіх атамных і вадародных бомбаў, якія былі-б роўныя па сіле народнаму гневу”.

“Культура”, 1995 год. Алег Трусаў з нагоды гадавіны беларускай Канстытуцыі і Дня Волі:

“Мы прачнуліся ад шматгадовага сну, мы ведаем цяпер шлях да храма. І адбудуем яго — храм нашай тысячагадовай гісторыі, храм, імя якому Беларусь. Яшчэ душаць беларускую вясну адраджэння народнай існасці прымаразкі шавінізму і невуцтва, чорнымі крумкачамі лётаюць вакол нас нядобразычліўцы, якім поперак горла стала нашая мова, гісторыя, культура і сімволіка, а першы на Беларусі прэзыдэнт блытае Сапегу са Спінозай, але мы ўжо жывём не па маскоўскім, а па сваім уласным беларускім часе”.
XS
SM
MD
LG