Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: “Як вы ставіцеся да падзеяў у Кіргізіі?”


Галіна Абакунчык, Менск Вынікі парлямэнцкіх выбараў сталіся прычынай масавых пратэстаў апазыцыйных сілаў у Кіргістане. У розных гарадах краіны пратэстоўцы захопліваюць адміністрацыйныя будынкі, ствараюць альтэрнатыўныя цяперашняму кіраўніцтву органы ўлады. Дзяржаўныя газэты, радыё і тэлебачаньне Беларусі паведамляюць пра падзеі ў Кіргістане вельмі сьцісла, і пераважна асуджаюць дзеяньні апазыцыі. Як вы ацэньваеце падзеі ў Кіргістане? Зь якіх крыніцаў атрымліваеце інфармацыю пра тое, што там адбываецца? І ці лічыце прымальнымі мэтады змаганьня кіргіскай апазыцыі за справядлівыя выбары? Гэтыя пытаньні мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце падзеі ў Кіргістане? Зь якіх крыніцаў атрымліваеце інфармацыю пра тое, што там адбываецца? І ці лічыце прымальнымі мэтады змаганьня кіргіскай апазыцыі за справядлівыя выбары?”

(Спадарыня: ) “Я чула пра гэта па радыё і лічу, што ўменьне выказваць свае думкі і патрабаваньні адкрыта, пры агульным прэсінгу ўладаў, у маім уяўленьні, гэта заслугоўвае павагі”.

(Спадар: ) “Калі кіргізы маюць рацыю, што ёсьць патрэба ў такім змаганьні, то я мяркую, што варта зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці. Існуе шмат арганізацыяў, якія супрацьстаяць таталітарным рэжымам. Бо яшчэ ніколі сілавыя мэтады не прыводзілі да добрых вынікаў”.

(Спадарыня: ) “Я чула па “Сталічным радыё” — і больш нідзе. Мне ня вельмі падабаюцца тыя сродкі змаганьня, якімі карыстаюцца кіргізы. Хацелася б, каб такія пытаньні вырашаліся мірна, без крывавых боек. А ўвогуле да зьмены ўлады стаўлюся пазытыўна, калі новая ўлада прыйдзе лепшая”.

(Спадар: ) “Зьвесткі маю з Радыё Свабода і некаторых чэскіх выданьняў, бо я іх чытаю рэгулярна. Тое, што там адбываецца, то так і мусіць быць. Я лічу, што тое, што мы спрабуем усё вырашыць законнымі мэтадамі, у нас гэтага не адбудзецца. Трэба рабіць так, як гэта было ва Ўкраіне. Калі б закон там не спрацаваў, калі б не было незалежнага суду, то ўкраінцы выйшлі б на вуліцу і яны б зрабілі гэта ўзброеным шляхам. І ў нас так павінна быць — і я лічу, што гэта добра”.

(Спадарыня: ) “Тэлевізар уключаны, і мне ўсё роўна Расея гаворыць ці Беларусь — галоўнае, каб інфармацыя была праўдзівая. Калі людзі выходзяць на вуліцу, калі гэта зьвязана зь нейкімі сутыкненьнямі, мне ўвогуле страшна робіцца: куды мы ідзём?”

(Спадар: ) “Па-першае, па нашым беларускім тэлебачаньні нічога нармалёва ня ўбачыш і не пачуеш. Крыху даведаўся з расейскага тэлебачаньня і “Эўранавінаў”, інтэрнэту і Радыё Свабода. Яны пачынаюць нешта рабіць — малайцы. І нам трэба нешта рабіць. Пажадана не гвалтоўнымі мэтадамі, але калі нармалёва не атрымліваецца… Бачыце, што ў Горадні было? Кантралявалі, кантралявалі, а зрабілі так, як трэба ўладам. Таму, калі не праходзяць негвалтоўныя сродкі, то, пэўна, можна і гвалтоўныя ўжыць”.

(Юнак: ) “Чуў па тэлеканале НТВ і лічу, што неабходна дабівацца сваёй свабоды ўсялякімі мэтадамі. Канечне, лепш не даводзіць справу да крыві, але карыстацца ўсялякімі магчымымі сродкамі. Я лічу, што гэта трэба рабіць. Каб дамагчыся свабоды, трэба дзейнічаць — і дзейнічаць вельмі актыўна”.
XS
SM
MD
LG