Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць вызначаць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі?


Валер Каліноўскі, Менск Сталая рада аб’яднанай апазыцыі апублікавала парадак вылучэньня свайго кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Дакумэнт выпрацоўваўся шляхам пошуку кампрамісу цягам чатырох месяцаў у адмыслова створанай плянава-аналітычнай групе. Акрамя тэхнічных момантаў дакумэнт утрымлівае і праграмныя палажэньні, зь якімі пойдзе на выбары адзіны кандыдат ад апазыцыі.

Паводле гэтага дакумэнта, ухваленага так званай “дзясяткай”, адзінага кандыдата ў прэзыдэнты павінны абраць таемным галасаваньнем на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Мяркуецца, што на гэтым форуме зьбяруцца 750 дэлегатаў, вылучаных рэгіянальнымі сходамі дэмакратаў, дэлегаваных палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі й незалежнымі прафсаюзамі. Дэлегатамі кангрэсу стануць і былыя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту. Паводле рашэньня “дзясяткі”, ствараюцца рабочыя органы кампаніі вылучэньня, зацьверджаныя прынцыпы агітацыйнай кампаніі і найважнейшыя праграмныя палажэньні адзінага кандыдата.

У прыватнасьці, у выпадку перамогі кандыдат абавязваецца аднавіць у Беларусі падзел уладаў, незалежнасьць судовай сыстэмы, гарантаваць свабоду СМІ, правесьці вольныя парлямэнцкія выбары згодна з мажарытарна-прапарцыйнай сыстэмай. Асобным пунктам пазначана абавязацельства пераразьмеркаваньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў на карысьць парлямэнту, які будзе фармаваць урад. Гаворыць Вацлаў Арэшка, кіраўнік плянава-аналітычнай групы, якая распрацавала гэты дакумэнт:

(Арэшка: ) “У гэтым пункце галоўнае абавязацельства кандыдата — ня стаць дыктатарам… Менавіта гэты пункт падкрэсьлены, таму што ў нашай сытуацыі ён адзін з самых балючых сёньня. Таму калі дойдзе да рэальнай зьмены ўлады, неабходна вяртаньне да Канстытуцыі дапераваротнай, так скажам, і сур’ёзныя зьмены ў Асноўным законе”.

Паводле Вацлава Арэшкі, адзіны кандыдат павінен стаць лідэрам нацыі:

(Арэшка: ) “Калі гэта будзе сур’ёзная асоба, падтрыманая дэмакратычнымі сіламі, то я лічу, што ёсьць шанец моцнага ўплыву і на нявызначаную частку грамадзтва, якая ў нас складае большасьць”.

Аляксандар Казулін, адзін зь верагодных удзельнікаў будучых выбараў, пакуль не зьбіраецца падаваць сваю заяву ў наваствораны сакратарыят кампаніі ў справе абраньня адзінага кандыдата. Ён зыходзіць з таго, што апазыцыйныя партыі, якія ўваходзяць у “дзясятку”, маюць невысокі рэйтынг і ня ведаюць, як схіліць на свой бок большасьць грамадзтва:

(Казулін: ) “Калі спрабуюць давесьці, што ў нас будуць галасаваць за любога, хто супраць Лукашэнкі, то напэўна, гэта істотная памылка людзей, якія не абапіраюцца на меркаваньне людзкіх масаў і нізоў”.

Паводле Аляксандра Казуліна, вылучэньне адзінага кандыдата ад апазыцыі яшчэ нічога не вырашае і не забясьпечвае пасьпяховага выніку выбарчай кампаніі:

(Казулін: ) Сёньня ў нас ніхто ня можа сказаць, хто будзе адказваць за вынік. Усе сёньня хочуць атрымаць грошы. Грошы — гэта ня вынік, гэта проста пустое”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG