Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лахі пад пахі


Георгі Ліхтаровіч, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Так звычайна ўсьмешліва кажуць, калі трэба пайсьці аднекуль разам са сваім няхітрым майном. Само слова лахі аднакаранёвае са словам лахманы. Калі фразэму жартам перакласьці на расейскую мову, то атрымаем амаль што “с вещами на выход”. Старажытныя лаціняне казалі: omnia mea mecum porto – усё сваё нашу пры сабе. Падобна, але тут сэнс больш сур’ёзны, філязофскі. У тутэйшым жа выразе выразна адчуваецца добрая самаіронія. Працытую ўласны “ліхтарык”:

Музыка мне даваў парады, Як ратавацца ад эстрады: “Бяры пад пахі лахі ты, Бо моладзь завяла гіты”.

Недзе побач з лахі пад пахі існуе ў нашай мове і ногі на плечы. Хоць на першы погляд гэта здаецца цытатай з “Камасутры”, але насамрэч усё значна празаічней. Раней, калі ішлі зь вёскі ў мястэчка ці ў горад, сьвяточныя боты, каб яны даўжэй заставаліся новымі, несьлі перакінутымі ці проста праз плячо, ці на кіёчку. Толькі перад самым горадам абуваліся ды крочылі асэсарам.

Дарэчы, гэтыя два выразы можна лёгка аб’яднаць у адзін: лахі пад пахі, а ногі на плечы. Але ж небеларускамоўны чалавек наўрад ці зразумее што зь яго без тлумачэньняў.

Днямі сустрэўся са сваім добрым знаёмым. Чалавек з вышэйшай адукацыяй, выдатны адмысловец – амаль бяз працы. Перашкодаю пры ўладкаваньні на работу ў Беларусі зьяўляецца ягоная сьвядомая беларускасьць. Кажа, яшчэ з год вытрымае, а потым – лахі пад пахі і ногі ў рукі, бо жыць тут больш ня зможа…

Вось вам і ўстойлівы выраз – лахі пад пахі.
XS
SM
MD
LG