Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Спэкхард: “Ніхто на Захадзе не выступае супраць Беларусі, але за Беларусь”


Аляксей Дзікавіцкі, Брусэль Былы амбасадар ЗША ў Беларусі (1997-2000) Дэніэл Спэкхард, які працуе цяпер у штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі і займае пасаду дырэктара у справах стратэгічнага плянаваньня Альянсу, заявіў нашаму радыё, што Беларусь страціла шмат часу, які мог бы быць выкарыстаны на паляпшэньне жыцьця беларусаў і дэмакратызацыю краіны. Са спадаром Спэкхардам у бэльгійскай сталіцы размаўляў наш карэспандэнт.

З таго, што Дэніэл Спэкхард узяў ўдзел у адкрыцьці ў будынку Эўрапейскага парлямэнту выставы “Грамадзянская Беларусь”, можна было зрабіць выснову, што нават займаючы адну з кіраўнічых пасадаў у НАТО ён працягвае сачыць за сытуацыяй у Беларусі. Я запытаўся ў спадара Спэкхарда, як гэтая сытуацыя, на ягоную думку, зьмянілася ад таго часу, калі ён быў амбасадарам.

(Спэкхард: ) “На маю думку, гэта адно расчараваньне, калі падумаеш, колькі гадоў Беларусь згубіла. Гадоў, якія насамрэч маглі быць выкарыстаныя на тое, каб дасягнуць значнага паляпшэньня ўзроўню жыцьця беларусаў. Калі глядзіш на гэта звонку, дык са шкадаваньнем можна сьцьвярджаць, што ад таго часу, як я скончыў сваю місію ў Беларусі, у гэтай краіне ня бачна нейкіх сур’ёзных зьменаў што да паляпшэньня ўзроўню жыцьця ці грамадзянскіх свабодаў, на якія беларусы маюць права”.

Пазыцыя Злучаных Штатаў што да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі заўсёды лічылася больш жорсткай, чым пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу. Апошнім часам, аднак, розныя структуры Эўрапейскага Зьвязу ўхвалілі шэраг сур’ёзных дакумэнтаў у справе Беларусі. Эўрапарлямэнт, напрыклад, упершыню назваў беларускага кіраўніка “дыктатарам”. Ці азначае гэта, на думку Дэніэла Спэкхарда, што ініцыятыва паволі пераходзіць да Брусэля?

(Спэкхард: ) “Наколькі я ведаю, беларускім справам апошнім часам надаецца значна больш увагі як у Эўропе, так і ў Злучаных Штатах. Я думаю, што гэта толькі на карысьць беларусам. Людзі тут на Захадзе ўсё больш занепакоеныя тым, што адбываецца ў Беларусі, і маюць моцнае жаданьне дапамагчы. Падкрэсьлю: ніхто тут не выступае супраць Беларусі, але за Беларусь. Мы сочым за дэмакратызацыяй, іншымі працэсамі ў гэтай краіне – беларусы былі заўсёды блізкія да сэрцаў эўрапейцаў і амэрыканцаў”.

Спадар Спэкхард сказаў: “ніхто тут не выступае супраць Беларусі але за Беларусь”. Між тым беларуская афіцыйная прапаганда нярэдка паказвае Захад, шэраг міжнародных арганізацыяў, у тым ліку і НАТО, дзе ён цяпер працуе, як лютых ворагаў, якія хочуць захапіць і зьнішчыць Беларусь. Ці сапраўды беларусы павінны баяцца НАТО?

(Спэкхард: ) “Усё ўжо так зьмянілася, што, на маю думку, прыйшоў час, каб беларусы зразумелі, што НАТО – гэта ўжо ня тая арганізацыя, якой яна была ў часы халоднай вайны. Наша галоўная мэта цяпер ня ў тым, каб бараніць тэрыторыі нашых краінаў ад усходняга блёку, але займацца міжнароднымі пагрозамі. Як мне падаецца, гэтыя пагрозы аднолькавыя і для Эўропы, і для ЗША, і для Беларусі – мы павінны разам працаваць над тым, каб узмацніць сваю бясьпеку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG