Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

62 гады таму была спаленая вёска Хатынь з усімі яе жыхарамі


Іна Студзінская, Менск 22 сакавіка – чарговая гадавіна Хатынскай трагедыі. Але і цяпер, праз 62 гады ўлады, экскурсаводы ня кажуць людзям усёй праўды пра тое, што адбылося ў 1943-м, хто праводзіў карную апэрацыю. Наша карэспандэнтка гутарыла на гэтую тэму з дасьледчыкамі гісторыі Хатыні.

Некалькі пакаленьняў экскурсаводаў з хваляваньнем распавядалі мільёнам наведвальнікаў Хатынскага мэмарыялу пра трагедыю, у дэталях тлумачылі, дзе, што і як адбывалася, старанна данасілі да людзей тую праўду, якую ім дазволена было ведаць – маўляў, немцы зажыва спалілі 149 жыхароў вёскі.

Падчас перабудовы крышачку прыадкрыліся сакрэтныя архівы, зьявіліся публікацыі пра тое, што ў карных апэрацыях бралі ўдзел украінцы, расейцы, беларусы. Але зараз зноў афіцыйная прапаганда кажа толькі пра зьверствы фашыстаў.

Ці даведаемся мы ўсю праўду пра гісторыю Хатыні? Меркаваньне доктара гістарычных навук, загадчыка аддзелу Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксея Літвіна:

(Літвін: ) “Ну што значыць праўда? Праўда ў тым, што 628 вёсак спалена разам зь людзьмі. У гэтым праўда. Праўда ў тым, што немцы гэта палілі, і няпраўда, што нашы. Вось гэта я магу сказаць афіцыйна зь любой трыбуны. Тое, што там бралі ўдзел украінцы, ні аб чым не гаворыць, таму што “закапёршчыкам” быў усё адно батальён Дзерлівангера. Гэта ўсё роўна “Шульцман Шафт батальён” – нямецкі паліцэйскі. А што там былі частка людзей нашы – гэта ні аб чым не гаворыць. Гэта нямецкая акцыя, і тут ня трэба шукаць нейкую зьверхпраўду. Я ня бачу ні з навуковага, ні з палітычнага, ні зь якога іншага боку, каб тут былі нейкія моманты. Ну і што, калі ў тым жа батальёне Дзерлівангера былі дзьве роты зь мясцовага насельніцтва? Батальён быў “эсэсаўскі”. У літоўскіх, латыскіх таксама былі і літоўцы, і рускія”.

Летась ва ўсіх школах і ВНУ ўведзены курс “Вялікая Айчынная вайна ў кантэксьце Другой усясьветнай вайны”, выйшлі адмысловыя падручнікі. У якім кантэксьце там выкладзеная Хатынская трагедыя?

І ў падручніках для 11-й клясы, і для ВНУ трагедыя Хатыні падаецца у, так бы мовіць, савецкім кантэксьце. Як і на афіцыйным вэб-сайце Дзяржаўнага мэмарыяльнага комплексу www.khatyn.by, які быў прэзэнтаваны ў панядзелак: там прадстаўленыя матэрыялы пра зьнішчэньне Хатыні, пра нацысцкую палітыку генацыду на тэрыторыі Беларусі.

Гаворыць кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Пакуль будзе гэты курс існаваць, пакуль будзе існаваць курс ідэалёгіі, я ня бачу ніякіх пэрспэктываў вырашэньня гэтай праблемы. Сёньня ўсё, што зьвязана зь ценявымі бакамі вайны, з рэпрэсіямі, зьяўляецца тэмай і недысэртабэльнай, і небясьпечнай для дасьледчыка”.

У кастрычніку 1986 году ў Менску Ваенны трыбунал Беларускай вайсковай акругі разглядаў справу ўкраінца Рыгора Васюры, былога начальніка штаба 118-га паліцэйскага батальёна, які ў 1942 годзе праводзіў карныя апэрацыі ва Ўкраіне, у Баб’ім Яры, а потым у Беларусі. Да матэрыялаў крымінальнай справы Васюры былі дапушчаныя некалькі журналістаў: тагачасныя ўласны карэспандэнт газэты “Известия” Міхаіл Шыманскі, карэспандэнт БелТА Яўген Гарэлік і карэспандэнт газэты “Во славу Родины” Васіль Зданюк. Але апублікаваць тады артыкулы ні аднаму зь іх не ўдалося – загадчык аддзелу прапаганды ЦК КПБ Савелій Паўлаў выклікаў і сказаў: “Лічыце, што ніякага заданьня не было”.

Распавядае журналіст Васіль Зданюк, які апублікаваў матэрыял пра суд над Васюрам толькі праз 3 гады.

(Зданюк: ) “Мяне першай надрукавала газэта “Советская молодёжь” у Рызе, потым немцы перадрукавалі. Гатовая да публікацыяў была цэлая паласа ў “Известиях”, Шыманскі зрабіў. Яе зьнялі літаральна за дзень, умяшаўся Шчарбіцкі, маўляў, “гэта наносіць удар па дружбе савецкіх народаў”. Там гучалі ў асноўным украінскія прозьвішчы. Хаця былі і беларусы, і татары – такі шматнацыянальны батальён. І немцы. Немцы кіравалі, узначальвалі”.

Старшыньстваваў на паседжаньні ваеннага трыбуналу, які судзіў Рыгора Васюру, Віктар Глазкоў. Праз 6 гадоў, у 1993 годзе ў інтэрвію “Народнай газэце” ён сказаў так: “Не магу сказаць, што немцы не датычныя да трагедыі Хатыні. Яны былі падручнымі паліцэйскага батальёну і прысутнічалі ў вёсцы з пачатку карнай апэрацыі. Але галоўным выканаўцам трагедыі стаў Васюра”.

Атрымліваецца, што вэрсіі ў юрыста, і ў гісторыкаў, якія дасьледвалі падзеі ў Хатыні ў сакавіку 1943-га, розныя.

Чым тлумачыцца такая жорсткасьць Васюры? Ёсьць вэрсія, што ўкраінец Рыгор Васюра адпомсьціў спаленьнем Хатыні за забойства свайго камандзіра-немца, гаўптмана паліцыі Ганса Вёльке (алімпійскага чэмпіёна 1936 году па лёгкай атлетыцы). Спачатку паміж Плешчаніцамі і Лагойскам была парушаная тэлефонная сувязь, на аднаўленьне сувязі былі накіраваныя два ўзводы 118-га паліцэйскага батальёна пад кіраўніцтва гаўптмана Ганса Вёльке. Атрад быў моцна абстраляны з кулямётаў, загінулі Вёльке і яшчэ трое украінскіх паліцыянтаў. І быццам бы батальён Дзерлівангера зьнішчыў за гэта Хатынь. Гаворыць гісторык Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Наколькі правамерныя былі акцыі, якія зьдзяйсьнялі партызаны? Па Хатыні, нават калі сьледаваць савецкай канцэпцыі: забіты алімпійскі чэмпіён – у выніку праведзеная акцыя. Паўстае пытаньне: чаму трэба было праводзіць гэтую акцыю паблізу населеных пунктаў, калі яны ведалі, што будуць зьнішчаныя? Вось на гэтае пытаньне ніхто не адказвае…”

Такім чынам, ці даведаемся мы ўсю праўду пра Хатынь – у гэтым ня ўпэўненыя нават гісторыкі, якія дасьледуюць гэтую тэму.
XS
SM
MD
LG