Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: чаму ў Менску бананы каштуюць таньней за моркву?


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары падае падрабязнасьці й камэнтуе факт неадбытага зьезду сацыял-дэмакратычных партыяў. Новае аб’яднаньне мусіў узначаліць нядаўні апазыцыйны палітычны актывіст Аляксандр Казулін.

У артыкуле “Тут будзе горад, а ня сад” БДГ паведамляе, што Менгарвыканкам падрыхтаваў для кіраўніка краіны праект указу, які мусіць зьмяніць Генэральны плян сталіцы. А менавіта – сьціснуць межы Паркавага комплексу “Дразды”. Як паведамлялася раней, там вядзецца актыўнае будаўніцтва катэджаў для вышэйшых уладных чыноўнікаў краіны. Зараз гэтая праца будзе пад абаронаю прэзыдэнцкага ўказу.

З нагоды 70-годзьдзя кіраўніка Беларускага экзархата рускай праваслаўнай царквы Мітрапаліта Філярэта “Беларуская дзелавая газэта” друкуе матэрыял пад назваю “Саюз непарушны”. Гэта аналітычнае дасьледаваньне супрацоўніцтва паміж дзяржавай і праваслаўнай царквой у выглядзе так званага духоўна-матэрыяльнага бартэру.

“Камсамольская праўда ў Беларусі ў сёньняшнім нумары дасьледуе прычыны недахопу морквы й капусты ў менскіх крамах. Паводле супрацоўнікаў агароднінных камбінатаў Менску, на складах гэтай прадукцыі дастаткова, але не хапае людзкіх і матэрыяльных рэсурсаў, каб даставіць іх у крамы. Рэч такая, што раней у кожным раёне гораду быў свой агароднінны камбінат, а зараз іх толькі два на ўвесь Менск. Артыкул называецца “Чаму ў Менску бананы каштуюць таньней за моркву?”

“Віцебскі кур’ер” у сьвежым нумары друкуе артыкул пад назваю “Амэрыку праславіў талачынскі хлопец”. Гэтая публікацыя зьявілася ў выніку дасьледаваньня мясцовых краязнаўцаў, якія высьветлілі, што песьню “Божа, блаславі Амэрыку” напісаў ураджэнец Талачына Ізя Бейлін. Праўда, у ЗША ён вядомы пад псэўданімам Ірвінг Бэрлін. Усяго ж на рахунку гэтага кампазытара каля тысячы песьняў, паведамляе “Віцебскі кур’ер”.
XS
SM
MD
LG