Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

22 сакавіка 1943 году гітлераўцы спалілі Хатынь


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 22 сакавіка

22 сакавіка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Сорак пакутнікаў, або Саракі. Мароз на Саракі абяцаў яшчэ сорак маразоў. На Саракі сарока пачынае віць сабе гняздо і зьбірае для гэтага сорак галінак. Старэйшыя людзі заўважалі: “На Саракі прыляцелі з-за мора птакі”. І, маючы на ўвазе паводку, папярэджвалі дзяцей: “Саракі – ня суйся блізка да ракі”.

22 сакавіка 1921 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты “Беларускі звон”, рэдактарам якой быў слынны драматург Францішак Аляхновіч.

22 сакавіка 1925 году памірае Аляксандар Мясьнікоў-Мясьнікян – першы кіраўнік савецкай Беларусі. Ён умудраўся кіраваць беларускай рэспублікай, пры гэтым адкрыта выступаючы супраць права беларусаў на сваю дзяржаўнасьць і супраць самога існаваньня беларусаў як нацыі. Чалавек ён быў прыежджы, родам з Растова-на-Доне, у Менск яго прыслалі з Масквы.

22 сакавіка 1943 году гітлераўцы спалілі беларускую вёску Хатынь разам зь людзьмі. Гэта была невялікая вёска, 26 двароў. Учыніў экзэкуцыю карны атрад эсэсаўцаў обэрштурмбанфюрэра Аскара Дзерлівангера. У агні згарэлі 149 хатынцаў, у тым ліку 75 дзяцей. На месцы спаленае вёскі збудаваны мэмарыял. Некаторыя дасьледнікі сьцьвярджаюць, што менавіта Хатынь была абраная як сымбаль спаленых беларускіх вёсак, бо яе назва перагукаецца зь іншым паселішчам – Катыньню на Смаленшчыне, дзе савецкія карныя органы масава забівалі польскіх афіцэраў. І вось, каб зьбіць з панталыку міжнародную грамадзкасьць, сталі шырака пісаць пра злачынствы гітлераўцаў у Хатыні, быццам затуляючы ёю злачынствы бальшавіцкага рэжыму ў Катыні.

22 сакавіка 1786 году нарадзіўся гісторык і грамадзкі дзяяч Яўхім Лялевель, які быў ідэйным натхняльнікам тайных студэнцкіх таварыстваў філяматаў і філарэтаў. Маці Лялевеля Шалюта паходзіла зь Беларусі. Сам ён скончыў Віленскі ўнівэрсытэт, дзе пасьля меў катэдру гісторыі. Калі расейскія ўлады раскрылі студэнцкія таварыствы, катэдру ў Лялевеля адабралі. Тады ён бярэ ўдзел у паўстаньні 1831 году, займаецца арганізацыйнай працай па-за радзімай, у Парыжы й Брусэлі. А пахаваны Лялевель у Вільні, на могілках Роса. У сваіх гістарычных працах ён шмат пісаў пра нацыянальныя правы беларусаў і літоўцаў.

Таксама 22 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі паэт і палітык Эдвард Будзька, які ў родным Будславе стварыў беларускую гімназію, і ангельскі кампазытар Эндру Лойд Ўэбэр, найлепей вядомы сваімі мюзыкламі “Ісус Хрыстос – супэрзорка” і “Эвіта”.
XS
SM
MD
LG