Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Гомельскага гарсавету судзіцца з гарвыканкамам


Казімір Яноўскі, Гомель 22 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля разглядаецца пазоў дэпутата гарсавету Юрася Глушакова і яшчэ двух чальцоў сацыяльнага руху “Разам!” да гарадзкога выканаўчага камітэту. У лютым яны замовілі ў гарвыканкаме мітынг супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, прымусовых кантрактаў, пяцігадовага абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў.

Мітынг гарвыканкам дазволіў правесьці 12 лютага на пляцы каля Палацу таварыства глухіх. Гэта якраз частка выбарчай акругі дэпутата Глушакова. Мітынг меўся быць шматлюдным. Закраналіся найбольш балючыя праблемы для гараджанаў. Акцыю да таго ж падтрымалі аргкамітэт па стварэньні беларускага сацыяльнага руху “Разам!” ды грамадзянская ініцыятыва “Партнэрства”.

Арганізатары акцыі павінны былі прыняць рэзалюцыю з патрабаваньнем да выканаўчай улады даць абгрунтаваныя тлумачэньні наконт росту цэнаў на камунальныя плацяжы.

Аднак за два дні да мітынгу Юрася Глушакова выклікаў у гарвыканкам старшыня Аляксандр Бяляеў і паведаміў, што дазвол на акцыю скасаваны ў сувязі з аб’яўленай у горадзе эпідэміяй грыпу. Грып, аднак, не перашкаджаў праводзіць у гэты дзень лыжныя спаборніцтвы міліцыянтаў, а праз тыдзень – агульнагарадзкі лыжны крос.

Чаго спрабуе дамагчыся ў судзе дэпутат Глушакоў?

(Глушакоў: ) “Мы патрабуем толькі аднаго: дазволіць нам правядзеньне гэтага мітынгу. На сёньня мы падалі ўжо тры заявы, але атрымалі адмовы. Гэта сьведчыць пра тое, што нашы ўлады вельмі баяцца, што людзі зьбяруцца, выкажуць свае меркаваньні пра сацыяльную палітыку уладаў, і перш за ўсё ў галіне жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, і наогул у сацыяльнай сфэры”.

Паводле дэпутата, цяпер улады мала клапоцяцца пра сапраўдны дабрабыт людзей. У іх дзеяньнях пераважаюць камэрцыйныя мэты:

(Глушакоў: ) “Улады пачалі апошнім часам, нягледзячы на малыя заробкі людзей, павышаць камунальныя плацяжы, іншыя тарыфы, уводзіць платную адукацыю, платную мэдыцыну. Улады кіруюцца не інтарэсамі простых людзей, а меркаваньнямі чыста камэрцыйнымі. Яны жадаюць як мага болей грошай у людзей выцягнуць, нічога не даючы ўзамен”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG