Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі сустрэчаў беларускай апазыцыі ў Вашынгтоне і Вільні?


Алесь Дашчынскі, Менск Дзьве дэлегацыі беларускай апазыцыі завяршылі свае візыты – адна ў Парыж і Бэрлін, другая ў Вашынгтон. Апроч таго, у Вільні прайшоў сэмінар у пытаньні прадастаўленьня Эўрапейскім зьвязам дапамогі Беларусі для дэмакратычных і эканамічных рэформаў. Наколькі выніковымі для беларускага боку былі гэтыя сустрэчы?

Дэлегацыя апазыцыі правяла ў Вашынгтоне шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай галінаў улады. Апошнім часам у афіцыйных сродках масавай інфармацыі зьявіліся камэнтары, што замест “крылатых ракетаў” Захад, маўляў, бамбардуе Беларусь чамаданамі даляраў.

(Касьцян: ) “Такая апазыцыя, якая ёсьць у нас, калі яна едзе ў ЗША прасіць дапамогі, каб неяк прыйсьці да ўлады, то гэта не апазыцыя, гэта здраднікі”.

Так адрэагаваў на візыт апазыцыі ў Вашынгтон намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Сяргей Касьцян. Як бачым, танальнасьць афіцыйных камэнтароў увогуле не мяняецца. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка па вяртаньні з Вашынгтона заявіў, што дэлегацыя высьвятляла магчымасьці супрацы паміж ЗША і дэмакратычнай Беларусьсю – цяпер і ў пэрспэктыве. Але ці можна назваць нейкія канкрэтныя праграмы?

(Вячорка: ) “Спрыяньне Злучаных Штатаў у захаваньні, стварэньні паўнацэннай інфармацыйнай прасторы, якая б дазваляла кожнаму чалавеку атрымліваць праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю, інфармацыю, якая пра Беларусь і якая фармулюецца ў Беларусі – гэта цалкам рэальна і пра гэта можна і трэба гаварыць”.

(Карэспандэнт: ) “А што да прынятага ўладамі ЗША “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі” – ці акрэсьлена рэальная дапамога дэмакратычным сілам Беларусі, ці вырашана гэта пытаньне ў часе візыту ў Вашынгтон?”

(Вячорка: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” – гэта заканадаўчы акт амэрыканскай дзяржавы, і ім яго і выконваць. Гэта ня ёсьць пытаньне перамоваў”.

Тэма фінансавай дапамогі апазыцыі пастаянна мусіруецца ў афіцыйных крыніцах Беларусі, прычым называюцца нейкія сумы. Пра рэальныя памеры дапамогі разважае сябра дэлегацыі, старшыня аргкамітэту ў стварэньні Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Павал Севярынец.

(Севярынец: ) “Як мы даведаліся, паводле дапамогі ад Злучаных Штатаў, калі браць усе краіны СНД, то Беларусь на перадапошнім месцы, перад Туркмэністанам. Усім астатнім дапамога значна большая, на парадак прыблізна”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта маецца на ўвазе фінансавая дапамога?”

(Севярынец: ) “Так, фінансавая. Безумоўна, тыя краіны, якія не займаюць выразна антыамэрыканскую пазыцыю, як Беларусь, яны атрымліваюць праз дзяржаўныя каналы дапамогу, і там аб’ём дапамогі вялікі. Але недзяржаўныя арганізацыі Беларусі, усе тыя, зь якімі супрацоўнічаюць амэрыканцы, прыкладам, атрымліваюць у 10 разоў меншую падтрымку, чым у той жа Армэніі альбо ў пяць разоў меней, чым у Кіргізіі. І, безумоўна, даводзіцца на гэтай сытуацыі акцэнтаваць увагу”.

А што вядома пра візыт дэлегацыі апазыцыі ў Эўропу? Нагадаю, што кіраўнік грамадзкага руху “За справядлівыя выбары” Аляксандар Вайтовіч і старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас мелі даволі працяглы візыт у Парыж і Бэрлін. Француская частка праграмы мела назву “Асобы будучыні” – па ёй запрашаюцца палітыкі, якія маюць пэўныя пэрспэктывы. Яны сустракаліся з прадстаўнікамі грамадзкасьці, міжнародных арганізацый, а таксама з дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Францыі і нямецкага Бундэстага.

У адной са структураў пры міністэрстве замежных справаў Францыі абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі і магчымая супраца з грамадзянскай супольнасьцю. А як наконт “чамаданаў з далярамі”, пра якія цьвердзяць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі?

(Колас: ) “Ніводнага чамадана я асабіста не прывёз і патраціў там грошы, якія прывёз з сабой зь Беларусі, набыў там, дарэчы, сабе касьцюм францускі. Гэта за тыя грошы, якія я накапіў у Беларусі. Наадварот, тыя, хто лямантуе пра нейкія тамагаўкі і чамаданы – самі грабуць народныя грошы чамаданамі. Тыя, хто фальсыфікуе тут выбары, яны кантралююць і падгрэблі пад сябе ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны і распараджаюцца імі як сваімі ўласнымі рэсурсамі. Гэта ёсьць справа незаконная, злачынная, крымінальная і, безумоўна, трэба гэтаму супрацьстаяць, трэба наводзіць у краіне парадак і ў прынцыпе, калі будзе нейкая дапамога нам ад нашых суседзяў, сяброў, то гэта сьвятая дапамога на агульную справу”.

Паводле Ўладзімера Коласа, эўрапейцаў зьдзіўляе, што ўрад Беларусі чыніць перашкоды тым міжнародным фондам, якія хочуць, да прыкладу, дапамагчы нейкай беларускай школе ці грамадзкай арганізацыі. Падобных перашкодаў нідзе няма, таму значная часта карысных сродкаў проста замарожаная. А патрэба ў іх ёсьць, і пра гэта гаварылася на нядаўняй канфэрэнцыі ў Вільні, у якой брала ўдзел, сярод іншых, актывістка сацыял-дэмакратычнага руху Ніна Стужынская.

(Стужынская: ) “Улічваючы тое становішча, у якім знаходзяцца партыі і грамадзкія арганізацыі, канешне, дапамога патрэбная, прычым у любой форме. Гэта можа быць інфармацыйная дапамога, зь нейкімі адукацыйнымі тэхналёгіямі і гэтак далей. У тым становішчы, у якім цяпер знаходзіцца грамадзтва, дапамога патрэбна, безумоўна”.
XS
SM
MD
LG