Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Лукашэнка зразумеў, што намэнклятура адчула подых украінскіх рэвалюцыйных падзеяў, то імгненна ўзяў яе ў абцугі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адно з найбольш частых пытаньняў, на якія спрабуюць адказаць многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”, датычыць верагоднасьці палітычных зьменаў у Беларусі. Як хутка такія зьмены могуць адбыцца? Ці гатовае беларускае грамадзтва пераняць украінскі досьвед? Ці можа быць жыцьцяздольным і даўгавечным аўтарытарны рэжым на эўрапейскім кантынэнце ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі?

Адзін зь лістоў на гэтую тэму мы атрымалі днямі з Украіны, з Кіева, ад Надзеі Алішэнкі.

“Піша вам удзельніца памаранчавай рэвалюцыі. Нядаўна гасьціла ў Беларусі, слухала разам са сваімі роднымі ваша радыё. Многа гаворыце пра адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Але я ўпэўнена, што пры вашай сыстэме ніхто ня пройдзе ў прэзыдэнты, нават сам Хрыстос. Бо ніякіх выбараў у Беларусі проста няма. На чыгуначным вакзале ў Менску я сустрэла сваю аднакурсьніцу зь яе мужам. Расказала ім пра нашу рэвалюцыю, а яны мне — пра выбары ў Беларусі. Расказвалі зь веданьнем справы, бо самі ўваходзілі ў выбарчую камісію. Перад выбарамі ім была дадзена ўстаноўка, як дзейнічаць. Сяброў камісіі ня толькі запалохвалі, але і падкуплялі — аплачвалася іх паслухмянасьць вельмі някепска. А бюлетэні лічылі толькі для выгляду: якія лічбы былі пастаўлены ў выніковым пратаколе — аднаму Богу вядома. Пішу дзеля таго, каб людзі ведалі, як іх падманваюць і ня лічацца зь іх волевыяўленьнем”.

Яшчэ зусім нядаўна, спадарыня Алішэнка, улада ў вас ва Ўкраіне таксама мала лічылася з дэмакратычнымі прынцыпамі, асабліва падчас выбараў. Чым гэта скончылася — вы, як удзельніца бурных кіеўскіх падзеяў лістапада і сьнежня мінулага году, ведаеце лепш за іншых. Урэшце настаў момант, калі значнай частцы ўкраінскага грамадзтва надакучыла тое, што ігнаруюць яго думку. Людзі перасталі баяцца, выйшлі на плошчу зь мірнымі пратэстамі — і перамаглі. Для многіх у Беларусі гэтая перамога таксама мела істотнае значэньне. Бо дэмакратычны шлях разьвіцьця выбраў суседні народ, блізкі і па мове, і па культуры, і па гісторыі.

Ліст ад Алеся Цадка з Маладэчна:

“Аляксандар Лукашэнка зь ягонай магутнай інтуіцыяй нездарма бярэ ў абцугі цяперашнюю намэнклятуру, якая адчула подых рэвалюцыі з поўдня. Каму, як не яму, лепш ведаць, наколькі прадажнае чынавенства і як лёгка могуць многія сёньняшнія начальнікі “здаць” яго больш моцнаму канкурэнту (калі толькі такі зьявіцца). Асаблівых хістаньняў у намэнклятуры ня будзе: яна чуйна ловіць найменшыя зьмены ў расстаноўцы сіл і заўсёды становіцца на бок пераможцы.

Адным з такіх выразьнікаў незадавальненьня сёньняшнім гаспадаром і першым расейскім пробным каменем стаў колішні рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Але ён — не адзіны. Пакуль застаецца ў засадзе больш моцная расейская крэатура — былы дэпутат Вярхоўнага Савету ад Маладэчна Пётар Краўчанка, які мае добра разгалінаваныя сувязі па ўсёй Беларусі і ў Маскве. Я думаю, і ў нас у горадзе ў яго будзе неблагая падтрымка, у тым ліку сярод сёньняшняй намэнклятуры. Калі горадам кіраваў Генадзь Карпенка, значная частка мясцовых кіраўнікоў уваходзіла ў яго Партыю народнай згоды. Затым усе гуртам увайшлі ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю (разьлічвалі, што ў 2001 годзе Карпенка стане прэзыдэнтам). А ня стала Генадзя Дзьмітрыевіча — усе паўцякалі, як пацукі з карабля, што ідзе на дно. Зьявіцца іншы гаспадар — здадуць і Лукашэнку, як рабілі гэта ўжо не адзін раз”.

Гэтыя ўласьцівасьці намэнклятуры, пра якія вы, спадар Цадко, так пераканаўча напісалі, відавочна, добра вядомыя і Аляксандру Лукашэнку. Ці не таму ён ні ў чым (нават у дробязях) не дэманструе атачэньню сваёй слабасьці, уступлівасьці, магчымасьці ўласнага сыходу альбо паразы больш моцнаму суперніку. Многіх зьдзівіла, якой жорсткай была ягоная рэакцыя на палітычныя заявы Аляксандра Казуліна, якія зьнешне выглядалі досыць памяркоўнымі і бяскрыўднымі. Але ў тым і справа, што Казулін, у адрозьненьне ад многіх дзеячаў “старой” апазыцыі — рэальны канкурэнт, які можа завабіць на свой бок намэнклятуру. Таму намэнклятуры і дадзены наглядны ўрок, які ўражвае сваёй жорсткасьцю. Але менавіта на гэта ён і быў разьлічаны.

Наш даўні сябра, настаўнік Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну адклікнуўся на перадачу “Свабоды”, прысьвечаную пачатку вайны на Беларусі. Асабліва зацікавіла слухача тэма ваеннапалонных і канцлягераў.

“Гадоў дваццаць пяць таму, разважаючы пра нялюдзкае стаўленьне немцаў да палонных, я зьвярнуўся у савецкі Чырвоны Крыж — чаму ён не адыграў сваёй ролі. Мне прыйшоў адказ, што немцы не прызнавалі Жэнэўскага пагадненьня наконт ваеннапалонных. Думаю, гэта — палова праўды. Бо, паводле сьведчаньня аднаго майго сваяка, цяпер нябожчыка, які патрапіў у палон пасьля балятонскае катастрофы, палонным ангельцам ды амэрыканцам, што былі ў іхным лягеры, перадаваліся пасылкі праз швайцарскі Чырвоны Крыж. Ангельцы і амэрыканцы гулялі ў футбол, нашы ж чэзьлі зь неядзі. Лічу, што нялюдзкае абыходжаньне немцаў з савецкімі палоннымі было таксама справакавана пазыцыяй камуністаў і Сталіна, якія лічылі палоннага воіна здраднікам.

5 сакавіка дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне глыбакадумна абвясьціла, што ацэнка Сталіна яшчэ невядомая, што яна наперадзе. Маўляў, Чэрчыль сказаў, што Сталін атрымаў краіну ў лапцях, а пакінуў яе з атамнай бомбай. З атамнай бомбай і ў лапцях — дадам я. 1953 год — гэта год галечы і голаду, страху і бяспраўя дзясяткаў мільёнаў людзей, мільёнаў рабоў у ГУЛАГу. Я прапаную вярнуцца на радыё да тэмы ваеннапалонных. Бо амаль з 200 тысяч палоненых пад Сталінградам немцаў жыць засталіся каля 7 тысяч чалавек. Такая страшная нікчэмная цана жыцьця чалавека. Фашызм быў паабапал лініі фронту”.

Заканчвае свой ліст на “Свабоду” Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну наступнай прыпіскай:

“Дзякаваць Богу, Свабоду стала чуваць лепей. Файна ляжаць на цёплай печы ды слухаць фірмовае радыё, калі за сьцяною сьцюжа і сьнег”.

Дзякуй вам за слушную прапанову, спадар Бусел. Да тэмы вайны мы ў блізкім часе будзем зьвяртацца часта, так што сачыце за нашымі перадачамі. Што да вашых высноваў пра лёс савецкіх ваеннапалонных, то спрачацца зь імі не выпадае. Кожны чырвонаармеец бачыў, што чакае былых палонных, якіх без суду і сьледзтва залічвалі ў здраднікі і шпіёны — штрафбат альбо ГУЛАГ. І ў адным, і ў другім месцы шанцы на тое, каб выжыць, былі нязначныя.Такім чынам, выбар у савецкіх салдат быў невялікі.

На заканчэньне фрагмэнт ліста ад нашага даўняга слухача і аўтара, афіцэра ў адстаўцы Міколы Канаховіча з Пружанаў. Ён разважае пра тое, чаму ў беларускім грамадзтве мала ведаюць пра гістарычную дату 25 сакавіка 1918 году, калі нарадзілася Беларуская Народная Рэспубліка.

“Я лічу, што менавіта з прычыны гэтага невуцтва, абыякавасьці да саміх сябе, да сваёй гісторыі Беларусь на сёньняшні дзень і лічыцца ізгоем у сьвеце, — піша слухач. — Бо калі чалавек, народ, краіна забываюць, хто яны, дык і пра іх таксама забываюць. Такі народ нікому не цікавы і часьцей становіцца ахвярай агрэсара. На вялікі жаль, нашы прадзеды-дзяды ня здолелі ўратаваць таго, што даравалі ім Бог і лёс. А нашы дзяды-бацькі-браты навогул здрадзілі будучыні Беларусі, паверыўшы чужынцам у непрыкрытую хлусьню камунізму. І ў выніку кланаваліся сучасныя манкурты, якія ўжо не разумеюць мовы продкаў, ня ведаюць нацыянальных сьвятыняў, традыцыяў, нацыянальнай культуры. Яны топяць у гарэлцы сваю самасьвядомасьць ды чалавечую годнасьць.

Таму хацелася б прасіць прафэсійных палітыкаў-дэмакратаў, каб яны не валтузіліся паміж сабой і не дзялілі вецер, а вярталі памяць і мову — хоць бы той частцы грамадства, якая яшчэ здольная называць сябе беларусамі. Бо толькі праз нацыянальную ідэю, мову, культуру, традыцыі можна здабыць палітычную незалежнасьць і волю. Пакуль на гэтай ніве працуе толькі сапраўдны нацыянальны герой Зянон Пазьняк са сваімі паплечнікамі і аднадумцамі”.

Асабіста я, спадар Канаховіч, не наважыўся б адрасаваць у мінулае сваім дзядам ды бацькам такія сур’ёзныя папрокі і нараканьні. Час, у які выпала жыць, не выбіраюць. Ды і ці верылі нашы бацькі і браты ў тое, што вы называеце “хлусьнёй камунізму”? Ці быў хоць які-небудзь выбар у іх, перажылых калектывізацыю і вайну, запалоханых НКВД і ГУЛАГам, ізаляваных ад сьвету “жалезнай заслонай” і атручаных камуністычнай прапагандай? Кожнае пакаленьне (а найперш кожная асоба) самі, і найперш перад уласным сумленьнем і перад Богам адказваюць за свае ўчынкі і за тое, якую спадчыну пакідаюць дзецям і ўнукам.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алена Лютко, Юрась Навіцкі і Віктар Бута зь Менску, Уладзімер Гайдукевіч зь вёскі Любонічы Кіраўскага раёну, Эдуард Тобін са Смалявічаў і Надзея Мініна зь Вялейкі. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG