Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куоліс: Мы ня можам дзяліць спадчыну ВКЛ з пазыцыі нацыяналізму пачатку 20-га стагодзьдзя


Міхал Стэльмак, Менск Палітычная спадчына Вялікага княства Літоўскага мае надзвычай важнае значэньне для сёньняшніх беларусаў і літоўцаў. Пра гэта заявіў сёньня ў Менску дырэктар Інстытуту грамадзянскай супольнасьці Літвы Дарыюс Куоліс на сустрэчы з актывістамі няўрадавых арганізацыяў Беларусі.

Арганізавала абмеркаваньне тэмы палітычнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага амбасада Літвы ў Беларусі. Паводле Дарыюса Куоліса, гэтая спадчына сярэднявечнай дзяржавы дагэтуль ня страціла сваёй каштоўнасьці:

(Куоліс: ) “І для літоўскага, і для беларускага грамадзтваў. Таму што тады, у XVI стагодзьдзі, была створаная прастора грамадзянскіх каштоўнасьцяў, якая аб’ядноўвала нашыя народы. Як сьведчыць цяперашні літоўскі досьвед, тагачасныя традыцыі маюць вялікае значэньне для сучаснага народу Літвы. Найперш таму, што яны тычацца самастойнасьці нашага грамадзтва. На маю думку, гэтыя ж традыцыі каштоўныя і для цяперашняга беларускага грамадзтва. Мы ня можам дзяліць спадчыну Вялікага княства Літоўскага з пазыцый нацыяналізму пачатку ХХ стагодзьдзя”.

Лічыць дырэктар Інстытуту грамадзянскай супольнасьці Літвы. Як падкрэсьліў Дарыюс Куоліс, трэба адмовіцца ад нэгатыўнага досьведу, зьвязанага зь Вялікім княствам Літоўскім, калі беларусы (як і літоўцы) імкнуліся паасобку абвясьціць сябе спадкаемцамі гэтай дзяржавы, таму што ВКЛ ня супадае тэрытарыяльна ні зь цяперашняй Літвой, ні зь цяперашняй Беларусьсю. Паводле спадара Куоліса, насельнікі ВКЛ былі адной палітычнай нацыяй, ад якой паходзяць сучасныя беларусы і літоўцы.

Гэты пункт гледжаньня на гісторыю Вялікага княства Літоўскага падзяляюць і беларускія ўдзельнікі сёньняшняй сустрэчы. Вось, прыкладам, якім меркаваньнем падзялілася выкладчыца Інстытуту сучасных ведаў з Горадні, кандыдат гістарычных навук Натальля Сьліж:

(Сьліж: ) “Гэта цікавая спроба размовы паміж літоўцамі і беларусамі на тэму Вялікага княства Літоўскага паміж людзьмі, якія не гісторыкі, але грамадзка актыўныя людзі. Гэта важна, бо гэта вельмі старажытны і ганаровы пэрыяд нашай Айчыны. Мы павінны ўзяць самае лепшае: самы цікавы досьвед дэмакратыі, досьвед Соймаў. Гэта была ўнікальная краіна, дзе была ўжо выбарчая сыстэма на Соймы, дзе быў парлямэнтарызм, дзе быў адзіны выбарны кароль ва ўсёй Эўропе. Ад гэтага адмаўляцца проста нельга, бо гэта – як саміх сябе абрабаваць”.

Лічыць Натальля Сьліж, выкладчыца гісторыі з Горадні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG