Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму бровару “Крыніцы” – мільён даляраў штрафу


Ігар Карней, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі налічыў менскаму бровару “Крыніца” больш за мільён даляраў штрафных санкцый. Сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прызнаў абгрунтаванымі фінансавыя прэтэнзіі піваварнай кампаніі “Балтыка” з Санкт-Пецярбургу да менскага бровару “Крыніца”.

Яшчэ летась “Балтыка” зьвярнулася ў Маскоўскі арбітражны суд з пазовам на 3,5 мільёна даляраў супраць беларускага піўзаводу. Заяўленыя ў пазове выдаткі, на думку кіраўніцтва “Балтыкі”, рэальна адлюстроўвалі страты кампаніі ад інвэстыцыйнай “дзейнасьці” ў Беларусі.

Нагадаем, што летам 2001 году “Балтыка” паставіла ў Менск абсталяваньне на суму 10,5 мільёна даляраў, абяцаючы завершыць поўную перабудову “Крыніцы” да канца 2002 году. Аднак беларускі бок ад інвэстыцыяў нечакана адмовіўся – пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка перадумаў аддаваць “Балтыцы” кантрольны пакет акцый прадпрыемства. Пасьля гэтага беларуска-расейскае супрацоўніцтва было заўчасна згорнутае.

Фінансавыя прэтэнзіі “Балтыкі” да “Крыніцы” па штрафных санкцыях Маскоўскі арбітражны суд задаволіў меней, чым напалову, пастанавіўшы спагнаць з “Крыніцы” 1,23 мільёна даляраў.

Цягам амаль паўгоду беларускі бок вывучаў сытуацыю, і сёньня Вышэйшы гаспадарчы суд нарэшце пацьвердзіў, што менскі бровар “Крыніца” мусіць заплаціць расейскай “Балтыцы” менавіта такую суму – 1,23 мільёны даляраў у якасьці штрафных санкцый за нявыкананыя партнэрскія абавязацельствы.
XS
SM
MD
LG