Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды гомельскія нэанацысты зьбіраюцца правесьці 25 сакавіка шэсьце ў Менску?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня зьявіліся зьвесткі пра намер нэанацыстаў з Гомеля правесьці 25 сакавіка шэсьце ў цэнтры Менску. Як да гэтага ставяцца ў менскай міліцыі і як камэнтуе гэтыя зьвесткі былы парлямэнтары Андрэй Клімаў, які заплянаваў на 25 сакавіка “беларускую рэвалюцыю”?

Зьвесткі пра намер правесьці у цэнтры Менску пікет і марш нэанацыстаў зьявіліся на адным з інтэрнэт-сайтаў 21 сакавіка. Мерапрыемства быццам заплянаванае на 25 сакавіка і заява зробленая ад імя гомельскіх нэанацыстаў.

У якасьці падставы названая гадавіна сьмерці 18-гадовага гамельчаніна Аляксандра Паплеўкіна, забітага нібыта студэнтамі з краінаў Блізкага Ўсходу. Аўтары заявы сьцьвярджаюць, што ўлады ня жадаюць расьсьледаваць гэтую справу, а таксама абвінавачваюць ў “непатрыятычнай пазыцыі” адміністрацыю Гомельскага ўнівэрсытэту. 25 сакавіка адзінадумцы Паплеўкіна зьбіраюцца пікетаваць рэспубліканскую пракуратуру, а потым правесьці шэсьце ў цэнтры Менска.

Між тым, нагадаю, на 15 гадзінаў 25 сакавіка абвешчанае правядзеньне на Кастрычніцкай плошчы сталіцы мітынгу адзінадумцаў былога дэпутата Андрэя Клімава. Андрэй зьвязаў зьвесткі пра марш нэанацыстаў менавіта з акцыяй, якую ён заплянаваў. Пры гэтым ён перакананы, што сарваць ягоных плянаў нікому не ўдасца.

(Клімаў: ) “Слон, калі ідзе па прэрыі, ня толькі не баіцца зьмей, ён іх не заўважае. А калі якая зьмяя патрапіць яму пад ногі, ад яе застанецца мокрае месца. Гэта я абяцаю ўсім фашыстам. Хай і не думаюць пайсьці на правакацыю”.

Нагадаю, Андрэй Клімаў заклікаў сабрацца пад антыпрэзыдэнтцкімі лёзунгамі. Менскія гарадзкія ўлады дазволу на такі мітынг не далі.

У менскай міліцыі і гарадзкой адміністрацыі паведамілі, што там нічога невядома пра падрыхтоўку гомельскіх нэанацыстаў да маршу ў Менску.

“Зьвестак пра заяўку на такі марш ў нас няма”, – сказалі ў прэсавым цэнтры Менгарвыканкаму. А ў міністэрстве ўнутраных справаў пляны правесьці шэсьце нэафашыстаў у Менску сустрэлі сьмехам.

(Клепча: ) “У нас дзяржава не такая слабая, каб ня зладзіць з нэанацыстамі ці нейкімі іншымі. Ва ўсялякім разе, у год 60-годзьдзя Перамогі гэтага ніхто не дазволіць”,– сказаў прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў Генадзь Клепча.

Супрацьзаконныя акцыі з удзелам нэанацыстаў у Беларусі ня рэдкасьць. Яны носяць як палітызаваны, так і звычайны хуліганскі характар. Прыкладам, некалькі гадоў у цэнтры Менску нэанацысты зьбілі актывістаў арганізацыі “Хартыя-97” Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнку, пазьней былі зафіксаваныя напады нэанацыстаў на актывістаў “Маладога фронту”. Літаральны тыдзень таму ў Менску “скінхэды” атакавалі паранілі трох юнакоў на сталічнай дыскатэцы “Лео”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG