Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатам стаў рэктар ГрДУ, міліцыянты зьнішчылі відэазапіс


Сяргей Астраўцоў, Горадня Учора адбыліся паўторныя выбары ў 52-й Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе. Дэпутатам палаты прадстаўнікоў стаў рэктар Гарадзенскага унівэрсытэту Сяргей Маскевіч. У яго, паводле афіцыйных дадзеных, 65% галасоў. У прадстаўнікоў апазыцыі, якія ўдзельнічалі у выбарах, Сяргея Антусевіча і Валерыя Фралова адпаведна па 14% і 12% адсоткаў галасоў. Польскіх журналістаў “Newsweek” і “Polsat” затрымалі, калі яны спрабавалі запісаць на відэа, як адбываецца падлік галасоў. Міліцыянты зьнішчылі гэты відэазапіс.

Прадстаўнікі апазыцыі наладзілі назіраньне на выбарах. На кожным участку былі два назіральнікі ад каманды Антусевіча, былі таксама назіральнікі ад каманды Фралова і дэпутаты мясцовых саветаў, палову якіх у нядзелю выдалілі з участкаў.

Давераная асоба Сяргея Антусевіча Сяргей Мальчык таксама займаўся назіраньнем. Паводле яго, шмат у якіх акругах палова выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі, прагаласавалі датэрмінова. Прычым на датэрміновым галасаваньні амаль усе бюлетэні былі ўкінуты за кандыдата уладаў рэктара Маскевіча.

Яшчэ адна асаблівасьць: калі назіральнікі падлічвалі кожнага чалавека, хто прыходзіў на ўчастак, каб прагаласаваць, то камісіі давалі іншыя лічбы. На некаторых участках іхнія лічбы былі большыя нават на 150 і на 300 чалавек.

(Мальчык: ) “Праца ў гэтай акрузе мяне канчаткова пераканала, што дамагчыся аб’ектыўнасьці падчас выбараў немагчыма. Таму што ўлады выкарыстоўваюць дзьве важныя рэчы: першае — гэта датэрміновае галасаваньне, дзе скрыні непадкантрольныя, дзе бюлетэні можна замяніць. І другое: гэта — падлік галасоў. На ўсіх участках пры падліку галасоў ніводзін назіральнік рэальна бачыць самі бюлетэні ці чуць — колькі бюлетэняў у тым ці іншым стосе — ня можа”.

Дарэчы, тры польскія журналісты, якія знаходзіліся гэтымі днямі ў Горадні, якраз паспрабавалі ўчора ўвечары запісаць на відэа і сфатаграфаваць падлік галасоў на ўчастках 38 і 39, што знаходзяцца ў адным месцы — у 3-й школе.

Усіх трох журналістаў затрымалі – гэта былі Міхал Кацэвіч і Адам Тухліньскі з польскага выданьня “Newsweek” і Марцін Сьмялоўскі з тэлеканалу “Polsat”. На выбарчым участку іх затрымалі амонаўцы, сьцьвердзіўшы, што ў палякаў нібыта несапраўдныя акрэдытацыйныя карткі.

(Сьмялоўскі: ) “Нас пасадзілі ў дзьве машыны разам з амонаўцамі і адвезьлі ў РАУС. Там напачатку пагражалі, што ўчыняць нам асабістую праверку, што адбяруць апаратуру, каб праверыць, што мы там зьнялі і сфатаграфавалі. Але мы сказалі, што бяз польскага консула мы ім нічога не дадзім і ня будзем зь імі размаўляць.”

Калі прыехаў польскі консул Якубік, журналісты далі міліцыянтам тлумачэньні. Высьветлілася, што акрэдытацыйныя карткі ў затрыманых сапраўдныя. Міліцыянты адпусьцілі польскіх журналістаў пасьля 11 гадзінаў вечара — праз тры гадзіны пасьля затрыманьня. Між іншым, Марціна Сьмялоўскага пакаралі за тое, што ён пакінуў у гатэлі свой пашпарт.

(Сьмялоўскі: ) “На мяне склалі пратакол паводле 185 артыкулу адміністрацыйнага кодэксу за парушэньне правілаў знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Мне пагражаў штраф, але ў прысутнасьці нашага консула я быў проста папярэджаны. Начальнік РАУС сказаў мне, што калі гэта паўторыцца, і калі на мяне зноў складуць адміністрацыйны пратакол, я сяду ў турму”.

Карэспандэнта тэлебачаньня “Polsat” Марціна Сьмялоўскага ў міліцыі прымусілі сьцерці відэазапіс, які быў зроблены ім на выбарчым участку.
XS
SM
MD
LG