Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантраляваць працаўладкаваньне беларускіх спартоўцаў за мяжой будзе Міністэрства ўнутраных справаў


Ігар Карней, Менск Беларускія спартоўцы, якія зьбіраюцца скарыстацца магчымасьцю выступаў за мяжой, будуць трапляць пад дзеяньне дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі “Аб мерах у супрацьдзеяньні гандлю людзьмі”. Гэта вырашана на адмысловым паседжаньні Савету бясьпекі, кіруе якім Генадзь Нявыглас (адначасна старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу). Цяпер кандыдатура спартоўца павінна ўзгадняцца ў адпаведных сілавых органах, а кантракты, уключна з працэдурай пасярэдніцтва, будуць магчымыя толькі пры наяўнасьці адмысловага дазволу з боку Міністэрства ўнутраных справаў. Як успрынятая падобная ініцыятыва ў спартовых колах?

Цяпер асобныя фэдэрацыі ці каманды, якія накіроўваюць спартоўцаў за мяжу, мусяць падаваць інфармацыю пра іх у Міністэрства ўнутраных справаў. Адпаведна, юрыдычныя асобы будуць несьці адказнасьць за сваіх выхаванцаў, калі тыя адмовяцца вяртацца дадому альбо “патрапяць у няволю”.

Яшчэ больш праблемаў узьнікне ў атлетаў, якія захочуць дзесьці працаўладкавацца самастойна. У гэтым зьвязку Іна Мільшына, маці бронзавай прызэркі сыднэйскай Алімпіяды Лаліты Яўглеўскай, не хавае задавальненьня, што дачка пасьпела ад’ехаць у Аўстралію і прыняць аўстралійскае грамадзянства да ўсіх гэтых навінаў.

(Мільшына: ) “Тут яны мямлілі, усё кантракту зь ёй не маглі падпісаць. Відавочна, баяліся, што пачнуць плаціць ёй, а яна ня будзе трэніравацца і дрэнна за іх выступіць. Лаліта вельмі добрасумленны чалавек: яна б і езьдзіла, і выступала. Але замялі справу менавіта тут. І яна тады сказала: “Усё, я выступаю за Аўстралію”.

Рашэньнем Савету бясьпекі ліцэнзія на працаўладкаваньне ў замежных камандах будзе выдавацца толькі пасьля комплекснай праверкі кампэтэнтных органаў умоваў вызначанай дзейнасьці. Апроч таго, у падразьдзяленьнях грамадзянства і міграцыі неабходна будзе рэгістраваць працоўныя дамовы з замежнымі наймальнікамі.

Алімпійскі чэмпіён у вэляспорце Ўладзімер Камінскі кажа, што цяпер практычна ўсе прадстаўнікі гэтай спартовай дысцыпліны мусяць падтрымліваць форму ў замежных клюбах, паколькі ўласнай базы ў Беларусі няма. Таму для раварыстаў вельмі актуальнае пытаньне: наколькі лёгка можна будзе падпісваць кантракты з італьянскімі ці францускімі камандамі?

(Камінскі: ) “Адразу згадваецца такі пэрсанаж, як маёр Пронін, які ўсё ўсюды бачыць і за ўсім назірае…”

(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што пакуль спартоўцы маладыя, для іх праца за мяжой — яшчэ і шанец зарабіць”.

(Камінскі: ) “Іх намаганьні скіраваныя, перш за ўсё, на тое, каб падвысіць узровень майстэрства. Калі майстэрства няма, дык і грошай ня будзе. За прыгожыя вочы ў замежныя клюбы не бяруць, павінен быць вынік. Плацяць менавіта тым, хто паказвае вынік. Але калі практыка будзе такая, што спартовец хоча выехаць, а яму будзе гэта забаронена без усялякіх падставаў, тады гэта нядобра. Калі ж простая фармальнасьць?.. Пакажа час, як гэта будзе выглядаць на практыцы: ці каб усе грамадзяне былі пад наглядам, ці каб усе былі ў бясьпецы”.
XS
SM
MD
LG