Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у беларускія палітыкі ацэньваюць падзеі ў Кіргістане?


Уладзімер Глод, Менск Апошнія падзеі ў Кіргістане, дзе апазыцыя спрабуе дамагчыся адмены вынікаў парлямэнцкіх выбараў, выклікаюць цікавасьць і ў Беларусі. Вось як пракамэнтавалі сытуацыю нашаму карэспандэнту вядомыя палітыкі.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі перадусім зьвяртае ўвагу на гістарычны аспэкт падзеяў:

(Беленькі: ) “Я ведаю пра кіргіскія падзеі крыху больш, паколькі мая родная сястра жыла ў Ошы, тым самым горадзе, у якім падчас Гарбачова былі так званыя міжэтнічныя канфлікты, крывавыя канфлікты. Сёньня вядома, што гэтыя падзеі былі справакаваныя сьвядома крамлёўскай уладай. А закладзены канфлікт быў яшчэ пры Сталіну, калі частку Фэрганскай даліны, заселеную ўзбэкамі, аддалі Кіргізіі. Павінна быць разуменьне, што там ёсьць клубок праблемаў, якія не вырашаюцца адным днём, і праблемаў, якія маглі быць вырашаныя, калі б не такая роля Масквы. Мы павінны разумець, што калі Масква праводзіць агрэсіўную палітыку паўсюдна на постсавецкай прасторы (мы бачым гэта і ў Беларусі), дык праз гэтую прызму і трэба абавязкова глядзець на кіргіскія падзеі”.

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец перакананы, што народ Кіргістану змагаецца за дэмакратыю:

(Скрабец: ) “Людзі абараняюць свае правы, змагаюцца за незалежнасьць, за дэмакратыю. А вось у нас гэтага, на мой погляд, пакуль чакаць немагчыма. У нас іншы мэнталітэт. Кожны думае: няхай пра апазыцыю хлусяць, няхай садзяць за краты, абы толькі мяне гэтага не чапала. 25-га будзе клімаўскі мітынг, збор. Пабачыце, што там нікога ня будзе. Наадварот, многія нават у краму ня пойдуць, будуць сядзець дома, абы мімаходзь іх не зачапілі”.

Улада, якая не паважае волю народу, рана ці позна мусіць сысьці, лічыць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі. Таму, на ягоны погляд, падзеі ў Кіргістане сьведчаць пра аб’ектыўныя працэсы:

(Дабравольскі: ) “Мне здаецца, што гэта заканамерная зьява — калі хочуць маніпуляваць выбарам людзей, то будуць і пратэсты. Адно што мяне засмучае — тое, што з абодвух бакоў ужываецца гвалт, а гэта вельмі дрэнна і да добрага прывесьці ня можа. Усё зацягваецца, будзе асабістая помста, і гэта шкада”.

Сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Аляксандар Малазёмаў быў запрошаны на выбары ў Кіргістан у якасьці назіральніка. Але туды ён не паляцеў — захварэў. “Калі б я там быў, дык і ніякіх эксцэсаў не было б”, — пажартаваў ён. Увогуле ж, спадар Малазёмаў лічыць, што любыя супярэчлівыя пытаньні трэба вырашаць у межах законаў:

(Малазёмаў: ) “Гэта непрымальна, нецывілізавана. Такія пытаньні трэба вырашаць так, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце. Патрэбна праводзіць сваіх людзей у парлямэнт, прымаць законы, прымаць там рашэньні”.
XS
SM
MD
LG