Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскім журналістам загадалі сьцерці запісаныя на камэру кадры


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Пра ўчорашнія затрыманьні польскіх журналістаў у Горадні пішуць сёньня вядучыя газэты Польшчы. Марціна Сьмялоўскага, які працуе для польскга радыё і тэлебачаньня “Polsat”, а таксама супрацоўнікаў часопісу “Newsweek Polska” Міхала Кацэвіча і Адама Тухліньскага абвінавацілі ў тым, што яны маюць падробленыя акрэдытацыі.

Аўтарытэтны штодзёньнік “Rzeczpospolita” адзначае, што польскія журналісты, якіх затрымаў беларускі АМОН, прыехалі ў Беларусь на афіцыйнае запрашэньне Беларускай асацыяцыі журналістаў і мелі афіцыйныя акрэдытацыі МЗС Беларусі, якія давалі ім права наглядаць за галасаваньнем.

Адзін з польскіх журналістаў – Міхал Кацэвіч – пасьля вызваленьня паведаміў газэце, што ў яго пыталіся, хто яго запрасіў і каго ён у Беларусі ведае.

У сваю чаргу “Gazeta Wyborcza” падае словы іншага затрыманага – Адама Тухліньскага, які паведаміў, што на пачатку польскіх журналістаў насуперак выбарчаму заканадаўству не хацелі пускаць на тэрыторыю выбарчага ўчастку, а пазьней абвінавацілі ў несапраўднасьці акрэдытацыяў.

Спадар Тухліньскі паведаміў, што журналістам загадалі выключыць мабільныя тэлефоны, а таксама сьцерці запісаныя на камэру кадры.

Польскіх журналістаў, як піша “Выборча”, трымалі ў пастарунку тры гадзіны і адпусьцілі без усялякіх тлумачэньняў.

Гл. таксама • Дэпутатам стаў рэктар ГрДУ, міліцыянты зьнішчылі відэазапіс
XS
SM
MD
LG