Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анжэліка Агурбаш мяняе песьню, зь якой будзе прадстаўляць Беларусь на "Eurovision"


Ігар Карней, Менск 21 сакавіка ў Кіеве адбудзецца паседжаньне кіраўнікоў дэлегацый краінаў-удзельніцаў конкурсу “Эўрабачаньне-2005”. Гэта апошні тэрмін, калі трэба пацьвердзіць: якую менавіта песьню праз два месяцы прадставіць кожны з выканаўцаў на суд нацыянальных журы? Апроч таго, пройдзе жараб’ёўка, якая вызначыць чаргу выканаўцаў у паўфінальнай і фінальнай частках конкурсу. Як рыхтуецца да выступу ва ўкраінскай сталіцы вызначаная дзяржаўным журы Анжэліка Агурбаш?

Учора ва Ўкраіну выправіліся прадстаўнікі Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, якія павезьлі пакет матэрыялаў беларускай удзельніцы. Відавочна, беларусы ўсё ж пасьпяваюць скокнуць у апошні вагон “да Кіеву”. Справа ў тым, што цэлы месяц Анжэліка раскручвала песьню “Boys&Girls”, зь якой і зьбіралася дэбютаваць на “Эўрабачаньні”. І раптам у пятніцу на прэс-канфэрэнцыі яна абвясьціла, што прынятае іншае рашэньне: прадстаўнікам Эўрапэйскага вяшчальнага зьвязу будзе названая кампазыцыя “Love me tonight” аўтараў з Грэцыі Нікаласа і Нэктарыюса.

Ці пасьпее сьпявачка пры сваіх надзвычай вялікіх амбіцыях “раскруціць” зусім новую песьню? Пра гэта я запытаўся ў генэральнага прадусара і мужа Анжэлікі, Мікалая Агурбаша. Бо ад таго, колькі сродкаў здольны ён укласьці ў рэклямную кампанію, у вялікай ступені будзе залежыць і канчатковы посьпех. Нагадаю, што выдаткі ўкраінкі Русланы напярэдадні Стамбулу склалі больш за мільён даляраў.

(Агурбаш: ) “Дзеля перамогі мы робім ўсё, што прынясе посьпех. Таму ў нас бюджэту няма…”

(Карней: ) “Значыць, бюджэт неабмежаваны?”

(Анжэліка: ) “Мы на сёньняшні дзень робім усё магчымае і, самае галоўнае, немагчымае, каб наступнае “Эўрабачаньне” адбылося ў Беларусі”.

(Мікалай Агурбаш: ) “Мы нічога не купляем і нікога не падкупляем, бо наша сьпявачка самая лепшая і таленавітая. Гэта для вас я кажу, каб не наводзілі “тень на плетень” – Агурбаш быццам усіх купіў…”

(Анжэліка: ) “…на сваю родную сьпявачку “гоніце”, якая будзе вас жа прадстаўляць на “Эўрабачаньні”.

(Мікалай Агурбаш: ) “Да чаго толькі ні дагаварыліся: Анжэліка быццам ні сьпяваць зусім ня ўмее, ні таньчыць, і ходзіць праз раз”.

Зьдзіўляе, што ані сьпявачка, ані ейны прадусар ніяк не ўзгадваюць пра паўфінал “Эўрабачаньня”, які адбудзецца 19 траўня. Усе размовы – толькі пра перамогу ў фінале. Гэта вельмі нагадвае мінулагоднюю гісторыю, калі чыноўнікі ўжо рыхтаваліся прыняць конкурс 2005 году ў Менску, а дуэт “Аляксандра і Канстанцін” нават не прайшоў сіта паўфіналу.

Таксама цягам усёй прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу Мікалай Агурбаш выказваў незадаволенасьць, што беларускія журналісты практычна ніяк не рэагуюць на Анжэліку – “зорку ўсясьветнага маштабу”. Відавочна, таму сьпявачка і аддзячыла выключна ўрадоўцам і свайму мужу. Маўляў, урад ды каўбасны завод Агурбаша зараз робяць усё, каб наступнае “Эўрабачаньне” адбылося ў Беларусі.

(Анжэліка: ) “Я вельмі ўдзячная ўраду, усім міністэрствам, таму што яны хочуць перамогі. Нават фармуецца адмысловая група падтрымкі з сотні чалавек на “Эўрабачаньне”. Для мяне ўсё гэта мае вялізнае значэньне. Я ведаю, што за мной народ, за мной урад…”

(Мікалай Агурбаш: ) “Трэба, дарэчы, адзначыць, што ўрад нашмат больш актыўны, чым народ і журналісты…”

Шмат ужо сказана пра парадаксальную сытуацыю: Беларусь на “Эўрабачаньні” будзе прадстаўляць Анжэліка Агурбаш, якая даўно жыве ў Расеі, тады як ад Расеі ў Кіеў выправіцца сьпявачка з Магілёву Натальля Падольская…

Узгадаем, што Падольская была прэтэндэнткай на мінулагодні конкурс у Стамбуле, і толькі сумнеўныя вынікі галасаваньня такой магчымасьці яе пазбавілі. Агурбаш сёлета ні з кім не змагалася, бо была прызначаная ад імя міністэрства культуры. Усе гэтыя нюансы робяць іх неўтаймаванымі суперніцамі, і стрэлы, якія раз-пораз ляцяць у варожы лягер, досыць далёкія ад дыпляматыі. Агурбашы кажуць, што такой сьпявачкі проста ня ведаюць. І вось адказ прадусара Натальлі Падольскай, ейнага бацькі Юрыя Падольскага:

(Падольскі: ) “Расейцы перайшлі ад практыкі журы да глядацкага галасаваньня, зразумеўшы ранейшую памылку: толькі глядач можа зрабіць правільны выбар. А беларусы зноў пайшлі традыцыйна, зноў журы выбірала. І аказалася, што ўсе гэтыя дзяўчаты зусім ня вырасьлі ў прафэсійным сэнсе. Значыць, зь імі ніхто не займаўся. Але калі дзяржава вырашыла ўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах, то дзе тады Раінчыкі, Фінбэргі, Ціхановічы? Чаму, маючы студыі, аркестры, яны так нікога і не падрыхтавалі?

Адыграла галоўную ролю іншае: муж Лікі бярэцца ўсё праплаціць, а мы, маўляў, заашчадзім бюджэтныя сродкі. Ну, зьезьдзіць яна, выступіць, атрымае сваё 15, 13, 10 месца, і ад’едзе зноў у Маскву. Што ў Беларусі застанецца?”
XS
SM
MD
LG