Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці спыняць прадпрымальнікі страйк пасьля ўказу Лукашэнкі?


Міхал Стэльмак, Менск На гэтым тыдні чакаецца падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам канчатковага варыянту ўказу пра ўмовы працы дробнага бізнэсу. Улады мяркуюць, што гэты дакумэнт урэгулюе іхны канфлікт з прадпрымальнікамі, якім быў выкліканы распачаты 1 сакавіка агульнанацыянальны страйк бізнэсоўцаў.

У мінулы чацьвер Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, дзе разглядаліся ўзаемадачыненьні з прадпрымальнікамі і на якой былі агучаны, так бы мовіць, базавыя прынцыпы ўказу, які кіраўнік краіны зьбіраецца падпісаць. Што можна сказаць пра рэакцыю на іх прадпрымальніцкага асяродзьдзя?

У прадпрымальніцкіх колах ў апошнія дні сапраўды шырока абмяркоўваліся заявы Лукашэнкі, якія прагучалі ў часе згаданай нарады. І найперш – катэгарычная падтрымка ім прынцыпу спагнаньня з дробных бізнэсоўцаў падатку на дабаўленую вартасьць. Таго самага падатку, які і справакаваў цяперашні буйнамаштабны канфлікт прадпрымальнікаў і ўладаў.

Нагадаю, што Лукашэнка паабяцаў гандлярам кампэнсаваць іх фінансавыя страты ад увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць ільготамі па арэндзе. Дык вось, абсалютная колькасьць прадстаўнікоў дробнага бізнэсу адмоўна ўспрыняла гэтыя ініцыятывы Лукашэнкі. Вось, напрыклад, што зазначыў на гэты конт менскі прадпрымальнік, актывіст грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Андрэй Шэўчык:

(Шэўчык: ) “Невялікія зьніжэньні па арэндзе аніяк ня зьменяць сытуацыю з падаткам на дабаўленую вартасьць. У агульнай колькасьці нашы плацяжы вырастуць у 2,5 разы. А тое, што яны зьменяць арэнду–гэта фікцыя”.

Цяперашні канфлікт уладаў і прадпрымальнікаў –ня першы ў іхных узаемадачыненьнях. Дробныя гандляры канфліктуюць з уладамі літаральна ад самага пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Што тычыцца гістарычнага досьведу гэтых канфліктаў, то вось якімі зьвесткамі на гэты конт падзяліўся аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Сяргей Балыкін, які ў мінулым быў адным з актывістаў Беларускага саюзу прадпрымальнікаў:

(Балыкін: ) “Калі мы паглядзім на гісторыю змаганьня прадпрымальнікаў за свае правы, то нічога добрага мы там ня знойдзем. Улада на нейкі час адступае назад ад сваіх пазыцыяў, але ж потым яна ціхенька, паступова вяртаецца да сваіх пазыцыяў і можа займаць нават больш жорсткую пазыцыю. Гэтак было з касавымі апаратамі, як мы памятаем. Мы памятаем, як Саюз прадпрымальнікаў зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд, і гэты суд вынес нават рашэньне на карысьць прадпрымальнікаў. Але ж гэтае рашэньне не насіла нейкага абавязковага характару, і ўлада абавязала ўсіх паставіць гэтыя касавыя апараты”.

Якая зараз сытуацыя са страйкам? На многіх рынках краіны цяпер назіраеццца такая карціна: частка гандляроў працуе, а другая частка ўсё яшчэ страйкуе. Але адметна тое, што нават тыя, хто ўжо вярнуўся на працоўныя месцы, тлумачаць гэта зусім ня тым, што яны згодныя з апошнімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі наконт новых умоваў працы у сфэры дробнага бізнэсу. Як вынікае зь іх тлумачэньня, дробных бізнэсоўцаў гоніць на працу найперш жаданьне палепшыць свой дабрабыт, пакуль ня запрацаваў мэханізм кантролю за ўплатаю падатку на дабаўленую вартасьць.

Дарэчы, паводле некаторых некаторых актывістаў прадпрымальніцкага руху, адсутнасьць адзінства ў асяродзьдзі бізнэсоўцаў якраз і спрычынілася да таго, што ўлады адмаўляюцца выконваць галоўнае патрабаваньне ўдзельнікаў акцыі пратэсту – адмену падатку на дабаўленую вартасьць. Гэтак, напрыклад, лічыць лідэрка прадпрымальнікаў Дзяржынску Тацяна Ваніна:

(Ваніна: ) “Самая вялікая бяда ў гэтай сытуацыі, што яны адчуваюць сябе адзін другога сваімі канкурэнтамі. Я казала, што ў гэтых умовах вы ня канкурэнты, вы павінны быць саюзьнікамі ў змаганьні за свае правы. Калі вы гэтага ня зразумееце, калівы будзеце бачыць адзін ў другога толькі канкурэнта – гэты забаставаў, а я ў гэты час выйду і нешта прадам, зараблю нейкія там дваццаць, трыццаць ці сорак тысяч рублёў – гэта ня справа. Справа так ня вырашаецца. Ёсьць моманты, калі ўсе мабілізуюцца і б’юць у адну кропку, каб вырашыць самую важную справу”.

Што тычыцца далейшага лёсу страйку, то, паводле лідэраў прадпрымальнікаў, якія ўваходзяць у грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”, рашэньне на гэты конт будзе прынятае пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпіша ўказ пра новыя ўмовы працы прадпрымальнікаў і гэты дакумэнт будзе абмеркаваны ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. У прыватнасьці, вось што паведаміў на гэты конт актывіст “Пэрспэктывы” з Барысава Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Пры паступленьні гэтага ўказу мы яго вывучаем і пачынаем выходзіць на працу. Людзям трэба жыць. Трэба разабрацца з гэтай “вакханаліяй” – дзе, што, чаго? А да 1 ліпеня мы будзем працягваць актыўную працу ў прадпрымальніцкіх колах па выпрацоўцы далейшай тактыкі”.
XS
SM
MD
LG