Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

21 сакавіка 1840 году нарадзіўся Францішак Багушэвіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 20 і 21 сакавіка

Спачатку – пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.

20 сакавіка 1440 году загінуў Жыгімонт Кейстутавіч, брат Вітаўта Вялікага. Жыгімонт восем гадоў быў вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага – гэта значыць, сярэднявечным кіраўніком Беларусі – і ўвайшоў у гісторыю як той, хто спрыяў праваслаўным беларускім фэадалам. Забілі яго князі Чартарыйскія ў выніку змовы.

20 сакавіка 1828 году нарадзіўся нарвэскі драматург Генрык Ібсэн, найбольш вядомы твор якога – опэра “Пэр Гюнт”. А 20 сакавіка 1853 году зьявіўся на сьвет знакаміты мастак Вінсэнт Ван Гог. Цікава, што мастаком Ван Гог стаў толькі ў трыццаць гадоў, і за сем гадоў напісаў больш за 800 карцін – праўда, пры жыцьці прадалася толькі адна ягоная праца.

20 сакавіка 1862 году ў Халопенічах нарадзіўся Адам Багдановіч, беларускі этнограф, бацька паэта Максіма Багдановіча.

20 сакавіка 1897 году нарадзіўся Мікалай Гікала. Паходзіў Гікала з Адэсы. У 1930-я гады яго прыслалі кіраўніком кампартыі ў Беларусь. Тут Гікала становіцца арганізатарам масавых камуністычных рэпрэсіяў супраць мірнага беларускага насельніцтва. З 1932 да 1937 году менавіта ён кіраваў рэспублікай і адпаведна – арыштамі, высылкамі і расстрэламі народу, татальным вынішчэньнем нацыянальнае інтэлігенцыі, культуры і мовы.

20 сакавіка 2000 году выйшла ў этэр першая перадача беларускага радыё зь Вільні – “Балтыйскія хвалі”.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

21 сакавіка 1840 году нарадзіўся бацька новай беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Менавіта ён канчаткова замацаваў за народам і краінай назвы “беларусы” і “Беларусь”. Адбылося гэта напрыканцы 19-га стагодзьдзя ў прадмове да зборніка вершаў Багушэвіча “Дудка беларуская”. А нарадзіўся ён у фальварку Сьвіраны на Віленшчыне. Цяпер гэта літоўская тэрыторыя, а Сьвіраны ператварыліся ў вёску, у якой бібліятэка носіць імя Францішка Багушэвіча.

Сярод іншых славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 21 сакавіка ў розныя гады, згадаем нямецкага кампазытара Ёгана Сэбастыяна Баха, ягонага расейскага калегу Мадэста Мусаргскага і слыннага эстонскага сьпевака Георга Отса.
XS
SM
MD
LG