Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне за вуліцу імя Васіля Быкава ў Наваполацку працягваецца


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Напачатку лютага ў Наваполацку зь ініцыятывы праваабарончай арганізацыі “Вясна Паазер’я” і актывістаў Задзіночаньня беларускіх студэнтаў пачаўся збор подпісаў гараджанаў пад прапановаю надаць вуліцы Кірава імя Васіля Быкава. Сабрана і перададзена ў гарвыканкам ужо некалькі сотняў подпісаў. І вось днямі ініцыятары кампаніі атрымалі афіцыйны адказ на згаданую прапанову старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Аляксандра Камарова.

Адказ быў такім: “Абгрунтаваных падставаў для перайменаваньня вуліцы Кірава не існуе”. Кіраўнік “вэртыкалі”, аднак, не адкінуў магчымасьці наданьня ў пэрспэктыве адной з новых гарадзкіх вуліц імя Васіля Быкава з улікам, як сказана, дакладных абставінаў і грамадзкіх меркаваньняў.

Пракамэнтаваць такое рашэньне уладаў я папрасіў аднаго з ініцыятараў збору подпісаў, праваабаронцу Зьміцера Салаўёва.

(Салаўёў: ) “Адказ старшыні Наваполацкага гарвыканкаму не вытрымлівае аніякай крытыкі. Па-першае, яны кажуць, што няма абгрунтаваных падставаў дзеля перайменаваньня вуліцы Кірава. Але насамрэч такія падставы ёсьць: Кіраў нічога добрага не зрабіў ні для Беларусі, ні для Наваполацку. А Быкаў – гэта наш самы вядомы суайчыньнік, самы вядомы пісьменьнік. А тое, што яны кажуць: магчыма, адной з новых вуліц горада нададуць імя Васіля Быкава – гэта таксама пустая абяцанка, бо ніякіх новых вуліц не прадбачыцца. У Наваполацку будуюць па два дамы ў год, і ўсе на вуліцы Маладзёвай. Камэнтуючы такі адказ, можна сказаць толькі адно: гэта проста фармальная адпіска”.

Мушу таксама сказаць пару словаў на конт гарадзкой тапанімікі. Наваполацак – горад малады, быў заснаваны ў 1958 годзе, і першыя тры гарадзкія вуліцы насілі такія назвы: Маладзёвая, Нафтавікоў і Лясная. Дык вось, з трох гэтых вуліцаў дзьве перайменавалі. Больш за тое, возеру Люхава – месцу адпачынку навапалачанаў, застойным часам надалі новае імя: Маладзёжнае. І хаця ў вуснах навапалачанаў яно па-ранейшаму застаецца Люхавым, у афіцыйных выканкамаўскіх дакумэнтах фігуруе пад новай назвай. Так што праблемы гарадзкой тапанімікі – і гэта датычыць ня толькі Наваполацку – не ў фінансавых выдатках, на што кожнага разу спасылаюцца ўлады, а ў адсутнасьці культуры, нацыянальнай сьвядомасьці і гістарычнага мысьленьня.

Што думаюць рабіць у такой сытуацыі ініцыятары кампаніі? Яны, паводле Зьміцера Салаўёва, рук ня склалі:

(Салаўёў: ) “Мы працягваем збор подпісаў жыхароў Наваполацка за вуліцу Васіля Быкава, і ўпэўненыя, што такая вуліца рана ці позна ў нас будзе”.
XS
SM
MD
LG