Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Андрэя Клімава, падрыхтоўка да “Беларускай рэвалюцыі” ідзе на поўную хаду


Алесь Дашчынскі, Менск Пяць дзён застаецца да аб’яўленай Андрэем Клімавым Беларускай рэвалюцыі. Нагадаю, што ў сваёй кнізе “Паўстаньне 2005” былы палітвязень, дэпутат Вярхоўнага Савету і прадпрымальнік Андрэй Клімаў выклаў свой плян падрыхтоўкі і правядзеньня рэвалюцыі. Яна павінна стартаваць 25 сакавіка а 15-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Удзельнікі мітынгу запатрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і адмены вынікаў рэфэрэндуму аб ягоным трэцім прэзыдэнцкім тэрміне. Спадар Клімаў запрапанаваў таксама стварыць Вышэйшую каардынацыйную раду Беларусі, якой будзе перададзена ўлада. У яе склад ён уключыў 30 вядомых апазыцыянэраў і мітрапаліта Філарэта. У гэтай жа кнізе спадар Клімаў зьмясьціў сьпіс беларускай эліты і нават разьмеркаваў пасады пасьля адстаўкі Лукашэнкі. Як ідзе падрыхтоўка да Беларускай рэвалюцыі і наколькі рэальна выглядаюць пляны Андрэя Клімава?

У кнізе “Паўстаньне 2005” спадар Клімаў усклаў падрыхтоўку акцыі на грамадзянскую ініцыятыву Хартыя 97, рух супраціву “Зубр” і Малады фронт. Гэтае рашэньне Андрэя Клімава і выклікала вядомы камэнтар сябра рады грамадзянскіх ініцыятываў “Свабодная Беларусь” Зьмітра Банадарэнкі: “Так як сэгмэнт вясковага дурня трывала ўтрымліваецца іншым палітыкам, Андрэй спрабуе захапіць рынак гарадзкіх вар’ятаў”.

Дык ці захапіў гэты рынак гарадзкіх вар’ятаў Андрэй Клімаў? Пытаньне да Зьмітра Банадарэнкі.

(Банадарэнка: ) “Тое, што Клімаў робіць нешта актыўна і перайшоў ужо ад фуршэтаў да акцый пратэсту, я гэта вітаю, таму што мы заўсёды трымаліся прынцыпу, што адзін пікет варты дзесяці фуршэтаў і дзесяці канфэрэнцый. Акцыі асабістай мужнасьці мы заўсёды віталі. Можна было б да нашых камэнтароў па Клімаву вярнуцца пасьля акцыі, а зараз ідзе акцыя – ну давайце павітаем мужнасьць чалавека і нейкія арганізацыйныя высілкі. Падрыхтоўка акцыі, як бы я там ні ставіўся да Клімава – заўсёды мужны крок, і ён можа яшчэ да яе не дайсьці, Клімаў можа трапіць у турму”.

Андрэй Клімаў цьвердзіць, што ні Хартыя 97, ні кааліцыя “Пяцёрка плюс” не падтрымалі ягоную акцыю, але актывісты-апазыцыянэры возьмуць у ёй удзел. А як ён ставіцца да згаданага камэнтара спадара Бандарэнкі аб “гарадзкіх вар’ятах”?

(Клімаў: ) “Сьмяецца той, хто сьмяецца апошнім, як у Кандрата Крапівы. Прапаную яму пасьмяяцца 26 сакавіка, калі хопіць сілаў”.

Паводле Андрэя Клімава, падрыхтоўка да Беларускай рэвалюцыі ідзе на поўную хаду, масавы мітынг у Менску адбудзецца ў плянаваны час. Акцыі рэвалюцыйных мітынгаў пройдуць па ўсёй краіне.

Але ў часе падрыхтоўкі гэтага палітычнага праекта супраць Клімава была ўзбуджана крымінальная справа за паклёп і зьнявагу Лукашэнкі. 9 сакавіка гарадзкая пракуратура перадала матэрыялы па гэтай справе ў Першамайскі суд Менска, прызначана судзьдзя, якая будзе весьці працэс. Андрэя Клімава вінавацяць у тым, што выказваньні зь ягоных кнігаў тыпу “шклоўскі гітлерок”, “хам і невук”, “забойца”, “раскрадальнік бюджэтных сродкаў” адносяцца да Лукашэнкі.

(Клімаў: ) “У любым выпадку, гэта не паўплывае на правядзеньне мерапрыемства 25 сакавіка, і я думаю, што Першамайскі суд ужо ня зможа паслужыць тым стрымліваючым фактарам для Беларускай рэвалюцыі і адхіленьня Лукашэнкі ад улады”.

Нагадаю, што раней Андрэй Клімаў быў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Яго прызналі вязьнем сумленьня. Клімаў быў вызвалены пасьля таго, як адбыў дзьве траціны прызначанага яму тэрміну.

Ці можна аднесьці аб’яўленую спадаром Клімавым Беларускую рэвалюцыю да піяр-кампаніі гэтага палітыка? У мінулым годзе ён заснаваў “Рух Андрэя Клімава” і заявіў пра намер пазмагацца за прэзыдэнцкую пасаду на выбарах 2006 года... Ці мяняе свае пляны спадар Клімаў?

(Клімаў: ) “Калі адбудзецца адхіленьне Лукашэнкі ад улады, хутчэй за ўсё, я ўжо і не буду выстаўляць сваю кандыдатуру, бо мне ўжо так гэта палітыка папярок горла, што я свае амбіцыі абмяжоўваю ўдзелам у Беларускай рэвалюцыі”.

Як ставіцца да Беларускай рэвалюцыі Андрэя Клімава сябра ўправы БНФ, мастак Аляксей Марачкін?

(Марачкін: ) “Гэта ўсё нармальна, таму што кожная акцыя, якая накіравана супраць рэжыму, яе трэба вітаць. Вынікі, канешне, залежаць ад людзей, якія будуць на плошчы. Некаторыя думаюць, што Андрэй Клімаў амаль што прыватызаваў гэтае сьвята, гэты дзень і гэтую плошчу. Гэта ня праўда. 25 сакавіка для кожнага сьвядомага беларуса застаецца вельмі важным.Усякая ініцыятыва, якая накіраваная супраць рэжыму – яе трэба вітаць, акрамя канешне гвалту, крыві і ўсяго астатняга. Трэба вучыцца ў нашых суседзяў, як гэта зрабілі ўкраінцы, чэхі, грузіны. У нас ёсьць папярэднікі”.

Беларуская рэвалюцыя Клімава – гэта толькі адна з акцыяў, прымеркаваных да 87-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай рэспублікі. Я нагадаю выставу твораў Уладзімера Крукоўскага. У сядзібе БНФ 24 сакавіка пройдзе сьвяточная вечарына, на якой вэтэраны адраджэньня прыгадаюць, як яны ўпершыню ў жыцьці сьвяткавалі Дзень волі. На 25 сакавіка прызначана вечарына ў Доме літаратара з нагоды 70-годзьдзя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Яшчэ на дзень Волі плянавалася ўзьдзьвіжаньне і асьвячэньне Звана Свабоды. Аднак майстры не пасьпяваюць да гэтай даты. Нагадаю, што ў сядзібе БНФ у Менску працягваецца збор ахвяраваньняў на Звон Свабоды. Ідэя яго стварэньня належыць скульптару Алесю Шатэрніку і мастаку Аляксею Марачкіну.

(Марачкін: ) “Па аналёгіі тых званоў свабоды, якія ёсьць у Брытаніі, Літве, Амэрыцы, наш Звон Свабоды будзе ўяўляць сабой недзе каля 120 кіляграмаў, даволі вялікі, на якім будзе выява Пагоні і словы аб свабодзе і пра чалавека, які павінен жыць у свабодзе. Гэта словы зь Бібліі Францішка Скарыны, пасьля словы Льва Сапегі, Кастуся Каліноўскага і Васіля Быкава. Вось чатыры такія цытаты, сьвятыя для нас. У будучым, пры добрай нагодзе, калі зьменіцца ў нас сытуацыя, то яго трэба ўзьняць, можа, на вежы спэцыяльна збудаванай, але ён у нас ужо будзе, будзе чакаць таго, каб загучаў на плошчы альбо Кастрычніцкай, к гэтаму часу яна можа па іншаму будзе называцца, альбо на плошчы Незалежнасьці. Звон загучыць, канешне, калі рэвалюцыя адбудзецца, звон загучыць”.
XS
SM
MD
LG