Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы ніколі ня згодзімся, каб мяжа Эўразьвязу праходзіла па Бугу”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Горадню наведаў польскі дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Конрад Шыманьскі. Ён — намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі ў справах грамадзянскіх свабодаў, юстыцыі і ўнутраных справаў і адначасова ёсьць сябрам дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах дачыненьняў зь Беларусьсю. Конрад Шыманьскі адказаў на пытаньні нашага гарадзенскага карэспандэнта.

Конрад Шыманьскі адзначае, што Эўрапарлямэнт мінулага скліканьня за пяць гадоў толькі двойчы прымаў дакумэнты ў справах Беларусі, а цяпер — за сем месяцаў прыняты ўжо тры рэзалюцыі. Гэтаму спрыяюць новыя дэпутаты — ад суседніх зь Беларусьсю краінаў, у прыватнасьці — польскія.

Беларусь — гэта вельмі важна эўрапейская праблема, гавораць яны. Роля Эўрапарлямэнту якраз у тым, каб зьвярнуць увагу урадаў эўрапейскіх краінаў, Эўрапейскай камісіі на тое, што гэтай праблемай трэба заняцца, зазначае Конрад Шыманьскі.

(Шыманьскі: ) “Што датычыць праграмы патрабаваньняў, дык яна заўсёды тая самая. Па-першае – выклікаць як мага мацнейшы ціск на ўрад Лукашэнкі, каб ён спыніў рэпрэсіі адносна апазыцыі і адносна незалежных мас-мэдыяў, каб пачаў прытрымлівацца асноўных крытэраў грамадзянскіх і палітычных правоў. І гэта будзе працяглае стуканьне ў дзьверы, заклік да ўсьведамленьня, што гэтая праблема знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, і што няма згоды сусьветнай грамадзкай думкі на тое, каб гэта адбывалася побач — за нашымі дзьвярыма”.

Важнай справай дэпутат Эўрапарлямэнту Конрад Шыманьскі лічыць заахвочваньне перш за ўсё Эўрапейскай камісіі выдаткоўваць болей грошай на дэмакратычныя сілы ў Беларусі, на беларускае грамадзтва. Найбольш аддаленай задачай зьяўляецца падрыхтоўка эўрапейскай грамадзкай думкі і палітыкаў, каб яны пачалі інтэнсіўна разважаць пра пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу ў далейшай пэрспэктыве за кошт усходніх краінаў.

(Шыманьскі: ) “У выпадку Ўкраіны, мне здаецца, гэта досыць блізкая пэрспэктыва, паколькі Ўкраіна выконвае ўсё больш крытэрыяў. У выпадку Беларусі мы маем для выкананьня вельмі доўгі шлях. Але мы мусім арыентаваць заходніх палітыкаў на тое, што мы ніколі ня згодзімся, каб мяжа Эўрапейскага Зьвязу праходзіла па Бугу, ня можа такога быць, каб ужо адбылося апошняе пашырэньне, бо Эўропа зьяўляецца шырэйшай. І калі частка яе палітыкаў лічыць, што Эўропу можна пашырыць за кошт Турцыі, то мы мяркуем, што вельмі несправядліва ў той жа час забывацца на Ўкраіну і Беларусь”.

Паводле Конрада Шыманьскага гэта тры асноўныя аспэкты, якімі займаюцца дэпутаты і якія Эўрапарлямэнт імкнецца рэалізаваць у сваіх дзеяньнях. Што датычыць самога беларускага грамадзтва, дык спадар Шыманьскі мяркуе, што ў Беларусі найбольшая колькасьць людзей — гэта тыя, хто маўчыць. Яны ня вераць у дапамогу, у тое, што Эўропа можа ўзяць адказнасьць за іхнюю краіну.

(Шыманьскі: ) “І ў гэтым наша супольная адказнасьць: ці здолеем мы гэтую маўклівую большасьць абудзіць, ці здолеем мы даць ёй надзею на тое, што нешта можа зьмяніцца. Гэта асноўная праблема Беларусі — адсутнасьць надзеі на зьмены”.

Але гэта – ня толькі праблема Беларусі, зазначае Конрад Шыманьскі. У зьвязку з гэтым ён гаворыць, што ў Эўропе прызвычаіліся да таго, каб па-над галовамі беларусаў займацца палагоджваньнем стасункаў з Расеяй, адносіны зь якой здаваліся значна больш важнымі.

(Шыманьскі: ) “Сёньня мы маем, па-першае, напамін, што гэтая цана вельмі высокая. Бо калі эўрапейскія палітыкі хочуць захаваць сваю сапраўднасьць, яны ня могуць цярпець сытуацыю, калі ў іх пад носам расьце дыктатура, паколькі гэта павінна сапсаваць ім меркаваньне аб саміх сабе”.

Па-другое, гаворыць дэпутат Шыманьскі, дачыненьні з Расеяй, як аказваецца, не такія простыя, і цана гэтых дачыненьняў будзе расьці. Але замоўчваньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі нічога не пабудуеш, нічога станоўчага не дасягнеш, гаворыць ён. І, такім чынам, Эўрапарлямэнт зрабіў важны крок, прызнаўшы беларускі рэжым дыктатарскім.

(Шыманьскі: ) “Гэтая рэзалюцыя служыць таму, каб паказаць рэальныя памеры праблемы, што мы маем дачыненьне не з паасобнымі выпадкамі, а з пасьлядоўнай палітыкай ураду пасярод Эўропы, які не выконвае ўсё большую колькасьць стандартаў грамадзянскіх правоў, і гэты факт ня можа быць няважным для эўрапейскіх кіраўнікоў”.
XS
SM
MD
LG