Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыкан забараніў каталікам купляць і чытаць трылер Дэна Браўна “Код Да Вінчы”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Апошнімі днямі Ватыкан распачаў наступ на ўсясьветны бэстсэлер – раман Дэна Браўна “Код Да Вінчы”. Хрысьціянам рэкамэндавана не купляць і нават не чытаць гэты трылер.

Барацьбу з раманам “Код Да Вінчы” ачоліў адзін зь вярхоўных кардыналаў, архіепіскап генуэскі Тарчызія Бэртонэ. У шэрагу інтэрвію ён заявіў, што кніга ўяўляе сабой мэтанакіраваную спробу дыскрэдытаваць Рымскую каталіцкую царкву ілжывымі маніпуляцыямі пра царкоўную гісторыю ў цэлым і пра ролю Хрыста ў прыватнасьці. Кардынал, якога называюць магчымым пераемнікам Папы Яна Паўла Другога, заявіў, што ён зьдзіўлены, як кніга, у якой безьліч памылак і наўмыснай хлусьні, магла мець такі посьпех.

У цэнтры кнігі – ідэя, што царква цягам стагодзьдзяў хавала той факт, што Ісус ажаніўся з Марыяй Магдаленай і што яна нарадзіла яму дзіця. Сюжэт уяўляе сабой раскрыцьцё доўгага ланцугу інтрыг, уключна з забойствамі, на якія ішла царква, каб схаваць гэтую нібыта праўду пра Хрыста і пра тое, што сапраўдная рэлігія ёсьць верай у жанчыну як багіню – а гэтая вера ўключае ў сябе і сэксуальныя рытуалы.

Аўтар кнігі Браўн і яе выдавец Даблдэй у адказ на крытыку цьвердзяць, што “Код Да Вінчы” – гэта мастацкі твор з прыдуманымі характарамі, у якім дасьледуюцца старадаўнія альтэрнатыўныя тэорыі пра паходжаньне хрысьціянства.

Экспэрты адзначаюць, што сучасныя афіцыйныя прадстаўнікі царквы скрайне рэдка крытыкуюць папулярную літаратуру. Аднак, тое, што 70-гадовы кардынал Бэртонэ рынуўся ў бойку, ёсьць выразнай прыкметай занепакоенасьці Ватыкану ўсясьветным посьпехам трылеру Браўна, які ўсяго за два гады быў прададзены ў колькасьці 25 мільёнаў асобнікаў на 44 мовах. Кніга застаецца ў дзесятцы бэстсэлераў у ЗША, Францыі, Бразыліі, Аргентыне, Вялікай Брытаніі – краінах зь вялікім працэнтам каталікоў. Ватыкан занепакоены, што кніга, у якой пабожны манах у імя веры забівае людзей, прадаецца нават у каталіцкіх крамах і яе можна бачыць у руках турыстаў, з дапамогаю якой яны адшукваюць у Рыме месцы, зьвязаныя зь гісторыяй хрысьціянства.

Скандал, які адбываецца вакол раману Дэна Браўна, даў падставу аналітыкам узгадаць, што ад 16 стагодзьдзя каталіцкая царква складала гэтак званы індэкс “Librorum Prohibitorum” – сьпіс кніг, якія яна асуджала. Першым часам, калі пад кантролем царквы знаходзіліся друкавальныя машыны, ніводная з гэтых кніг не магла быць выдадзеная. І хоць гісторыя гэтага сьпісу завяршаецца ў 1966 годзе, рэзкая крытыка Ватыканам “Коду Да Вінчы” ўключае яго аўтара Дэна Браўна ў вельмі паважаную кампанію пісьменьнікаў, зь якімі змагалася каталіцкая царква, а гэта – Флябэр, Свіфт, Стэндаль, Сартр.

Кніга “Код Да Вінчы” прынесла Дэну Браўну каля 140 мільёнаў фунтаў. У наступным годзе паводле яе выйдзе фільм з Томам Хэнксам у галоўнай ролі. “Sony Pictures” выкупіла правы на фільм болей як за 3 мільёны фунтаў.
XS
SM
MD
LG