Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў абарону палітвязьняў будзе працягвацца бестэрмінова


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску пяты дзень працягваецца вулічная акцыя пратэсту пад назваю: “Уратаваць Міхаіла Марыніча! Свабоду палітычным вязьням!”. Сёньня на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі беларускіх палітвязьняў стаяла больш за 50 чалавек. Удзельнікі гэтага ланцугу гавораць, што акцыя ў абарону палітвязьняў будзе працягвацца столькі, колькі ў іх хопіць сілаў.

18 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу Менска выйшлі актывісты моладзевага руху супраціву “Зубр”, грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя – 97”, арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама проста неабыякавыя людзі.

Вось ужо пяты дзень удзельнікі гэтай акцыі дамагаюцца вызваленьня Міхаіла Марыніча, лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева й Анатоля Шумчанку, а таксама пакараных адміністратыўным арыштам маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінкевіча і і актывіста “Зубра” Максіма Вінярскага.

Увесь гэты час міліцыя ўдзельнікам акцыі не перашкаджае. І я задаў каардынатару руху “Зубр” Яўгены Афнагелю пытаньне: “Які канкрэтны плён для палітвязьняў прыносіць гэтая акцыя?” Вось, што ён адказаў:

(Афнагель: ) “Тут варта адзначыць два моманты. Па-першае, мы прыцягваем увагу да той праблемы, якая існуе ў Беларусі, да праблемы палітычных зьняволеных Акцыя праводзіцца ў падтрымку ня толькі Міхаіла Марыніча, але й Леванеўскага, Васільева, Шумчанкі, тых хлопцаў, якія цяпер сядзяць на Акрэсьціна. А другое, канкрэтны вынік, што Міхаіла Марыніча перавялі ў Менск і магчыма будуць лячыць”.

(Карэспандэнт: ) “Як доўга вы зьбіраецеся ладзіць гэтыя акцыі пратэсту?”

(Афнагель: ) “Пакуль хопіць сілаў, пакуль не дасягнем вынікаў. Тэрмін не акрэсьлены”.

Сярод удзельнікаў акцыі быў і міжнародны каардынатар “Хартыі–97” Андрэй Саньнікаў. Вось, што ён сказаў:

(Саньнікаў: ) “Нас вельмі непакоіць тое, што зараз адбываецца з Марынічам. А тут зьявіліся іншыя патрабаваньні – вызваліць лідэраў прадпрымальніцкага руху. Я думаю, безумоўна, гэта дасьць свой плён. Ня сёньня, ня заўтра, але вынікі гэтых акцыяў будуць. Таму што толькі так мы можам цяпер выказваць свае патрабаваньні, толькі так, на жаль, мы можам паказаць у якой краіне мы жывем. І адстойваць свае свабоды й правы”.

Прадпрымальнікі з арганізацыі “Пэрспэктыва” таксама былі настроеныя вельмі рашуча, асабліва пасьля таго, як даведаліся, што іх лідэру Анатолю Шумчанку сёньня было прад’яўленае абвінавачваньне ў хуліганстве. Яны гавораць, што пераходзяць ад эканамічных патрабаваньняў да палітычных, сярод якіх галоўнае – “Свабоду палітзьняволеным!” Да гэтага іх таксама заклікаў ў распаўсюджаным сёньня звароце зьняволены лідэр прадпрымальніцкага руху Валер Леванеўскі.

Напрыканцы сёньняшняй акцыі невядомыя раскідалі з даху дому, што стаіць непадалёк ад прэзыдэнцкай адміністрацыі ўлёткі з надпісам “Свабоду Марынічу!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG