Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэру прадпрымальнікаў афіцыйна прад’явілі абвінавачаньне


Ул. інф. Кіраўніку прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатолю Шумчанку сёньня афіцыйна было высунутае афіцыйнае абвінавачваньне у хуліганстве.

Пра гэта паведаміў адвакат Аляксандар Галіеў. На час сьледзтва Шумчанка застаецца ў турме. Цяпер ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары. Лідэр прадпрымальніцкага аб’яднаньня павінен быў 11 сакавіка выйсьці на волю пасьля адбываньня 10 сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю 1 сакавіка акцыі пратэсту. Але ён быў абвінавачаны ў зьбіцьці сукамэрніка. Паводле адваката Галіева, сам Шумчанка лічыць гэтае абвінавачваньне правакацыяй, бо ніякіх канфліктаў з сукамэрнікам у яго не было.

(Галіеў: ) “Сёньня было прад’яўленае абвінавачаньне паводле артыкула 339 частка 1 (хуліганства). Ён быў дапытаны ў якасьці абвінавачанага. Мы на дадзены момант знаёмыя толькі з нашымі паказаньнямі. Адпаведна мы ня ведаем паказаньняў пацярпелага і сьведак, калі такія ёсьць”.

Паведаміў спадар Галіеў. Паводле адваката, праваахоўныя органы зьбіраюцца расьсьледаваць справу Шумчанкі цягам бліжэйшага месяца. Але пракуратура можа і падоўжыць тэрмін расьсьледаваньня. І толькі пасьля гэтая справа будзе накіравана ў суд. Зараз лідэр “Пэрспэктывы” знаходзіцца пад вартай. Ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары па вуліцы Валадарскага ў Менску.

Паплечнікі Шумчанкі абураныя такім разьвіцьцём сытуацыі. У прыватнасьці, віцебскі актывіст “Пэрспэктывы” Барыс Элькін лічыць абвінавачаньне надуманым:

(Элькін: ) “Чалавек наагул у жыцьці ня біўся, таму гэта поўнае глупства. Гэта танная фальсыфікацыя. Але як далёка яны зойдуць у сваім імкненьні сфабрыкаваць справу? Думаю, што для ўлады гэта нармалёвая практыка –падобным чынам ставіцца да сваіх апанэнтаў”.

Справу Шумчанкі большасць бізнэсоўцаў, якія бяруць зараз удзел у агульнанацыянальным страйку, лічаць палітычнай. Так мяркуе, напрыклад, лідэр рэчыцкіх прадпрымальнікаў Леанід Невар, які днямі выйшаў на волю пасьля адбыцьця 10-дзённага арышту за арганізацыю, паводле ягоных словаў, цяперашняй акцыі пратэсту:

(Невар: ) “Гэта ганьба нашаму ўраду. Гэта 1937-ы год. Хочуць зьліквідаваць усіх апанэнтаў, якія паўстаюць і кажуць уладзе, што яна няправільна паводзіць сябе ў дачыненьні да свайго народу. Да мяне ў камэру таксама падсажвалі людзей, якіх падсадзілі да Шумчанкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG