Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадліза Райс расказала Радыё Свабода пра візыт у Аўганістан


Юры Дракахруст, Прага Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, якая наведвае шэраг краінаў Азіі, учора сустрэлася з кіраўніцтвам Аўганістану. Тэмамі перамоваў былі аднаўленьне эканомікі гэтай краіны, барацьба з тэрарызмам і гандлем наркотыкамі. Падчас візыту спадарыня Райс дала інтэрвію нашаму радыё.

Падчас свайго візыту ў Кабул Кандаліза Райс некалькі разоў падкрэсьлівала, што падтрымка Злучанымі Штатамі Аўганістану ёсьць доўгатэрміновай стратэгіяй. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі яна заявіла:

(Райс: ) “Мы будзем падтрымліваць аўганскі народ на ўсім шляху стварэньня дэмакратычнага грамадзтва ў тым ліку падчас парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ўвосень. Мы маем намер працягваць дапамогу ў аднаўленьні Аўганістану. Нашыя краіны – саюзьнікі ў барацьбе з тэрарызмам. Калісьці Аўганістан быў галоўным аплотам тэрарызму. Зараз гэта адзін з пасьлядоўных барацьбітоў з тэрарызмам”.

У інтэрвію нашаму радыё ў адказ на пытаньне аб формах доўгатэрміновай амэрыканскай прысутнасьці ў Аўганістане дзяржсакратар ЗША сказала:

(Райс: ) “Мы яшчэ ня вызначалі, якой будзе нашая прысутнасьць тут, але мы пэўна зарыентаваныя на доўгатэрміновыя адносіны. Было ня надта добра, калі ў свой час Савецкі Саюз сышоў адсюль, і Злучаныя Штаты страцілі цікавасьць да аўганцаў. Цяпер аўганскі народ можа быць упэўненым, што ён будзе мець у нашай асобе сяброў і партнэраў на доўгі час”.

Адной з цэнтральных тэмаў перамоваў Райс з аўганскім кіраўніцтвам была праблема змаганьня з тэрарызмам, з талібамі і алькайдаўцамі. Спадарыня Райс сказала Радыё Свабода:

(Райс: ) “Перад намі таксама застаецца задача вызваліць Аўганістан ад тэрарыстаў як па гэты бок мяжы, гэтак і па іншы – у Пакістане. Але гэта былі выбітныя тры гады. У гэтым накірунку было зроблена вельмі шмат, і хаця зрабіць застаецца больш, чым зроблена, мы дасягнулі вялікага прагрэсу”.

Сёньня дзяржсакратар ЗША наведала Пакістан, дзе абмяркавала з прэзыдэнтам Мушарафам шляхі адказу на выклік тэрарызму.

Не адмаўляючы складанасьць праблемаў аднаўленьня Аўганістану і цяжару, які гэта ўскладае на саюзьніка Кабулу –Злучаныя Штаты, Кандаліза Райс ацэньвае сытуацыю аптымістычна.

(Райс: ) “Я ўбачыла Аўганістан краінай неверагодна энэргічнай і поўнай жыцьця. Аўганскі народ стаіць перад сур’ёзным выклікам – пасьля 25 гадоў грамадзянскай вайны пабудаваць моцную і ўстойлівую эканоміку. Гэта зойме пэўны час, у тым ліку і што да пытаньня гандлю наркотыкамі. Я спадзяюся, што аўганскія людзі прыслухаюцца да закліку прэзыдэнта Карзаі спыніць вырошчваньне маку, я ведаю, што ён заклікаў да гэтага”.
XS
SM
MD
LG