Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Украіны заклапочаны лёсам Марыніча


Валер Каліноўскі, Менск Новы міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк, знаходзячыся ў пятніцу ў Менску, з заклапочанасьцю выказаўся наконт лёсу асуджанага апанэнта Аляксандра Лукашэнкі экс-міністра Міхаіла Марыніча ды адносінаў беларускіх уладаў да апазыцыі. На прэсавай канфэрэнцыі украінскага міністра пабываў наш карэспандэнт.

Барыс Тарасюк упершыню пасьля доўгага перапынку прадстаўляў Украіну на паседжаньні Рады міністраў замежных справаў краінаў СНД. Ён падпісаў толькі 9 з 21 дакумэнтаў, якія разглядаліся на нарадзе, ды падкрэсьліў нязьменнасьць палітыкі эўрапейскай інтэграцыі новага ўраду Ўкраіны. Гэтая палітыка будзе сумяшчацца з супрацоўніцтвам з краінамі СНД ў той ступені, у якой гэта адпавядае інтарэсам Украіны, падкрэсьліў спадар Тарасюк.

Новая ўкраінская ўлада пераймае эўрапейскія стандарты і ў галіне правоў чалавека, ды будзе карыстацца гэтымі прынцыпамі ў сваіх адносінах з краінамі СНД, салідарызуючыяся з пазыцыяй Эўразьвязу,– заявіў Барыс Тарасюк.

Гаворачы пра асуджанага экс-міністра Міхаіла Марыніча, які міжнароднай супольнасьцю прызнаны вязьнем сумленьня, спадар Тарасюк выказаў заклапочанасьць і заявіў, што Ўкраіна будзе сачыць за ягоным лёсам:

(Тарасюк: ) “Мы будзем уважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі. У любым выпадку я хачу сказаць, што калі прадстаўнікі апазыцыі і апанэнты ўлады трапляюць у турму, то гэта ня можа не выклікаць пытаньні.”

Барыс Тарасюк зазначае, што новая украінская ўлада будзе пасьлядоўнай і не зьбіраецца перасьледаваць сваіх уласных апанэнтаў, ад якіх шмат цярпела пад час кіраваньня Кучмы. Трэба паважаць правы апазыцыі і змагацца зь ёю толькі адзіным спосабам – шляхам посьпехаў ва ўнутранай палітыцы, у дэмакратызацыі і дасягненьні лепшага дабрабыту народу, заявіў Барыс Тарасюк.

Барыс Тарасюк паведаміў таксама, што падчас ягоных перамоваў зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым ўздымалася пытаньне пра магчымую сустрэчу кіраўнікоў Украіны і Беларусі Віктара Юшчанкі і Аляксандра Лукашэнкі. Аднак пра верагоднасьць гэтай сустрэчы і магчымыя даты спадар Тарасюк нічога ня змог сказаць, паколькі зь Віктарам Юшчанкам у яго не было гутаркі на гэты конт.
XS
SM
MD
LG