Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 18 сакавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 18 сакавіка.

“Могилевскій вестник”, 1915 год. Паведамленьне Магілёўскага губэрнскага камітэту:

“…як высьветлілася са зносінаў з арміямі начальніка забесьпячэньня войскаў Паўднёва-Заходняга фронту, найбольш пажаданымі для ніжніх чыноў падарункамі зьяўляюцца: халодная бялізна, кароткія ручнікі, хусткі, анучы, сала для змазваньня ног у маленькіх баначках, мыла ў выглядзе яек, шавецкі тавар, скура, дратва і шыла для рамонту ботаў, ніткі, іголкі, гузікі і англійскія булаўкі, паштовая папера, канвэрты, алоўкі, папіросы, гарбата, кубкі для гарбаты, драўляныя лыжкі, складныя нажы, сладасьці”.

“Звязда”, 1945 год:

“Невялічкая, спакойная Свіслач у дні веснавой паводкі ператвараецца ў грозную бурную раку. Часам вада выходзіць з берагоў і затапляе прырэчныя вуліцы і прадпрыемствы, наносячы вялікія пашкоджанні і страты… Выканком Мінскага гарадскога Совета дэпутатаў працоўных вядзе энергічную падрыхтоўку да барацьбы з паводкай. Створана агульнагарадская камісія па барацьбе з паводкай, тры раённыя камісіі пры райсоветах і ў дапамогу ім 9 аператыўных троек… На ўсіх мастах устанаўляецца электраправодка. Масты ў начны час будуць асвятляцца”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год. Да другой гадавіны сьмерці кампазытара Міколы Равенскага:

“Акрамя апрацовак беларускага фальклёру, Мікола Равенскі напісаў таксама рад арыгінальных твораў. Ягоным капітальным творам была опэра “Браніслава”, напісаная ў 1928 г. на лібрэто зьнішчанага бальшэвікамі паэты Ул.Дубоўкі. Сюжэтам опэры была гаротная доля дзяўчыны Браніславы на службе ў пана. Бальшэвікі аднак расшыфравалі ўтоеную ідэю опэры, пазнаючы ў Браніславе акупаваную Беларусь, а ў пане — саміх сябе. Опэра была адразу-ж сканфіскаваная, а аўтару цудам удалося ўратавацца ад высылкі”.
XS
SM
MD
LG