Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск незадаволены сэмінарам у Вільні


Ул. інф. Беларускі МЗС рэзка адрэагаваў на правядзеньне ў Вільні сэмінару для прадстаўнікоў беларускіх недзяржаўных арганізацыяў з удзелам камісара Эўразьвязу Бэніты Фэрэра-Вальднэр. У адмысловай заяве, прынятай з гэтай нагоды, беларускае міністэрства абвінаваціла Эўразьвяз у “штучным абмежаваньні раўнапраўнага дыялёгу з Беларусьсю”.

Прэсавы сакратар МЗС Руслан Есін, камэнтуючы гэтую заяву, адзначыў, што “Беларусь лічыць непрымальным правядзеньне міжнародных канфэрэнцыяў па распрацоўцы дзеяньняў адносна канкрэтнай краіны ў фармаце, закрытым для гэтай краіны”.

Есін заявіў, што “патаемная распрацоўка і мэтавае фінансаваньне праектаў на тэрыторыі дзяржавы насуперак яе волі азначае парушэньне законаў гэтай дзяржавы”.

Як паведаміў сёньня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч, беларускі МЗС адмовіўся ад прапановы аб сустрэчы з камісарам Эўразьвязу Фэрэра-Вальднэр. Прычынай стала тая ж віленская канфэрэнцыя. Паводле Міхневіча, беларускі бок палічыў непрымальнымі мейсца і час правядзеньня прапанаванай сустрэчы.

Ён патлумачыў, што “прапаноўвалася сустрэцца ў Вільні, 18 сакавіка, а менавіта ў гэты дзень у гэтым горадзе праходзіць закрытая канфэрэнцыя антыбеларускай скіраванасьці, якая адбываецца без запрашэньня афіцыйных структураў Беларусі, нават без прадстаўнікоў пасольства Беларусі”.

“На гэтым фоне сустрэча з прадстаўнікамі Эўразьвязу, якія фактычна зьяўляюцца аўтарамі і ідэолягамі гэтай канфэрэнцыі, для Беларусі непрыймальна “ – заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі Аляксандар Міхневіч.
XS
SM
MD
LG