Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельшчына амаль на 20% зьменшыла экспарт у Расею


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельская вобласьць амаль на пятую частку зьменшыла экспарт сваіх тавараў у Расею. Зьмяншэньне экспарту тавараў у Расею адмыслоўцы зьвязваюць найперш з новымі дачыненьня дзьвюх дзяржаваў у пытаньнях спагнаньня падатку на даданую вартасьць.

Распавядае эканаміст дэпартамэнту рэгіянальных продажаў аб’яднаньня “Гомсельмаш” Ларыса Самусенка:

(Самусенка: ) “Найперш мы адсеялі тых пакупнікоў, якія не маглі гарантаваць нам сплачваньня падатку на даданую вартасьць. Паўплывала таксама на экспарт нясвоечасовая распрацоўка нарматыўных дакумэнтаў. І, канечне, зьменшыліся кошты на нашы камбайны. Адпаведна і экспарт упаў на 18%”.

З падобнымі праблемамі ў сувязі з новым парадкам спагнаньня падатку на даданую вартасьць сутыкнуліся і іншыя экспартэры. Да прыкладу, акцыянэрнае таварыства “Гомельдрэў” зьменшыла пастаўку мэблі ў Расею за студзень-люты на 400 тысяч даляраў.

(Бажанаў: ) “Гэта пэўная перашкода ў тавараабароце з Расеяй”, — сьцьвярджае камэрцыйны дырэктар таварыства Аляксей Бажанаў.

Паводле статыстычных зьвестак, рэгіён стаў меней экспартаваць у Расею ня толькі мэблі, але і харчу, прадукцыі хімічнай, нафтаперапрацоўчай прамысловасьці, мэталавырабаў ды іншага.

(Канавалава: ) “Экспарт у Расею фактычна склаў сёлета ў параўнаньні зь леташнім 81,3%. Канечне, пачатак году — гэта яшчэ не паказьнік. У сувязі з новымі ўмовамі Расія як бы прыглядалася да Беларусі, а Беларусь — да Расеі. Каб мець добрыя экспартныя паказьнікі, неабавязкова гандляваць толькі з Расеяй. Цяпер экспарт у рэгіёне зарыентаваны больш за ўсё на далёкае замежжа. Расея — неабавязкова. Усё ж мы гандлюем амаль з 90 краінамі сьвету”, — паведаміла прадстаўніца абласной управы статыстыкі спадарыня Лілія Канавалава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG