Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Часопіс “ARCHE” цяпер ня будуць прадаваць і ў Віцебску


Браніслава Станкевіч, Віцебск Да апошняга часу прадпрыемства “Аблкнігагандаль” штомесяц замаўляла некалькі дзясяткаў асобнікаў выданьня, нягледзячы нават на тое, што ў Менску браць гэты часопіс на рэалізацыю ў дзяржаўных крамах ужо адмовіліся.

У віцебскім “Аблкнігагандлі” адмовіліся ўзяць на рэалізацыю нумары часопіса “ARCHE”, якія напярэдадні адмыслова замаўлялі паводле запытаў з кнігарняў.

Як кажа віцебскі распаўсюднік “ARCHE” Віктар Сьцяпанаў, у Віцебску попытам карысталіся ня толькі сьвежыя, але і ранейшыя нумары выданьня, якія “Аблкнігагандаль” пэрыядычна прасіў прывезьці зь Менску. У тым ліку быў замоўлены і той вядомы чацьверты нумар часопіса за мінулы год, які дасьціпныя чытачы назвалі “лукашэнкаўскім”, і зь якога пачаліся праблемы з рэалізацыяй у менскіх кнігарнях.

Як кажа спадар Сьцяпанаў, сёньня і віцебскія таваразнаўцы сказалі, што болей гэтага часопіса браць ня будуць. Спаслаліся яны на тое, што кнігарні вобласьці і так перапоўненыя.

(Сьцяпанаў: ) “Таваразнаўца з “Аблкнігагандлю” ня згадвала ніякіх палітычных прычынаў. Яна толькі сказала, што ў кнігарнях сабралася вельмі шмат кніжак, якія не пасьпяваюць прадаваць. І таму не плянуе “Аблкнігагандаль” болей браць часопіс “ARCHE”. Але адначасова з гэтым яна згадала, што літаральна сёньня яны атрымалі чатыры тысячы кніжак з Масквы”.

У “Аблкнігагандлі” параілі зьвярнуцца ў “Белсаюздрук”, каб дамовіцца пра продаж часопіса ў шапіках. І дадалі, што гэтая парада зыходзіць ад кіраўніцтва іхнае гандлёвае сеткі. Аднак досьвед менскіх распаўсюднікаў сьведчыць пра тое, што “ARCHE” не бяруць на рэалізацыю і ў “Белсаюздруку”.
XS
SM
MD
LG