Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапановы Лукашэнкі наконт ПДВ могуць зьнішчыць дробны бізнэс


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі прадказваюць заняпад у Беларусі дробнага бізнэсу ў выпадку захаваньня падатку на даданую вартасьць. Нагадаем, ад 1 сакавіка беларускія прадпрымальнікі ў шэрагу рэгіёнаў працягваюць страйк супраць падатковага новаўвядзеньня.

Сёньня ў многіх рэгіёнах адбыліся прадпрымальніцкія сходы, дзе была абмеркавана прапанова Лукашэнкі захаваць падатак на даданую вартасьць. Адзін з такіх сходаў прайшоў у Воршы. Тутэйшых гандляроў, як паведаміў іхны лідэр Аляксандар Сталяроў, абурылі аргумэнты прыхільнікаў захаваньня падатку:

(Сталяроў: ) “Паводле Лукашэнкі, прадпрымальніцкае асяродзьдзе крымінальнае, таму, маўляў, трэба нашы капіталы выводзіць зь ценю, што не адпавядае сапраўднасьці. Насельніцтву ўбіваюць у галаву, што прадпрымальнікі нібыта ня хочуць плаціць падаткаў. Гэта няпраўда. Ён кепска ставіцца да прадпрымальнікаў. Па-другое, няясна, чым ён кампэнсуе нам падатак на даданую вартасьць. Таму што праз арэндную плату немагчыма 18% кампэнсаваць”.

Падобных меркаваньняў прытрымліваюцца і многія прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку. Паводле іхнага лідэра Валера Шаўчэнкі, прапановы Лукашэнкі насамрэч скіраваныя на заняпад у краіне дробнага бізнэсу:

(Шаўчэнка: ) “Ніводнага пункту прагрэсіўным назваць нельга. Таму што, па-першае, гэта часовае рашэньне. Па-другое, дзяржава працуе на тое, каб праз два-тры гады гэтай галіны, дробнага бізнэсу, увогуле не было. Ніводнае пытаньня кардынальна ня вырашана. Самае балючае пытаньне — падаткі на даданую вартасьць (які б варыянт ня быў выбраны) — застаецца. Пасьля ўчорашняй прамовы ўсе нічога не разумеюць”.

Дарэчы, бізнэсоўцы гэтых гарадоў сёньня працягвалі страйк. Гэтак жа, як бізнэсоўцы Барысава, Слуцку, Івацэвічаў і іншых рэгіёнаў, для якіх акцыя пратэсту доўжыцца ўжо 18 дзён.

Тым часам, дробныя прадпрымальнікі Менску з учорашняга дня далучыліся да ўдзельнікаў штодзённай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Яны пратэстуюць супраць зьняволеньня лідэра грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, якому інкрымінуецца зьбіцьцё сукамэрніка, а таксама супраць зьняволеньня вядомых гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага і Аляксандра Васільева, якіх улады абвінавацілі летась у паклёпе на прэзыдэнта Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG