Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры замежных краінаў СНД спрабуюць выратаваць Садружнасьць?


Валер Каліноўскі, Менск У Менску прайшло чарговае паседжаньне Рады міністраў замежных справаў краінаў СНД. Аляксандар Лукашэнка заклікаў яго ўдзельнікаў “склеіць і выратаваць Садружнасьць”. Міністры зь сямі краінаў СНД праігнаравалі паседжаньне, прыслаўшы замест сябе намесьнікаў.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, які сустракаўся зь міністрамі замежных справаў краінаў СНД перад пачаткам іх паседжаньня, Садружнасьць незалежных дзяржаваў упершыню за ўвесь пэрыяд існаваньня перажывае такі “крытычны момант”, што ўжо гучаць размовы пра непатрэбнасьць СНД, зьяўляюцца тэндэнцыі да расколу.

А.Лукашэнка прызнаў, што практычна ўсе рашэньні, якія прымаюцца ў рамках Садружнасьці, не выконваюцца. Ён зазначыў, што толькі міністры замежных справаў могуць “склеіць і выратаваць Садружнасьць”.

Задачу чарговага рэфармаваньня СНД і ягоных статутных органаў паставілі лідэры краінаў на мінулым саміце ў Астане. І сёньня міністры замежных справаў ухвалілі прапановы экспэтраў на гэты конт, якія будуць разглядацца кіраўнікамі дзяржаваў на наступным саміце, што пройдзе ў жніўні ў Казані. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў паведаміў, што роля самітаў будзе ўзрастаць, яны пазбавяцца другарадных пытаньняў парадку дня, канцэнтруючыся на стратэгічных.

Паводле Сяргея Лаўрова, ня ўсе пытаньні адносна рэфармаваньня канчаткова ўзгодненыя, але разуменьне ў іх неабходнасьці ёсьць ва ўсіх. Рэфармуючы Садружнасьць, міністры заклікалі “ісьці ад жыцьця”, беручы пад увагу перш за ўсё ўзаемадзеяньне ў галіне барацьбы з тэрарызмам, надзвычайнымі здарэньнямі, наркатрафікам і распаўсюджваньнем зброі. Пытаньне аб тым, што некаторыя краіны СНД гатовыя выйсьці з арганізацыі, у прыватнасьці, Украіна, Сяргей Лаўроў дыпляматычна абышоў, сказаўшы, што ўкраінскі міністар Барыс Тарасюк упершыню актыўна ўдзельнічаў у сёньняшнім паседжаньні.

(Лаўроў: ) “Удзел нашага калегі з Украіны сьведчыць пра зацікаўленасьць усіх краінаў у тым, каб гэтая рэформа адбылася і прывяла да падвышэньня якасьці нашай працы ў рамках Садружнасьці. Таму я ня буду разважаць на тэму, хто і калі зьбіраецца выходзіць з СНД. Пакуль я такіх настрояў не заўважыў”.

Тым ня менш, пра тое, што Садружнасьць становіцца ўсё менш прывабнай арганізацыяй для яе сябраў, сьведчыць факт ігнараваньня нарады большасьцю міністраў замежных справаў краінаў СНД. У Менск прыехалі толькі чатыры міністры. Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Арменіі, Азэрбайджану, Грузіі, Кіргістану, Малдовы прыслалі замест сябе намесьнікаў. А дэлегацыю Ўзбэкістану ўвогуле ўзначальваў выканаўца абавязкаў сталага прадстаўніка пры органах СНД.

Гл. таксама • Лукашэнка: СНД перажывае крызыс
XS
SM
MD
LG