Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыбары ў Магілёве: удзельнічаюць і кандыдаты ад апазыцыі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У нядзелю, 20 сакавіка, у Магілёўскай вобласьці адбудуцца давыбары ў абласны савет. Галасаваньне пройдзе ў чатырох акругах, дзе абраныя раней дэпутаты аблсавету бралі ўдзел у парлямэнцкіх выбарах і атрымалі мандаты дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

У дзьвюх акругах у давыбарах дэпутатаў абласнога савету бяруць удзел мясцовыя дэмакраты. У Магілёўскай Мірнай акрузе балятуецца лідэр абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў, а ў Крычаўскім раёне — прадпрымальнік і рэдактар недзяржаўнай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны.

Датэрміновае галасаваньне цяпер праходзіць малаактыўна. Аднак Сяргей Няроўны спадзяецца, што ў нядзелю людзі прыйдуць на выбары.

(Няроўны: ) “Усё ж такі спадзяюся, бо ёсьць і альтэрнатыўны кандыдат, таму павінны прыйсьці. Мы цяпер з улёткамі працуем, кампанія “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, і ўсё ж людзі хочуць прыйсьці і аддаць свой голас. Іншая справа, што ня ўсе вераць, што гэта будуць чэсныя вырабы”.

У цяперашняй сытуацыі Сяргей Няроўны невысока ацэньвае свае шанцы на перамогу — у выбарчых камісіях няма прадстаўнікоў апазыцыі, не на ўсіх участках працуюць назіральнікі, таму немагчыма кантраляваць сытуацыю. Аднак Няроўны ўпэўнены, што самы важны вынік яго выбарчай кампаніі — гэта кантакт зь людзьмі.

(Няроўны: ) “Гэта галоўнае, што ёсьць кантакт з выбаршчыкамі і магчымасьць выказаць ім свае думкі, каб людзі ведалі, што ёсьць альтэрнатыва ў Крычаве. І заўсёды я лічу, што браць удзел у выбарах трэба, каб ісьці і пагаварыць зь людзьмі. Яны чакаюць гэтага”.

Уладзімер Шанцаў скардзіцца на перашкоды ў агітацыйнай кампаніі. Напрыклад, кандыдату ад апазыцыі так і не ўдалося дамовіцца на сустрэчу ў буйной вайсковай частцы Міністэрства ўнутраных справаў, якая будзе галасаваць у закрытым рэжыме.

Тым ня менш, Шанцаў у апошнія дні перад выбарамі не спыняе пакватэрнага абыходу дамоў у сваёй акрузе.

(Шанцаў: ) “Сустрэчы з выбаршчыкамі ад дзьвярэй да дзьвярэй — гэта самая плённая частка працы. І я бачу твары людзей, жаданьне, каб хоць хто-небудзь што-небудзь у гэтым жыцьці зьмяніў, таму што многія ўжо кажуць, што мала ў што можна верыць, што дэпутаты толькі абяцаюць. І я буду працаваць для людзей, каб вярнуць павагу і веру людзей у тое, што ад іх залежыць іх будучыня”.

Давыбары ў Магілёўскі абласны савет адбудуцца ў нядзелю, 20 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG