Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шэф тэлеканалу “Мір” звольніў журналіста за “рэвалюцыю бярозавых венікаў”


Ігар Карней, Менск Паралельна з сустрэчай у Менску міністраў замежных справаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў быў прэзэнтаваны тэлевізійны канал “Мір”, які таксама фінансуецца краінамі СНД. Дзеля гэтага ў беларускую сталіцу прыехаў старшыня тэлерадыёкампаніі Віктар Сенін, які расказаў пра жорсткія патрабаваньні да ідэйных поглядаў супрацоўнікаў кампаніі: прынамсі, журналісты, якія сымпатызавалі аранжавай рэвалюцыі, на “Міры” не затрымаліся.

Улады буйных расейскіх гарадоў, сярод якіх Масква і Санкт-Пецярбург, пакуль што адмаўляюцца ад трансьляцыі каналу “Мір”. Таму ідэю адзінага каналу, арыентаванага на спажыўцоў у межах СНД, даводзіцца рэалізоўваць у больш спрыяльных рэгіёнах — такіх, як Беларусь, Кіргістан, Казахстан. Сёньня кіраўнік тэлерадыёкампаніі “Мір” Віктар Сенін называў у якасьці ўзору для перайманьня палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

(Сенін: ) “Паклон вашаму прэзыдэнту, які б’ецца галавой з тым, каб нацыянальныя сьпевакі, нацыянальная музыка гучала. Бо, прыкладам, я ўключаю свайму ўнуку казку “Пунсовая кветачка”, а ў яго ўжо іншы мазгавы рытм, яму трэба, каб галовы ляцелі. І ён у чатыры гады тупы”.

Спадар Сенін распавёў, што неадкладна вырашае лёс супрацоўнікаў, якія не падзяляюць агульнай палітыкі кампаніі. Пакуль што “чысткі” тычацца расейскага офісу.

(Сенін: ) “Літаральна напярэдадні майго ад’езду ў Менск вызвалены ад пасады наш палітычны аглядальнік, вымову атрымаў дырэктар службы інфармацыі. За што? За вялікую прагу сказаць так, як гаворыць Першы канал ці нейкі іншы. Ну, хочацца ім аранжавай рэвалюцыі, а датычна да Расеі — рэвалюцыі “бярозавых венікаў”. Але калі ў цябе іншы пункт гледжаньня, калі такі разумны, дык ідзі ў іншую кампанію, ідзі на Першы канал і займайся гэтым. І я прыбраў чалавека неадкладна, у адзін дзень”.

Дазвол на прызначэньне кіраўніка міждзяржаўнай тэлекампаніі “Мір” даюць кіраўнікі краінаў СНД, дзе мяркуецца пачатак вяшчаньня каналу. Але расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў перакананы, што, перадусім, Расея зацікаўленая ў інфармацыйнай прысутнасьці на тэрыторыі СНД.

(Кавалёў: ) “Усе без выключэньня фэдэральныя каналы ўжо ператвораныя ў кіраваныя дзяржаўныя каналы. Ну, і цудоўна. Калі я кажу, што ўсё ў парадку, мэты сваёй улада дасягнула, то маю на ўвазе досыць разумную ўладу зь нізкімі, цынічнымі мэтамі. Дзеля агульнага ўяўленьня гэтага ўжо дастаткова. Між тым, інтэлігенцыя згадала старыя прыёмы: чытаць між радкоў”.
XS
SM
MD
LG