Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На захадзе Віцебшчыны распрацоўваюцца маршруты гастранамічных тураў


Іна Студзінская, Менск У заходніх рэгіёнах Віцебскай вобласьці распрацоўваюцца турысцкія маршруты гастранамічных тураў. Браслаўскі, Верхнядзьвінскі, Глыбоцкі, Міёрскі і Пастаўскі раёны возьмуць удзел у праекце адраджэньня нацыянальных кулінарных традыцыяў, які распрацаваны Латвіяй і Літвой і закліканы стымуляваць разьвіцьцё сельскага турызму ў памежных рэгіёнах.

Беларусь, на жаль, не зьяўляецца разьвітай турыстычнай краінай. Але ёсьць тут патэнцыял – непаўторная прырода. Дарэчы, сельскі і экалягічны турызм быў разьвіты яшчэ да рэвалюцыі. У ХІХ стагодзьдзі памешчык Наркевіч-Ёдка прымаў у сваім маёнтку замежнікаў і лекаваў іх кумысам. Напачатку ХХ стагодзьдзя доктар Здановіч запрашаў гараджанаў на мінэральныя воды. Так узьніклі Ждановічы. Пра прыгажосьць Нарачы ды іншых азёраў – што тут і казаць...

Цягам паўгоду беларускі бок павінен прадставіць праекты турысцкіх маршрутаў і перадаць іх на разгляд Рады эўрарегіёну “Азёрны край” (куды ўваходзяць памежныя раёны Віцебскай вобласьці, Латвіі і Літвы). Адным з накірункаў супрацоўніцтва зьяўляецца разьвіцьцё сельскага турызму, а фінансуе гэтыя праекты ТАCIS. Галоўны спэцыяліст Упраўленьня зьнешнеэканамічных сувязяў і інвэстыцыяў Віцебскага аблвыканкаму Людміла Ільіна спадзяецца на станоўчы вынік.

(Ільіна: ) “Беларусі вельмі цяжка прабіцца па гэтых усіх праектах. Заўсёды было цяжка. Зараз быццам бы паслабленьні будуць – на роўных будзе Беларусь выступаць. Партнэры ўсе заходнія, з Эўрапейскай камісіі, і Беларусь. Але пакуль пра гэта гаварыць рана”.

Чым, акрамя непаўторнай прыроды, прыгажосьці і чысьціні азёр можна прывабіць турыстаў? Натуральна, добрым сэрвісам і нацыянальнай кухняй. Замежныя турысты ўжо стаміліся ад экзотыкі, многіх вабіць менавіта непаўторная прырода, а замест камфартабэльнага чатырохзорнага яны выбіраюць так званы “адзін бусел” – начлег на сенавале.

Як вядома, у беларускіх вёсках кавярняў, рэстарацыяў і нават сталовак няма, таму гатаваць турыстам будзе гаспадыня, якая прымае гасьцей. Яна павінна прывабіць іх нацыянальнай кухняй, смачнымі беларускімі стравамі. Эдвард Зайкоўскі, гісторык, які напісаў не адну кнігу пра беларускую нацыянальную кухню, выказаў такое меркаваньне:

(Зайкоўскі: ) “Наконт заходніх турыстаў ня ведаю. Там у іх крыху іншыя крытэрыі. Сучасныя заходнія абывацелі “памяшаныя” на кульце таго, каб ежа была здаровай, каб ежа не ўтрымлівала розных канцэрагенаў, халестырыну, карацей, каб была дужа дыетычнай… А можа, падчас адпачынку, наадварот, ім хочацца расслабіцца і чаго-небудзь для экзотыкі паесьці дужа тлустага ці дужа вострага”.

Наша бліжэйшая суседка Літва вельмі інтэнсіўна разьвівае зараз менавіта сельскі турызм. Летам мне давялося пабываць ў вельмі прыгожым месцы непадалёку ад Тракаю – у вёсцы Аўкштадварыс. Прырода там непаўторная, ёсьць чысьцюткае возера. Былыя настаўнікі Ёнас і Гражына, якія цяпер на пэнсіі, летам прымаюць замежных турыстаў з Нарвэгіі, Ізраілю, Нямеччыны. Месцы ў іх вельмі ўтульным катэджы на беразе маляўнічага возера замаўляць трэба загадзя. Іншаземцы ў захапленьні ад нацыянальнай літоўскай кухні. Распавядае Гражына Улявічэне:

(Улявічэне: ) “Падабаюцца літоўскія стравы, канешне. У нас сем’і зь дзецьмі бываюць, нарвэжцы такія непераборлівыя, яны вельмі любяць нашы тракайскія “кібенай”. Немцам вельмі падабаюцца нашы “банкухены” – такія высокія пірагі. Яны нават дахаты іх вязуць з сабой”.

Літоўская прырода і нацыянальная кухня вельмі падобная да беларускай. А азёры на Віцебшчыне ня горшыя за літоўскія. Дый паспрачацца зь літоўцамі можна, чыя нацыянальная страва, да прыкладу, калдуны (якія нашы суседзі называюць цэпэлінамі)... Якімі смачнымі рэцэптамі можна зьдзівіць турыстаў?

Мой добры знаёмец, навуковец-мовазнаўца Іван Яшкін, які гадоў 30 езьдзіў ў экспэдыцыі па беларускіх вёсках, сабраў больш за 500 арыгінальных рэцэптаў грыбных страваў. Ён прапануе два самых простых:

(Яшкін: ) “Нацерці на драчку бульбы, перамалоць баравікі сушаныя, салам заправіць, шкваркамі, і паставіць у лёгкую печку”.

(Карэспандэнтка: ) “І гэта атрымліваецца нешта кшталту “бабкі”?”

(Яшкін: ) “Так, вельмі смачна. Лісічкі бяз солі, безь нічога адварыць (лісічкі павінны быць па памеру прыкладна аднолькавыя, каб не псавалі выгляд стравы). Ваду зьліць і потым жарыць ў алеі да залацістага колеру…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG