Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаночае п’янства ў Беларусі расьце як вынік сацыяльнай няўпэўненасьці


Вячаслаў Кулік, Менск 18 сакавіка ў жаночым ЛТП на Магілеўшчыне адбудзецца датэрміновае вызваленьне групы пацыентак. Яны былі першымі сярод асуджаных на так званую лекава-працоўную тэрапію пасьля адмены ў Беларусі забароны на прымусовае лячэньне жанчын ад алькагалізму. Паводле нарколягаў, зараз колькасьць так званых кандыдатак на накіраваньне ў ЛТП перавышае 34 тысячы чалавек. Чаму ў 21-м стагодзьдзі Беларусь вярнулася да архаічных мэтадаў ізаляваньня хворых жанчынаў ад грамадзтва?

Пра датэрміновае вызваленьне пацыентак ў жаночым лекава-працоўным прафілякторыі паведаміў начальнік гэтай установы Анатоль Котаў. Паводле палкоўніка міліцыі, да зьмяншэньня колькасьці спэцкантынгенту вымушае, апрача ўсяго, зімовае беспрацоўе й эканомія сродкаў.

(Котаў: ) “Летам у нас утрымлівалася 240 чалавек, а на зіму крыху вызвалілі”.

Жаночы ЛТП у Беларусі быў адноўлены паводле патрабаваньня Лукашэнкі: “Загнаць усіх пітушчых і лянівых у ЛТП”. Кіраўнік дзяржавы заявіў таксама, што гэтыя ўстановы для алькаголікаў ня будуць “курортнымі мясьцінамі”, а пацыенты “павінны дзень і ноч працаваць, выкараняючы дурныя звычкі”. Паводле палкоўніка Котава, цяпер ад жаночага ЛТП патрабуюць яшчэ й самаакупнасьці, што амаль немагчыма.

(Котаў: ) “За імі такія “хвасты” пазыкаў цягнуцца! Таму трэба добры заробак атрымліваць, каб жыць на самаакупнасьці. Увосень мы на лён езьдзілі, летам – на праполку. Узімку, канечне, заробкі не зусім. Ёсьць кантроль: унутраныя войскі, 2-я рота, жанчыны таксама выяжджаюць зь ім”.

Адноўлены жаночы ЛТП у Беларусі па-ранейшаму называюць прафілякторыем, хаця праваабаронцы ня бачаць адрозьненьняў гэтай спэцустановы ад турмы. Гаворыць выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Парадак перамяшчэньня ў ЛТП адпаведных людзей і ўмовы іх утрыманьня нельга лічыць нічым іншым, як пазбаўленьнем волі. Менавіта такім чынам глядзяць на гэтую працэдуру міжнародныя арганізацыі й міжнародныя стандарты”.

На думку Алега Гулака, улада дэкляруе лячэньне алькаголікаў у ЛТП, а насамрэч пазбаўляе іх волі і тым самым маскіруе маштабы нацыянальнай трагедыі. Жаночае п’янства як вынік сацыяльнай няўпэўненасьці расьце ў Беларусі найбольш хуткімі тэмпамі. Лічбы несуцяшальнай статыстыкі называе галоўны нарколяг Беларусі Уладзімер Максімчук.

(Максімчук: ) “Ад пачатку года мы назіраем 34 тысячы жанчын. У параўнаньні з папярэднім годам павелічэньне на 14 адсоткаў”.

Мэдыкі гавораць таксама, што тэмпы росту жаночага алькагалізму цяпер у паўтара разы вышэйшыя, чым мужчынскага.
XS
SM
MD
LG