Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная кампанія “БеСТ” – тыповы камэрцыйны праект, лічаць адмыслоўцы


Юлія Шарова, Менск Трэці апэратар стандарту GSM – кампанія “БеСТ” – пачне працаваць ужо сёлета. Пра гэта заяўляюць прадстаўнікі Міністэрства сувязі. Гэтымі днямі якраз разглядаецца пытаньне пра выдачу ліцэнзіі гэтай кампаніі. Меркавалася, што праект стане сацыяльна арыентаваным, аднак цалкам дзяржаўная кампанія “БеСТ” пакуль хоча разьвівацца так, як звычайна разьвіваюцца ўсе кампаніі, арыентаваныя найперш на атрыманьне прыбытку й заваяваньне рынку.

Якія пляны ставіць перад сабой кампанія “БеСТ” на пачатковым этапе разьвіцьця й чаго ад трэцяга апэратара сотавай сувязі патрабуе ўрад? Намесьнік міністра сувязі Іван Рак цьвердзіць: умовы ліцэнзіі для “БеСТа” будуць прыкладна тыя, што й патрабаваньні, якія вылучаліся летась у часе абвяшчэньня тэндэру на атрыманьне ліцэнзіі трэцяга апэратара сотавай сувязі стандарту GSM. Таксама ва ўмовах ліцэнзіі будуць улічаныя патрабаваньні кіраўніка дзяржавы – зрабіць паслугі сотавай сувязі даступнымі для ўсіх слаёў насельніцтва. Але пры гэтым, паводле заяваў спадара Рака, “БеСТ” пачне сваю дзейнасьць зусім не з “уздыманьня Палесься”.

(Рак: ) “У першы год працы апэратара “БеСТ” павінны быць пакрытыя Менск і ўсе абласныя цэнтры. Але мы ня можам дыктаваць умовы, каб пачынаць адразу з малых населеных пунктаў, вы ж разумееце, што кампанія спачатку павінна неяк раскруціцца. А далей павінны быць пакрытыя цягам 2-3 год усе асноўныя транспартныя магістралі. Мы плянуем, што цягам трох-чатырох год павінна быць пакрытая тэрыторыя, дзе пражывае 90 адсоткаў насельніцтва”.

Хоць урад і хоча, каб кампанія пачала працаваць ужо сёлета, пытаньне пра крыніцы яе фінансаваньня яшчэ ня вырашаныя. Са словаў Івана Рака, хутчэй за ўсё гаворка будзе ісьці пра замежныя крэдыты, выдадзеныя пад гарантыю ўраду. Не абвешчаны пакуль і тэндэр на дастаўку абсталяваньня для “БеСТа”. Паводле розных ацэнак, кампаніі спатрэбіцца 150-200 мільёнаў даляраў, каб пасьпяхова стартаваць на айчынным рынку сотавай сувязі.

Ці магчыма ў сёньняшняй сытуацыі на гэтым рынку сапраўды аказваць паслугі сотавай сувязі па “сацыяльных” тарыфах? Аглядальнік газэты “Мобильный мир” Андрэй Манкевіч лічыць, што кампанія “БеСТ” – гэта тыповы камэрцыйны праект.

(Манкевіч: ) “Паводле той інфармацыі, што паступае, праект ня будзе сацыяльна накіраваным, а будзе звычайным камэрцыйным праектам, толькі з большымі прэфэрэнцыямі з боку дзяржавы. Пакуль не зусім зразумела, як будуць выглядаць гэтыя прэфэрэнцыі. Трэба, каб нехта ўзяў на сябе пэрсанальную адказнасьць за тое, што ільготы будуць выгадныя дзяржаве. Не зусім зразумела, хто гэта будзе рабіць з боку “БеСТа”, і ці возьме ён на сябе абавязаньні, што грошы нейкім чынам вернуцца дзяржаве”.

Што да рэальнай магчымасьці зьнізіць тарыфы ды пры гэтым яшчэ й атрымаць прыбытак, то ў цяперашняй сытуацыі, на думку спадара Манкевіча, гэта нерэальна. Зэканоміць грошы ня ўдасца, нават калі трэці апэратар будзе працаваць часткова на абсталяваньні, зробленым айчыннымі вытворцамі. (Гаворка ідзе пра радыёрэлейныя станцыі, якія будуць выпускаць на маладзечанскім заводзе “Спадарожнік”).

Нагадаем, што кампанія “БеСТ” – гэта цалкам дзяржаўнае прадпрыемства, якое было створанае ў канцы мінулага году. Належыць яно навукова-вытворчаму аб’яднаньню “Агат” (ягоная доля больш за 70 адсоткаў) і аб’яднаньню “Белтэлекам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG