Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сродкі з канцэртаў і імпрэзаў пойдуць на падтрымку студэнтаў ЭГУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 18 сакавіка ў Беластоку адкрылася пяцідзённая канфэрэнцыя “Польшча – Беларусь”, у часе якой, сярод іншага, будзе арганізаваны збор сродкаў на дапамогу студэнтам ЭГУ, якія вучацца ў гэтым горадзе.

Арганізатары канфэрэнцыі – сябры Незалежнага аб’яднаньня студэнтаў беластоцкага ўнівэрсытэту і сябры Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) – падрыхтавалі ў яе межах надзвычай вялікую колькасьць імпрэзаў: лекцыі, выставы, канцэрты, фільмы.

Удзельнікі канфэрэнцыі – а гэта ў асноўным студэнты і грамадзкія дзеячы зь Беласточчыны, але таксама і звычайныя жыхары гораду, ужо пасьпелі паглядзець некалькі фільмаў, прысьвечаных Беларусі, у тым ліку фільм аб жыцьці і творчасьці Васіля Быкава “Вяртаньне”, ці сустрэцца зь пісьменьнікам Сакратам Яновічам.

У праграме таксама шмат канцэртаў – ад бардаўскіх да рокавых, у часе якіх будуць зьбірацца грошы для студэнтаў ЭГУ, што вучацца ў Беластоку.

Арганізатары кажуць, што галоўная мэта канфэрэнцыі – пазнаёміць жыхароў Беласточчыны з сытуацыяй у Беларусі, беларускай культурай, што павінна дапамагчы ім пазбавіцца стэрэатыпаў у адносінах да беларусаў. А гэта, як выглядае, патрэбна.

(Жыхар Беластоку: ) “Гэта вельмі файная імпрэза, я рады, што наведаў яе. Хачу больш ведаць пра нашых усходніх суседзяў. Але сытуацыя ў Беларусі, на жаль, прывяла да таго, што двухбаковыя дачыненьні нашых краінаў толькі пагаршаюцца, калі казаць шчыра”.
XS
SM
MD
LG