Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачынаецца сустрэча міністраў замежных справаў краінаў СНД


Уладзімер Глод, Менск 18 сакавіка ў Менску, у выканкаме Садружнасьці незалежных дзяржаваў, пачынаецца сустрэча міністраў замежных справаў краінаў СНД. Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў, якія сёлета зьбіраюцца ўжо трэці раз, мусяць прапанаваць канцэпцыю рэфармаваньня органаў Садружнасьці. А ў жніўні ў Казані ўжо кіраўнікі дзяржаваў зьбіраюцца яе канчаткова зацьвердзіць і павесьці СНД у больш сучасным рэчышчы. На гэтым тле ўзьнікае пытаньне: як успрымаюць у Менску сёньняшнюю сустрэчу – ці выклікае яна дадатковую цікавасьць, альбо да яе адносяцца як да звычайнага, чарговага мерапрыемства?

Зьнешне выглядае, што зацікаўленасьць у сустрэчы ў Менску ёсьць. Вось адна характэрная рыса: рух аўтамабіляў у цэнтры Менску сёньня будзе абмежаваны, паведамляе Дзяржаўтаінспэкцыя Беларусі. А на вуліцах Камсамольскай і Кірава і наагул забаронены. Усё робіцца, каб праца была плённай. А што тычыцца прагнозаў наконт рэфармаваньня і далейшага лёсу Садружнасьці, дык тут, зразумела, лепш паслухаць людзей, якія маюць да гэтага непасрэднае дачыненьне. Напрыклад, кіраўніка беларускай дзяржавы, які нядаўна сказаў так:

(Лукашэнка: ) “Мы ня ставім сваёй мэтай зруйнаваць СНД. Але мы гэтае пытаньне абмяркоўвалі”.

Тры дні таму пытаньне пра пэрспэктывы Садружнасьці задавалі і амбасадару Казахстану ў Беларусі Газізу Алдамжараву. І вось як прагучалі ягоныя разважаньні:

(Алдамжараў: ) “Лёс СНД складаны. Ня скажаш, зразумела, што СНД зусім не патрэбны. Чаму? Ды таму што на палітычным узроўні ён патрэбны. Калі цяжка, дык мы зьвяртаемся адзін да аднаго. Алё сёньня мы мусім вызначыцца наконт будучыні Садружнасьці, якой мы хочам яе бачыць. Мы лічым, што першапачаткова патрэбна выпрацаваць канцэпцыю Садружнасьці – ці гэта дыскусійны клюб для прэзыдэнтаў, ці гэта нармальна працуючая арганізацыя? Казахстан сёньня хоча яе бачыць нармальна працуючай міжнароднай арганізацыяй”.

У чым сутнасьць рэфармаваньня Садружнасьці? Пытаньне быццам бы і простае, але адказаць на яго вельмі складана. Таму, што, падобна, мала хто ведае пра гэта нешта канкрэтнае. Розныя чыноўнікі ахвотна ўжываюць словы “рэфармаваньне”, “рэструктурызацыя”, “аптымізацыя” ды ім падобныя, але што рэальна стаіць за гэтымі тэрмінамі сказаць цяжка.

Я праглядаў многа матэрыялаў, якія тычацца непасрэдна сёньняшняй сустрэчы, і знайшоў наступнае. Магчыма, будзе створаная стала дзеючая нарада кіраўнікоў сілавых структураў СНД. Гэта – раз. Другое – прапануюць на базе статыстычнага цэнтру стварыць інфармацыйна-прагнозны цэнтар Садружнасьці. Трэцяе – інвэнтарызацыя органаў галіновага супрацоўніцтва ў межах СНД. Чацьвёртае – утварыць адзіную гуманітарную прастору. Пятае – склікаць форум творчай інтэлігенцыі Садружнасьці. Ёсьць там яшчэ нешта, але такога, каб адразу можна было сказаць: вось, паглядзіце, сапраўды прапануецца нешта надзвычайнае, я не заўважыў. Але пачакаем да вечара, можа, ёсьць нешта такое, пра што пакуль мала каму вядома.

У сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ёсьць яшчэ адзін вельмі цікавы і важны аспэкт. Напачатку тыдня новы міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк заявіў пра неабходнасьць узьняць праблему захаваньня правоў чалавека ў Садружнасьці. Думаю, што ад кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі варта чакаць новых вострых заяваў. Многія аналітыкі зьвярнулі ўвагу на інтэрвію Барыса Тарасюка ўкраінскаму тэлебачаньню 27 лютага. Ён назваў СНД несур’ёзнай структурай і нагадаў, што фармальна Ўкраіна не зьяўляецца сябрам СНД, паколькі яна не падпісвала статут гэтай арганізацыі.

І мне падаецца, што рэакцыя на выказваньні спадара Тарасюка абавязкова будзе. Многія ж баяцца, што цяпер Украіна будзе экспартаваць “памаранчавую рэвалюцыю”, хаця ва ўчорашнім нумары расейскай газэты “Коммерсантъ” Барыс Тарасюк гэта абвяргае. Але я хачу вярнуцца да правоў чалавека і падкрэсьліць, што ўпершыню правы чалавека ўздымаюцца на ўзровень усёй Садружнасьці.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька падкрэсьлівае, што цяпер у сьвеце правы чалавека становяцца ня проста дэкляраванымі ідэаламі, а сапраўднай нормай усясьветнага жыцьця, якая надае стабільнасьць чалавецтву:

(Процька: ) “А што тычыцца краінаў СНД, тут ёсьць адна цікавая акалічнасьць – ёсьць дакумэнт, які дэкляраваны і які акрэсьлівае межы выконваньня правоў чалавека на постсавецкай прасторы. Але гэты дакумэнт яшчэ вельмі недасканалы. І тое, што новы міністар замежных справаў Украіны гаворыць пра гэта ўголас, гэта вельмі добрая зьява трэцяга тысячагодьдзя. Але гэта толькі першы крок, гэта ў муках нараджаецца новае стаўленьне да чалавека, да яго суадносінаў з дзяржавай. І гэта вельмі станоўча. І вельмі станоўча, што новыя дэмакратыі, маладыя дэмакратыі, такія як ва Ўкраіне, бачаць шлях дзяржаўнага разьвіцьця менавіта праз выкананьне правоў чалавека. Гэта такія прыкметы часу, ад якіх сэрца проста заходзіцца ад радасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG