Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Менску адбылася акцыя ў падтрымку Марыніча (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск На Кастрычніцкай плошчы Менску прайшла ўжо чацьвертая на гэтым тыдні вулічная акцыя пад назваю: “Уратаваць Міхаіла Марыніча!”. Асноўны лёзунг – “Свабоду палітычным зьняволеным!”

Удзельнікі акцыі дамагаюцца вызваленьня Міхаіла Марыніча, лідэраў прадпрымальніцкага руху Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева, Анатоля Шумчанку, а таксама актывістаў “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча й Артура Фінкевіча і руху “Зубр” Максіма Вінярскага. Сёньня да ўдзельнікаў акцыі далучыліся прадпрымальнікі з арганізацыі “Пэрспэктыва”.

У сёньняшняй акцыі пратэсту брала ўдзел прыкладна 40 чалавек – у асноўным актывісты руху “Зубр”, “Хартыі–97” і арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”.

Людзі з партрэтамі Міхаіла Марыніча, Валера Леванеўскага, Аляксандра Васільева і Анатоля Шумчанкі ў руках, цягам паўгадзіны стаялі ў ланцугу неабыякавых людзей.

Гаворыць прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) “У нашай краіне ёсьць некалькі палітвязьняў. Гэта людзі, якія трапілі ў турму за свае палітычныя погляды. Зразумела, што ніякіх злачынстваў яны ня зьдзейсьнілі. Злачынцы заўсёды баяцца сьвятла й увагі людзей. І таму калі мы выносім злачынствы ўлады на сьвет, яна гэтага палохаецца”.

Удзельнікі акцыі гавораць, што плён ад іхнага ланцугу ёсьць. Усё больш людзей даведваюцца пра тое, што ў Беларусі ёсьць палітычныя зьняволеныя. Сярод удзельнікаў акцыі быў сын Міхаіла Марыніча Павал. Вось, што ён сказаў беларускай Свабодзе:

(Марыніч: ) “Сытуацыя з іншадумцамі ў гэтай краіне заканчваецца тым, што гэтых людзей альбо забіваюць, альбо кідаюць у турмы. Прыдумваюць ім фальшывыя абвінавачваньні. І тое, што людзе сёньня выйшлі… Я думаю, што з кожным днём нас будзе больш і больш. Гэта самае галоўнае на сёньняшні дзень і яшчэ зламаць страх у людзей. Таму, што хто калі ня мы?”

Да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту далучыліся актывісты арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва”. Лідэр гэтай арганізацыі Анатоль Шумчанка за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка быў арыштаваны на 10 сутак, а цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары нібыта за тое, што пабіў свайго сукамэрніка. Гаворыць актывістка “Пэрспэктывы” Лідзія Сітава:

(Сітава: ) “ Мы лічым, што павінны далучыцца да гэтай акцыі пратэсту, бо тое, што адбываецца ў гэтай дзяржаве не паддаецца ніякай лёгіцы. Шумчанка павінны былі вызваліць. А потым яму прыпісваюць тое, чаго ён не зьдзяйсьняў. А гэта ўжо – поўнае беззаконьне”.

Прадстаўнікі арганізацыі “Пэрспэктыва” прыдумалі яшчэ адну акцыю ў падтрымку палітзьняволеных. У гэтыя выходныя яны зьбіраюцца выставіць партрэты Анатоля Шумчанкі, Міхаіла Марыніча, Валера Леванеўскага й Аляксандра Васільева на кожным гандлёвым месцы на ўсіх рынках Беларусі.

17.03.2005 free political prisoners17.03.2005 free political prisoners
17.03.2005 free political prisoners17.03.2005 free political prisoners
17.03.2005 free political prisoners17.03.2005 free political prisoners
XS
SM
MD
LG